Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая палітзьняволеная Алена Лазарчык расказала, як у калёніі адмаўлялася шыць форму сілавікам

Група вызваленых палітзьняволеных жанчын з спэцпасланьнікам прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам пасьля вызваленьня. Алена Лазарчык першая зьлева. 16 верасьня 2026 году
Група вызваленых палітзьняволеных жанчын з спэцпасланьнікам прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам пасьля вызваленьня. Алена Лазарчык першая зьлева. 16 верасьня 2026 году

Актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык вызвалілі і вывезьлі ў Літву 16 верасьня пасьля перамоў спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у ліку груры з 25 палітвязьняў.

Былая палітзьняволеная Алена Лазарчык расказала ў інтэрвію выданьню «Люстэрка» пра тое, як за кратамі супраціўлялася ціску і адмаўлялася шыць форму сілавікам.

Алена Лазарчык на момант арышту 30 сьнежня 2021 году была актывісткай «Эўрапейскай Беларусі», а раней — прыхільніцай БНФ, «Маладога фронту» і «Зубра». У верасьні 2022 году Алену асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку артыкулу 361-1 аб «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня», а ў калёніі ёй дадалі яшчэ 1,5 года вязьніцы.

«Мусарам шыць ня буду»

Жанчына згадала першы дзень ў калёніі пасьля карантыну, калі яе накіравалі на працу ў швейным цэху. Гэта было ў студзені 2023 году. Калі Алена даведалася, што ёй прыйдзецца шыць форму для міліцыянтаў, то спачатку спрабавала ўхіліцца ад працы нібыта з прычыны стану здароўя.

«Тлумачыла: маўляў, ня бачу, не магу. Спадзявалася, дадуць іншую працу», — згадала былая палітзьняволеная. Але ўрэшце жанчына зразумела, што ўсё бессэнсоўна, і тады наўпрост заявіла сваю пазыцыю: «Мусарам шыць ня буду».

Лазарчык падала пісьмовую адмову ад працы і вырашыла далей прынцыпова трымацца прынятага рашэньня. За гэта яе адразу пакаралі зьмяшчэньнем ў ШЫЗА (унутраны штрафны ізалятар з больш жорсткім рэжымам. — РС), а пасьля некалькіх такіх пакараньняў зьмясьцілі ў ПКТ («памяшканьне камэрнага тыпу», таксама з абмежаваньнямі, куды зьмяшчаюць парушальнікаў. — РС). Агулам Алена адседзела больш за 90 дзён у ШЫЗА і больш за 60 дзён у ПКТ. Жанчына схуднела, у яе абвастрыліся хваробы. Алене не дазвалялі спатканьняў, абмежавалі ліставаньне з сваякамі, ад апэратыўных супрацоўнікаў яна чула пагрозы на свой адрас, але не саступала.

У выніку ўвесну 2025 году Алену зноў судзілі, цяпер паводле ч. 2 артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаванням адміністрацыі калёніі». Палітзьняволенай прызначылі яшчэ паўтара году калёніі ў дадатак да васьмі гадоў паводле выраку першага суду.

Пасьля суду для адбыцьця пакараньня палітзьняволеную перавялі ў калёнію № 24 у гарадзкім пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёну, куды зьмяшчаюць паўторна асуджаных. Але і там Алена адмовілася ад працы, калі выявілася, што зноў трэба абшываць сілавікоў.

«На 24-й гэта працягнулася. Туды мяне перавялі ў чэрвені 2025-га, адразу вызначылі на „трыкатажку“. Спачатку там ішла цывільная прадукцыя — майкі, трусы, начнушкі... Нейкі час я працавала. Потым нам „падагналі“ вайсковыя кашулі і кадэбэшныя майкі. Натуральна, убачыўшы гэта, пішу адмову. І пачынаецца: ШЫЗА і ШЫЗА, а потым ПКТ. Адседжваю паўгоду, выходжу. На „трыкатажцы“ зноў цывільная прадукцыя. Адпрацоўваю дзень. Увечары пасьля зьмены шпацырую па „лакалцы“ (двары на тэрыторыі калёніі. — РС), падыходзіць загадчык гаспадаркі: „Цябе пераводзяць у іншую брыгаду“. Чаму? Незразумела. Ніхто такога не плянаваў. Наадварот, дзялілі працэсы, разьмяркоўвалі, хто чым зоймецца. Пытаю ў людзей з брыгады, у якую мяне пераводзяць: „Дзяўчаты, а што вы шыеце?“ — Яны: „Вайсковыя курткі“. Тады зразумела, з чым усё зьвязана. Першы дзень пайшла на зьмену, думала, можа, акрамя формы, будзе нешта яшчэ, якія-небудзь штаны працоўныя. Не. Я адразу ж напісала адмову. Мяне зноў пасадзілі ў ШЫЗА», — расказала Алена Лазарчык.

«Я хачу цябе зламаць»

З ізалятару Алена выйшла праз 15 дзён з разуменьнем, што ніякай іншай працы ёй усё роўна не дадуць. Яна, як кажа, вырашыла «спрасьціць задачу да мінімуму».

«Зьбіраю рэчы — „туалетку“, мыла, ручнік — і, калі ўсе пайшлі на зьмену, падыходжу да КПП і кажу: „Я на вашу фабрыку не пайду. Рабіце што хочаце“. Так было некалькі разоў. У выніку на Зарэччы адсядзела 145 дзён у ШЫЗА і дзевяць месяцаў у ПКТ», — падлічыла Алена Лазарчык тэрміны дадатковага пакараньня ў ПК-24.

Паводле жанчыны, аднойчы начальнік апэратыўнага аддзелу Саманчук сам патлумачыў ёй, чаму яе не пакінулі працаваць на вырабе цывільнай прадукцыі.

«Сказаў мне простым тэкстам: „Я хачу цябе зламаць“. На што я яму адказала: „Глядзіце самі не абламайцеся“».

Жанчына мяркуе, што ў гэтым умоўным двубоі перамога засталася за ёю, бо зламаць яе так і не змаглі і неўзабаве вызвалілі.

Як вызвалілі Алену Лазарчык

16 верасня 2026 году спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джон Коўл паведаміў пра вызваленьне 25 чалавек па памілаваньні ў выніку перамоваў з Лукашэнкам. Усіх іх прымусова вывезьлі на тэрыторыю Літвы. Сярод вызваленых была і Алена Лазарчык.

Жанчына цяпер жыве за межамі Беларусі, шукае працу. З малалетнім сынам, якому на момант яе арышту было 8 гадоў, Алена яшчэ не бачылася, кантактуе зь ім праз тэлефон. Цяпер для сына робяць дакумэнты, каб маці змагла зь ім сустрэцца.

Былы муж Алены, вядомы актывіст Сяргей Мацкойць памёр у 2023 годзе, калі жанчына была ў гомельскай жаночай калёніі.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG