Ганаровы консул Беларусі ў Босьніі і Герцагавіне Недэлька Элек заявіў бальканскай службе Радыё Свабода, што гэта быў яго кіроўца, і што «нічога незаконнага ня знойдзена», бо той мае дазвол на захоўваньне і нашэньне зброі.
44-гадовы мужчына з Сараева з ініцыяламі Б. Ж., якога чарнагорская паліцыя называе «асобай, якая мае замежную апэратыўную цікавасьць», быў затрыманы ў чацьвер вечарам на памежным пераходзе Шчэпан Поле на паўночным захадзе Чарнагорыі.
Падчас ператрусу багажніка аўтамабіля Audi A8, які належыць ганароваму консульству Беларусі ў Босьніі і Герцагавіне, паліцыя знайшла пісталет «Glock 45 FS» і 17 патронаў.
Элек, які зьяўляецца членам Альянсу незалежных сацыял-дэмакратаў Міларада Додзіка, заявіў, што ягоны кіроўца ўчыніў дробнае правапарушэньне і што ўсё будзе вырашана ў адпаведнасьці з заканадаўствам Чарнагорыі. «Ён заплаціць штраф, і ўсё», — сказаў ён.
«Чалавек, які працуе, мае зброю, мае дазвол на яе захоўваньне і нашэньне. Нічога незаконнага не знайшлі. Ён не дэкляраваў яе пры ўезьдзе ў Чарнагорыю, ён дэкляраваў яе пры выезьдзе, сказаў, што ў яго ёсьць зброя. Яго затрымалі, ён цяпер перад судзьдзём па дробных правапарушэньнях, яны, верагодна, накладуць на яго нейкі штраф», — сказаў Элек.
Паводле Элека, затрыманы кіроўца працуе ў кампаніі Sarajevo Gas, дзе Элек займае пасаду генэральнага дырэктара.
«Ён трымае гэтую зброю ў гэтым аўтамабілі, ён ніколі яе не даставаў. У нас была экстраная паездка, ён высадзіў мяне ў аэрапорце, чалавек проста забыўся. Ён сказаў гэта ў сваіх паказаньнях, але ён заявіў гэта пры выезьдзе. Ён сам заявіў, што ў яго была зброя пры выезьдзе з Чарнагорыі», — сказаў Элек.
Дзяржаўны пракурор Галоўнай дзяржаўнай пракуратуры ў Нікшычы вырашыў узяць Б. Ж. пад варту па падазрэньні ў крымінальным злачынстве — незаконным захоўваньні і перамяшчэньні зброі і выбуховых рэчываў.
Знойдзены пісталет і боепрыпасы былі часова канфіскаваныя, паведаміла чарнагорская паліцыя.
Форум