У Чарнагорыі зьбіраюцца прывесьці візавую палітыку да стандартаў Эўразьвязу да канца трэцяга кварталу 2026 году. Пра гэта заявілі ў пасольстве Чарнагорыі ў Маскве на запыт RTVI.
Гэта значыць, да канца верасьня 2026 году Чарнагорыя адменіць бязьвізавы рэжым для тых краінаў, у якіх яго няма з Эўрапейскім зьвязам.
То бок для Беларусі і Расеі ў тым ліку.
Цяпер беларусы могуць знаходзіцца ў гэтай балканскай краіне з выхадам да Адрыятычнага мора бязь візы да 30 содняў. Але пры ўмове, што адважацца на доўгую і нятанную дарогу зь як мінімум адной перасадкай — напрыклад, у турэцкім Стамбуле.
Чарнагорыя атрымала афіцыйны статус краіны-кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ у сьнежні 2010 году. З таго часу краіна прыводзіць сваё заканадаўства ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі Эўразьвязу.
І апошнім часам гэты працэс стаў больш імклівым. Паводле чутак з дыпляматычных крыніц, краіна можа стаць 28-й дзяржавай — чальцом Эўразьвязу ўжо ў 2028 годзе, — адзначыў у сваім аналітычным артыкуле на пачатку лістапада эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Форум