Сэзон адпачынкаў сканчаецца, але праблемы з атрыманьнем шэнгенскіх візаў у беларусаў застаюцца. Пагатоў два тыдні таму візавы цэнтар VFS BY (аўтсорсінгавай кампаніі, якая зьбірае заяўкі на візы для розных амбасадаў. — РС) па ўзгадненьні з амбасадай Італіі ў Беларусі, якая да нядаўняга часу лічылася самай «шчодрай» на шэнген, паведаміла аб прыпыненьні запісу новых заяўнікаў у сьпіс чаканьня. Сфармулявалі прычыну так: «Прыём заявак замарожаны да асаблівага паведамленьня». Меру назвалі «вымушанай», візавы цэнтар VFS BY нібыта чакае новых распараджэньняў ад дыпляматычнай місіі, аднак прычынаў «замарожваньня» пры гэтым не называлі. Інфармацыю аб аднаўленьні запісу паабяцалі разьмясьціць на афіцыйным сайце амбасады.
Асаблівае паведамленьне
Жывая чарга па італьянскі шэнген зараз замарожаная. Імавернай прычынай называюць тое, што ў пасольстве Італіі ў Менску турыстычную візу атрымаў грамадзянін Беларусі з расейскім пашпартам Андрэй К., падазраваны ў дывэрсіі 4 ліпеня ў аэрапорце Ляйпцыгу. Пра гэта паведамляла выданьне Zeit.de.
Паводле выданьня, нямецкія сьледчыя выйшлі на двух меркаваных удзельнікаў, якія пранесьлі бесьпілётнік з выбухоўкай у аэрапорт Ляйпцыгу. Адзін зь іх — расеец, якога нямецкія ўлады зьвязваюць з расейскай выведкай. Другі, Андрэй К., грамадзянін Беларусі з расейскім пашпартам, раней ужо трапляў у поле зроку эўрапейскіх праваахоўных органаў.
«Жывая чарга» — стоп. Аднаўленьня чаргі не прадугледжана», — менавіта так коратка напісала візавая экспэртка travel_anasteisha пра вынікі нядаўняй сустрэчы з італьянскімі дыпляматамі ў Менску.
Італьянскую амбасаду называлі самай «шчодрай» у Беларусі на шэнгенскія візы. Шэнген італьянцы нярэдка выдавалі адразу на паўгоду ці год нават тым, хто раней ня меў візаў краін Эўразвязу.
Раней людзі маглі трапіць у візавы цэнтар у «жывой чарзе»: дастаткова было прыйсьці, запісацца, атрымаць нумар і чакаць, калі падыдзе чарга. Такім чынам да пачатку 2025 году раздалі больш за 30 тысяч нумароў, а людзі ўвесь час стаялі каля візавага цэнтру. Жывы запіс скасавалі ў пачатку студзеня 2025 году.
Але дакумэнты ў людзей з чаргі прымалі. З 14 лістапада 2025 году жывы запіс зноў аднавілі.
Летам 2026 году амбасада Італіі памяняла афіцыйнага візавага правайдэра TLScontact на VFS Global, які цалкам рэарганізаваў гэты працэс. Пры пераходзе ад TLScontact да VFS у новую сыстэму былі ўпісаныя заяўнікі з нумарамі «старой» чаргі — як мінімум з 35 884 по 40 640. У ліпені, жніўні і першай палове верасьня 2026 году рэгістрацыя працягвалася, але дакладнай лічбы — колькі людзей у той «жывой чарзе» — няма. Што будзе далей з тымі, хто запісаўся — невядома.
Жыхарка Менску Вольга (мы не падаем поўнага імя суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) раней ужо атрымлівала шэнген на 2 гады ў італьянскай амбасадзе. Зноў запісалася ў жывую чаргу год таму.
«У мяне нумар у 37-й тысячы, я спадзявалася, што неўзабаве запросяць на падачу. Пасьля прыпыненьня чаргі я ў шоку. „Абклалі“ беларусаў з усіх бакоў! Я разумею, што камусьці „не таму“ выдалі візу. Але цяпер адыграюцца на ўсіх астатніх беларусах? Яны ў чым вінаватыя? І так жывуць як за жалезнай заслонай. А яшчэ мяне прыводзіць у шал, што прапагандысты, вядоўцы праўладных каналаў, праўладныя артысты, дзеці высокапастаўленых чыноўнікаў нейкім чынам атрымліваюць шэнген: пастаянна выстаўляюць у сацсетках, як яны адпачываюць на францускай Рыўеры, у Вэнэцыі ды Рыме», — абураецца Вольга.
Групавыя заяўкі турыстычных агенцтваў
Прадстаўнікі турыстычнага бізнэсу некалькі дзён былі ў стане невядомасьці. Італія — адзін з самых папулярных турыстычных маршрутаў беларусаў у Эўразьвязе.
Як стала вядома Свабодзе, 21 верасьня ў візавым цэнтры Італіі ў Менску адбылася сустрэча супрацоўнікаў акрэдытаваных турфірмаў з прадстаўнікамі амбасады і візавага цэнтру. На ўмовах ананімнасьці прадстаўнік аднаго з агенцтваў расказаў Свабодзе пра вынікі гэтай сустрэчы.
«Па-першае, „жывой чаргі“ больш ня будзе, то бок гэты фармат скасоўваецца і больш ня вернецца. Падаць дакумэнты на візу можна будзе праз запіс на афіцыйным сайце VFS. Аднак колькі часу чакаць, ці дойдзе гэтая індывідуальная чарга — незразумела. Прынамсі на гэтай сустрэчы падрабязнасьцяў нам не расказалі. Турапэратараў запэўнілі, што групавыя заяўкі разглядацца па-ранейшаму будуць. Пастаянна паўтаралі агульныя фразы, што, маўляў, „Італія пераходзіць на агульную палітыку Эўразьвязу. Візы будуць выдавацца пад канкрэтную паездку і пацьверджаныя мэты“», — расказвае суразмоўца.
Зь яе словаў, на сустрэчы прадстаўнікам турапэратараў некалькі разоў нагадалі пра іхную адказнасьць за заяўнікаў на візу.
«Мне здалося, што дыпляматы былі напружаныя, мы ж шмат разоў зь імі сустракаліся і ў працоўных справах, і па-сяброўску — яны тыповыя італьянцы: вясёлыя, прыязныя, жартуюць, усьміхаюцца. Яшчэ часьцей кантактавалі з супрацоўнікамі візавага цэнтру. Гэтым разам у паветры адчувалася напружаньне», — дзеліцца асабістымі ўражаньнямі ад сустрэчы супрацоўніца турыстычнага агенцтва.
Паводле словаў суразмоўцы, на мінулым тыдні калегі падалі дакумэнты чарговай групы на турыстычную паездку ў Італію. Іх прынялі да разгляду. Але на які тэрмін людзі атрымаюць шэнгенскія візы, пакуль невядома.
«Праз пару тыдняў даведаемся. Раней шмат залежала ад візавай гісторыі заяўніка. Калі яна добрая, то людзі атрымлівалі візы на год, два. Былі рэдкія выняткі — некалькім асобам нават на 5 гадоў далі, чаму — ня ведаю. Але ў абсалютна чысты пашпарт маладому чалавеку, які ніколі ня быў у краінах Шэнгенскага пагадненьня, нядаўна паставілі мультывізу на паўгоду. Цяпер намякнулі, што тэрміны візаў могуць скараціцца», — кажа суразмоўца Свабоды.
Яшчэ адна крыніца, блізкая да дыпляматычных колаў, у размове з Свабодай патлумачыла, што пакуль у амбасадзе Італіі няма часовага паверанага. Пасьля завяршэньня дыпляматычнай місіі ў жніўні 2026 году папярэдні часовы павераны Тамаза П’етра Маркеджані зьехаў. А новага Рым пакуль не прызначыў. Дыпляматычную місію ў статусе часовага паверанага (ad interim) узначальвае Вірджынія Фадэльлі (Virginia Fadelli), якая раней была намесьніцай кіраўніка італьянскай місіі ў Менску. І да прызначэньня сталага кіраўніка ніякіх сур’ёзных альбо рэзкіх зрухаў чакаць ня варта.
Свабода зьвярнулася ў амбасаду Італіі ў Менску з просьбай пракамэнтаваць сытуацыю. Мы апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.
Дзе яшчэ пакуль што можна атрымаць шэнгенскія візы
Гішпанія: дорага, але магчыма
Гішпанія застаецца адным з самых папулярных кірункаў для беларусаў, бо гэта адна зь нешматлікіх краін, куды ўсё яшчэ можа адкрыць мультывізу, хоць цяпер усё часьцей выдаюць візы толькі пад тэрміны паездкі альбо на 3–6 месяцаў. Паводле супрацоўнікаў турыстычнай галіны, на 1 год візу зараз даюць прыкладна аднаму заяўніку з 10. Гішпанія вядомая адмовамі ў візе з прычыны фінансавай нестабільнасьці заяўніка. Таму патрэбная абавязковая рэзэрвацыя квіткоў і жытла, а таксама трэба даказаць, што заяўнік на візу мае дастаткова сродкаў (каля 130 эўра на дзень). Але, маючы сродкі і жаданьне, атрымаць візу магчыма.
Турыстычныя фірмы прапаноўваюць паслугу безасабовай падачы (усе дакумэнты перадаюцца фірме, якая сама дастаўляе іх у візавы цэнтар Гішпаніі, а чалавек прыходзіць толькі зрабіць адбіткі пальцаў). Праўда, каштуе гэта нятанна: 900 беларускіх рублёў плюс збор яшчэ 640. Ну і плюс цана ўласна візы — 35 эўра.
Францыя: складана запісацца на падачу
Атрымаць францускую шэнгенскую візу ў Беларусі рэальна, але гэта даволі складаны «квэст», дзе галоўная праблема — запіс на падачу дакумэнтаў. З 2 лютага 2026 году француская амбасада прымае заяўкі на візы праз электронную пошту. Заяўка на візу дзейнічае 60 дзён. Калі за 60 дзён вам не прызначылі дату падачы, заяўку трэба падаваць наноў.
Францыя застаецца адным з самых папулярных кірункаў для беларусаў у ЭЗ, бо яна вядомая ляяльным стаўленьнем і часта выдае шматразовыя візы на даволі доўгі тэрмін (ад 6 месяцаў да некалькіх гадоў) пры добрай візавай гісторыі.
Польшча: самастойна «злавіць дату» цяжка
Атрымаць польскую візу ў Беларусі няпроста, перадусім складаны працэс рэгістрацыі на падачу дакумэнтаў. Асноўная праблема — вялікі попыт і абмежаваная колькасьць свабодных месцаў (слотаў) у візавых цэнтрах. У чэрвені 2026 году візавыя цэнтры VFS Global увялі сыстэму вэрыфікаванага сьпісу чаканьня (wait-list) для ўсіх катэгорыяў і тыпаў візаў. Нават калі чалавек мае запрашэньне, засьведчанае ў ваяводы, самастойны пошук вольнай даты ўсё адно патрабуе шмат часу, высілкаў і цярплівасьці. Вялікія складанасьці з вэрыфікацыяй твару і фота ў пашпарце. Запісацца можна праз сыстэму E-konsulat.
Заяўнікі, старэйшыя за 60 гадоў, а таксама непаўналетнія дзеці ў асобных катэгорыях могуць запісвацца паводле спрошчанай схемы (без абавязковай стандартнай онлайн-вэрыфікацыі твару/пашпарта). Аднак, як сьведчаць многія тэлеграм-каналы (кшталту @globalby «Віза ў Польшчу/Ліст чаканьня» ды іншыя), запісацца на візу — той яшчэ «квэст».
Як кажуць адмыслоўцы, калі вы маеце чакаць чаргу ў сьпісе чаканьня і ўмееце дакладна запаўняць блянкі дакумэнтаў, адкрыць польскую візу рэальна. Калі віза патрэбная тэрмінова або няма жаданьня разьбірацца з сыстэмай запісу VFS, большасьць беларусаў зьвяртаецца да пасярэднікаў. Але каштуе гэта нятанна.
Вугоршчына, Грэцыя, Баўгарыя: строга правяраюць
Некалі ў амбасадзе Вугоршчыны было даволі проста атрымаць шэнген. Але часы зьмяніліся: цяпер у Вугоршчыну лепш купляць тур. Самастойна запісацца ў амбасаду складана. Заяўкі індывідуальных турыстаў разглядаюць горш, чым праз куплены тур. Зьвяртаюць ўвагу на візавую гісторыю. Калі падаяцеся ўпершыню — візу даюць на адну паездку. Правяраюць, ці даехалі вы да краіны, ці пасяліліся ў гатэлі, і зьвесткі перадаюць у амбасаду.
На падачу візаў у Грэцыю і Баўгарыю летам таксама запісацца было даволі нескладана. Аднак візы давалі ў асноўным пад адну канкрэтную паездку, у лепшым разе — на месяц. Атрымаць візу на большы тэрмін у гэтых кансулятах амаль нерэальна, кажуць экспэрты ў турыстычнай сфэры. Плюс — жорсткі кантроль. Паехаць у Грэцыю праз Польшчу ці Нямеччыну ня ўдасца: быў выпадак, калі немцы анулявалі візы цэламу аўтобусу беларусаў з грэцкімі візамі, якія ехалі ў Гішпанію. Да таго ж жорсткі фінансавы кантроль — трэба паказаць свой «дабрабыт». Тое самае і ў Баўгарыю — строга правяраюць, ці даехаў турыст да краіны.
Добрыя і дрэнныя навіны
Літва і Чэхія па-ранейшаму пакуль не выдаюць візы беларусам. Хоць ёсьць надзея: у жніўні 2026 году Міністэрства замежных справаў Чэхіі ўнесла ва ўрад афіцыйную прапанову аб спрашчэньні выдачы кароткатэрміновых візаў для сваякоў беларусаў, якія жывуць у гэтай краіне.
І дрэнныя навіны: Чарнагорыя з 1 лістапада скасуе бязьвізавы рэжым для грамадзянаў Беларусі.
Форум