Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэністан зьмяніў правілы ўезду для грамадзянаў Беларусі, і гэта ня першая краіна сёлета

Туркмэністам, ілюстрацыйнае фота
Туркмэністам, ілюстрацыйнае фота

Цяпер трапіць у гэтую азіяцкую краіну можна зусім па-іншаму, чым гэта адбывалася да кастрычніка.

З 1 кастрычніка Туркмэністан увёў электронныя турыстычныя візы для замежных турыстаў. У тым ліку гэта тычыцца й беларусаў.

Акрамя новага віду візы, якая патрабуецца для прыезду ў краіну, цяпер для ўезду ў Туркмэністан не патрэбнае афіцыйнае запрашэньне, якое зацьвярджала міграцыйная служба краіны.

З 1 кастрычніка ў Туркмэністане пачалі дзейнічаць электронная віза e-TU, бізнэс-віза і гуманітарная віза. Атрымаць яе можна на працягу сямі працоўных дзён. У тэрміновым парадку візу выдаюць за тры дні, а экспрэс-візу — за 24 гадзіны. Кошт залежыць ад тыпу і тэрміну афармленьня.

Раней замежным турыстам для наведваньня гэтай краіны патрабавалася афіцыйнае запрашэньне. Для гэтага ім трэба было зьвяртацца да мясцовай ліцэнзаванай турфірмы.

Цяпер улады вырашылі скасаваць патрэбу такога дакумэнту для ўезду замежніка.

Што было дагэтуль?

Туркмэністан сёлета вырашыў зьмяніць міграцыйнае заканадаўства ў бок большай лагоднасьці да замежнікаў.

Увесну для турыстаў спрасьцілі міграцыйны ўлік. З красавіка 2026 у электронны фармат перавялі рэгістрацыю замежнікаў. Цяпер, калі замежнікі хочуць знаходзіцца ў краіне больш за тры працоўныя дні, дадзеныя аб месцы знаходжаньня можа падаць як прымаючы бок, так і сам турыст — праз інтэрнэт.

На асобных памежных пунктах прадугледзелі імгненную рэгістрацыю з выкарыстаньнем біямэтрыі.

Візы з іншых краінаў

Сёлета ўжо некалькі краінаў зьмянілі свае візавыя патрабаваньні або падыход да выданьня візаў, што закранула й беларусаў.

Напрыклад, Казахстан заявіў, што ўводзіць у тэставым рэжыме платныя электронныя дазволы ETA для ўезду замежнікаў. Абавязковай новая сыстэма стане не адразу, а паэтапна. На першай стадыі, з 1 лістапада ETA будзе патрэбная для ўезду праз аэрапорты.

Таксама электронныя візы ўвялі для турыстаў улады Нэпалу, норму зацьвердзілі ад 17 жніўня. Электронныя візаў дзейнічаюць для ўсіх замежных падарожнікаў.

Разам з тым, у некаторыя краіны беларусам трапіць стала цяжэй. У студзені Злучаныя Штаты прыпынілі апрацоўку іміграцыйных візаў, у тым ліку для беларусаў. Зрэшты, на турыстычныя паездкі гэтая пастанова не паўплывала.

А вось рашэньне Італіі прыпыніць выдачу візаў праз «жывую чаргу» можа істотна ўскладніць паездкі беларусаў у гэтую краіну, якая да нядаўнага часу лічылася адной з найбольш лагодных для беларускіх грамадзян сярод краінаў Эўразьвязу.

Акрамя таго, стала складаней прыляцець у Каба-Вэрдэ — гэты экзатычны кірунак на захадзе Афрыкі раней быў месцам адпачынку некаторых беларусаў. Раней дазвол на ўезд у гэтую краіну беларусы маглі атрымаць у аэрапорце па прылёце пасьля папярэдняй рэгістрацыі ў афіцыйнай сыстэме EASE. Але затым на Каба-Вэрдэ адмовіліся ад спрошчанага візавага рэжыму з 96 краінамі сьвету, і ў іх пералік трапіла й Беларусь.

Цяпер беларусы павінны атрымліваць візу ў Каба-Вэрдэ, а гэта справа нялёгкая — найбліжэйшая амбасада афрыканскай краіны месьціцца ў Нямеччыне. Для грамадзян Беларусі, якія маюць дзейны дазвол на жыхарства ў краінах Эўразьвязу, застаецца спрошчаны парадак атрыманьня дазволу на ўезд.

Паўмесяца таму стала вядома, што бязьвізавы ўезд для белрусаў скасуе Чарнагорыя, якая тым самым выконвае патрабаваньні ЭЗ.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG