Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнагорыя з 1 лістапада скасуе бязьвізавы рэжым для грамадзянаў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Грамадзяне яшчэ дзьвюх краін трапілі разам зь беларусамі ў сьпіс і змогуць прыяжджаць у Чарнагорыю толькі ў выпадку атрыманьня візы.

З 1 лістапада грамадзянам трох краін спатрэбіцца віза для ўезду, транзыту і знаходжаньня ў Чарнагорыі. Акрамя беларусаў гэта грамадзяне Турэччыны і Расеі.

Урад Чарнагорыі пайшоў на такія крокі ў межах працэсу далучэньня да Эўрапейскага зьвязу.

Афіцыйная Падгорыца на гэтым шляху мае абавязак цалкам дапасаваць сваю візавую палітыку да візавай палітыкі Эўразьвязу, тлумачыць Балканская служба Свабоды.

У верасьні ўрад Чарнагорыі прыняў рэгуляцыі пра патрэбу скасаваньня пагадненьняў, што рэгулююць бязьвізавы рэжым зь Беларусьсю, Турэччынай і Расеяй.

23 ліпеня сёлета чарнагорскі ўрад ужо прыняў зьмены ў Палажэньне аб візавым рэжыме, якое рэгулюе такія пытаньні.

Гэта адзін з канчатковых крытэраў для закрыцьця перамоўнага разьдзелу № 24 — «Правасудзьдзе, свабода і бясьпека ў перамовах аб далучэньні да ЭЗ, а таксама адно з ключавых абавязаньняў краіны ў заплянаваных урадам рэформах.

Міністэрства замежных спраў Чарнагорыі раней абвяшчала пра стварэньне новай Візавай інфармацыйнай сыстэмы, дапасаванай да сыстэмаў ЭЗ і стандартаў бясьпекі Шэнгенскай зоны, з мэтай увядзеньня электронных візаў.

Палітыка ЭЗ у дачыненьні Чарнагорыі

Эўрапейская камісія прыняла фінансавую праграму для Чарнагорыі, і яна прадугледжвае амаль 3,2 мільярда эўра, зыходзячы з таго, што краіна можа стаць паўнапраўным сябрам Эўрапейскага зьвязу ў 2028 годзе.

Рашэньне Чарнагорыі прынятае пасьля таго, як Эўрапейская камісія цягам некалькіх гадоў заклікала краіны Заходніх Балканаў, у тым ліку Чарнагорыю, дапасаваць сваю візавую палітыку да правілаў ЭЗ, каб зьнізіць рызыку нелегальнай міграцыі і злоўжываньня бязьвізавымі рэжымамі.

Беларусы ў Чарнагорыі

За 2025 год Чарнагорская статыстычная ўправа налічыла 6841 прыезд грамдазянаў Беларусі ў краіну. Гэта толькі 0,3% ад агульнай колькасьці турыстычных паездак у краіну. Для параўнаньня, расейцы складаюць 8% турыстычнага сэктару Чарнагорыі, а туркі 5,3%, адпаведна, увядзеньне візаў для грамадзянаў гэтых краін можа мацней ударыць па чарнагорскай турыстычнай галіне, чым увядзеньне іх для беларусаў.

Але ёсьць і яшчэ адна катэгорыя беларусаў у Чарнагорыі — гэта грамадзяне краіны, якія жывуць у балканскай дзяржаве. Паводле апошніх лічбаў МУС Чарнагорыі, часовы дазвол на пражываньне ў краіне маюць каля 900 беларусаў.

Акрамя таго, па стане на 2026 год было 96 беларусаў, якія маюць не часовы, а пастаянны дазвол на жыхарства.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG