Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Каба-Вэрдэ ўвёў візы для грамадзян Беларусі. Атрымаць іх будзе складана


Каба-Вэрдэ. Ілюстрацыйнае фота
Каба-Вэрдэ. Ілюстрацыйнае фота

Раней дазвол на ўезд у гэтую краіну беларусы маглі атрымаць у аэрапорце па прылёце пасьля папярэдняй рэгістрацыі ў афіцыйнай сыстэме EASE.

Урад Каба-Вэрдэ з 1 студзеня 2025 году адмовіўся ад спрошчанай візавай палітыкі з 96 краінамі сьвету.

Як адзначаецца на афіцыйным партале EASE (Efficient Automatic and Safe Entry of Travellers), цяпер грамадзяне гэтых краін для ўезду ў Каба-Вэрдэ павінны загадзя атрымаць візу ў дыпляматычных установах гэтай краіны.

З краін СНД у сьпіс трапілі Беларусь, Азэрбайджан, Армэнія, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан. Таксама спрошчаная візавая палітыка ня будзе дзейнічаць для грамадзян краін, у якіх адбываюцца вайсковыя канфлікты (Сырыя, М’янма, Палестына, Судан і іншыя), а таксама дыктатураў (Іран, Ірак, Паўночная Карэя, Вэнэсуэла й іншыя).

Для грамадзян Беларусі, якія маюць дзейны дазвол на жыхарства ў краінах Эўразьвязу, застаецца спрошчаны парадак атрыманьня дазволу на ўезд.

У Беларусі няма дыпляматычнага прадстаўніцтва Каба-Вэрдэ. Найбліжэйшае, празь якое можна атрымаць візу, месьціцца ў Нямеччыне. Амбасада Каба-Вэрдэ ёсьць і ў Расеі, але там няма візавага аддзелу, бо для грамадзян Расеі дзейнічае бязьвізавы рэжым — яны могуць знаходзіцца ў гэтай краіне бязь візы цягам 60 дзён.

Каба-Вэрдэ разьмешчана на вульканічным архіпэлягу за некалькі сотняў кілямэтраў ад паўночна-заходняга ўзьбярэжжа Афрыкі. Краіна вядомая сваёй крэольскай культурай, якая спалучае партугальскія і афрыканскія традыцыі, народнай музыкай і шматлікімі пляжамі. Сталіца — горад Прая — знаходзіцца на найбуйнейшым востраве Каба-Вэрдэ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG