Урад Чэхіі на сваім паседжаньні 5 кастрычніка прыняў рашэньне дазволіць некаторым грамадзянам Беларусі рабіць запрашэньні для сваіх родных на кароткатэрміновыя чэскія візы.
Дэталі рашэньня пакуль не апублікаваныя, але вядома, што прапанова тычылася беларусаў якія маюць грамадзянства Чэхіі альбо доўгатэрміновы дазвол на жыхарства.
Яны могуць запрасіць сваіх прамых сваякоў па лініі «ўгару ці долу» — гэта значыць сваіх бацькоў, дзядоў, бабуль, дзяцей, унукаў і г. д. На паседжаньні ўраду не было пярэчаньняў супраць гэтай прапановы.
Магчымасьці для беларусаў атрымаць чэскія візы былі абмежаваныя як частка мераў чэскага ўраду пасьля расейскага маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Тады Расея скарыстала для нападу тэрыторыю і інфраструктуру Беларусі.
Зьмякчэньня візавых абмежаваньняў для беларусаў ужо доўгі час дамагаліся беларускія арганізацыі Чэхіі, у тым ліку Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі супольнасьць беларускіх студэнтаў у Чэхіі і суполка «Беларуская салідарнасьць» у горадзе Брно.
Кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі Крысьціна Шыянок падзякавала міністру Мацінку і чэскаму ўраду, назваўшы гэты вынік «плёнам супольнай працы дэмакратычных сіл Беларусі, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, беларускай дыяспары і нацменшасці ў Чэхіі, нашых чэшскіх сяброў і перадусім абранай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай».
У чэрвені дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў Чэхіі Пэтрам Мацінкам паведаміла, што ўлады гэтай краіны прынялі папярэдняе рашэньне спрасьціць візавы рэжым для сваякоў беларусаў, якія жывуць у краіне.
Камэнтуючы сёньняшняя рашэньне, Андрэй Калавур з суполкі «Беларуская салідарнасьць» расказаў Свабодзе, што беларусы Чэхіі будуць дамагацца, каб кола сваякоў, для якіх магчыма зьвяртацца па візы, было пашыранае. Ён дадаў, што ў цяперашнім рашэньні значную ролю адыграла камунікацыя беларусаў Чэхіі з Пэтрам Мацінкам, а таксама з структурамі Эўразьвязу і Рады Эўропы.
Форум