Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, чаму патрэбны мір ва Ўкраіне і калі яго змогуць дасягнуць

Аляксандар Лукашэнка, 16 кастрычніка 2026 году
Аляксандар Лукашэнка, 16 кастрычніка 2026 году

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расеі і Ўкраіна могуць дамовіцца аб заканчэньні вайны сёлета або ў наступным годзе.

«І гэты мір будзе. Калі ня сёлета, то налета. Я абсалютна перакананы», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, у дасягненьні міру зацікаўленыя і Расея, і Ўкраіна.

«Так, Расея больш магутная, моцная, яна яшчэ доўга можа ваяваць. Але ўсё роўна зьнясільваньне вельмі моцнае, уплыў на эканоміку велічэзны, вы гэта таксама бачыце. Каму гэта прыемна і патрэбна? Расейцы гэта разумеюць, яны гатовыя да міру», — мяркуе Лукашэнка.

Украінцам, калі яны ня пойдуць на мірнае ўрэгуляваньне сёлета, у наступным годзе будзе яшчэ складаней, а потым і немагчыма будзе, — перакананы ён.

У гэтым кантэксьце Лукашэнка загадаў, што ЗША прапануюць Расеі скасаваць санкцыі, калі яна пойдзе на дамоўленасьці з Украінай.

«Але калі не пайсьці на дамоўленасьці з Украінай, то ў будучым годзе будзе яшчэ горш. І санкцыі захаваюцца, нават калі Расея захопіць усю тэрыторыю Ўкраіны. Калі шчыра, ня факт, што з намі і з расейцамі побач нехта будзе стаяць», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка мяркуе, што шэраг чыньнікаў падштурхоўваюць да міру і Ўкраіну, і Расею, бо немагчыма далей весьці такія ваенныя дзеяньні, — дадаў ён.

Асобна ён згадаў аб гуманітарным аспэкце вядзеньня вайны, на якой людзі гінуць, атрымліваюць раненьні і становяцца інвалідамі.

«З гэтых гуманітарных, чалавечых меркаваньняў там патрэбны мір. І ён будзе дасягнуты. Хацелася б, каб ужо ў будучым годзе гэтая вайна закончылася. А калі ў гэтым, то ўвогуле прыгажосьць. Мы — за гэта і ў гэтым дачыненьні будзем рабіць усё. Любыя войны заканчваюцца мірам. Таму лепей раней, чым пазьней», — адзначыў Лукашэнка.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.

Што варта ведаць пра цяперашнія санкцыі супраць Беларусі

2020 год

Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да гэтых і наступных санкцый далучаліся таксама іншыя краіны, у тым ліку партнэры ЭЗ.

Першапачаткова гэта былі пераважна візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў для чыноўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для іншых асобаў, падазраваных ва ўдзеле ў рэпрэсіях і фальсыфікацыях выбараў.

2021 год

Эўразьвяз увёў эканамічныя сэктаральныя санкцыі пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

Сярод іншага, Эўразьвяз тады ўвёў абмежаваньні на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.

Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў таксама ўвялі падобныя эканамічныя санкцыі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.

У сьнежні 2021 году Эўразьвяз увёў пакет санкцыяў у сувязі зь міграцыйным крызісам, абвінаваціўшы афіцыйны Менск і Маскву ў «гібрыднай агрэсіі» супраць ЭЗ і выкарыстаньні нелегальнай міграцыі як зброі. Новыя санкцыі ЭЗ тычыліся 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, чые актывы замарожваліся. Падобныя ж санкцыі тады ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

2022-2025 год

У лютым 2022 году расейскія войскі скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну, а ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны яны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для абстрэлу Ўкраіны.

У сувязі з гэтым у лютым 2022 году пра новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі ЗША, Канада і Эўразьвяз. Гэтыя санкцыі тычыліся шэрагу беларускіх чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама прадпрыемстваў. Цягам наступных месяцаў, свае аналягічныя санкцыі ўводзілі Карэя, Японія і шэраг іншых краінаў.

Ад 2022 году ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны Эўразьвяз зрабіў яшчэ больш за дзясятак санкцыйных крокаў адносна Беларусі. Мноства санкцый увялі таксама ЗША ды іншыя краіны. Сярод крокаў Эўразьвязу былі наступныя:

  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 3 чэрвеня 2022 году ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу былі ўключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, сэрбскі бізнэсовец Багалюб Карыч, які меў інтарэсы ў Беларусі, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак. Таксама ЭЗ ухваліў адключэньне ад SWIFT «Белінвестбанку» і ўвёў новыя санкцыі супраць Беларуськалію, Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмаша і Белтэлерадыёкампаніі.
  • 3 жніўня 2023 году ЭЗ дадаў у санкцыйныя сьпісы яшчэ 38 асобаў — пераважна судзьдзяў і начальнікаў калёніяў, а таксама прапагандыстаў Вадзіма Гігіна і Ксенію Лебедзеву. Пад санкцыі трапілі і тры прадпрыемствы — Белнафтахім, ААТ «Менскі электратэхнічны завод» і ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»
  • 29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія да таго ўвёў супраць Расеі. У прыватнасьці ЭЗ абмежаваў пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі перадавацца ў Расею празь Беларусь. Гэта тычылася тавараў і тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў. Таксама ўвялі забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
  • 24 лютага 2025 году ў 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу было ўключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл» — вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі.
  • 27 сакавіка 2025 году Эўразьвяз увёў санкцыі яшчэ супраць 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, РУП «Беларускія лятарэі», ТАА «Рыдота», ААТ «Плянар», РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі», а таксама ТАА «Цыбулька-Бел» з аграгарадку Гуды Лідзкага раёну (Горадзенская вобласьць). Уладальнікам «Цыбулькі-Бел» зьяўляецца дэпутат фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў. Сярод асобаў пад санкцыямі апынуліся кіраўнікі вышэйназваных прадпрыемстваў, судзьдзі, чальцы ЦВК і партыі «Белая Русь».
  • 18 ліпеня 2025 году Эўразьвяз ухваліў 18-ы пакет санкцыяў, у тым ліку супраць беларускіх банкаў, кампаніі «Легмаш», і прадпрыемстваў вайсковай прамысловасьці.

2026 год

  • 23 красавіка Эўрапейскі Зьвяз ухваліў 20-ты пакет санкцыяў супраць Расеі, у які трапіла і Беларусь. На яе распаўсюдзілі забарону на экспарт у краіну тавараў, якія выкарыстоўваюць перадавыя тэхналёгіі. ЭЗ таксама забараніў аказаньне паслугаў у сфэры кібэрбясьпекі ў дачыненьні да дзяржаўных органаў Беларусі і структураў, што дзейнічаюць ад іх імя. Упершыню ў санкцыйны сьпіс трапіў турызм. ЭЗ вырашыў забараніць працу турагенцтваў і турапэратараў, паслугі гідаў і рэкляму турыстычных паездак у Беларусь. Для кантрактаў, якія ўжо дзейнічаюць, прадугледжаны кароткі пераходны пэрыяд.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG