Першы пасьля перапынку самалёт турэцкай авіякампаніі Turkish Airlines прызямліўся ў Менску ў ноч з 20 на 21 верасьня. Турэцкі авіяперавозьнік аднавіў рэгулярныя рэйсы паміж Менскам і Стамбулам пасьля чатырохгадовай паўзы. Плянуецца, што цяпер рэйсы будуць адбывацца 6–7 разоў на тыдзень, як удзень, так і ўначы.
Гэтая авіякампанія прыпыніла палёты ў Менск у лютым 2022 году, пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Глядзім, куды і за колькі можна паляцець зараз.
Зь Менску ў Стамбул за 1550 даляраў
Вылецець зь Менску ў Стамбул можна адносна свабодна, квіткі ёсьць і на бліжэйшыя даты. Квіток у такім выпадку будзе каштаваць прыкладна 4680 рублёў, ці 1550 даляраў. Ёсьць два варыянты: можна вылецець у гадзіну начы і дабрацца да турэцкай сталіцы за 3 гадзіны 40 хвілінаў або вылецець аб 11-й гадзіне, тады дарога зойме 3 гадзіны 35 хвілінаў.
Паляцець такім жа маршрутам таксама ў бліжэйшыя даты, але на «Белавія», выйдзе таньней — ад 1566 рублёў, ці 518 даляраў.
На больш аддаленыя даты цэны ў турэцкага перавозьніка ніжэйшыя. У канцы лістапада такі ж маршрут да Стамбулу ў адзін бок будзе каштаваць 1150 рублёў, ці 380 даляраў.
Наўпроставы рэйс на «Белавія» ў гэты ж час будзе каштаваць 945 рублёў 71 капейку, ці 312 даляраў.
Аднак Турэцкімі авіялініямі можна дабрацца да Вільні зь перасадкай у Стамбуле таньней, чым да самога Стамбулу. Рэйс на 28 лістапада каштуе 1026 рублёў, ці 340 даляраў.
У дарозе — 7 гадзінаў 30 хвілінаў. Столькі ж часу, бывае, ідзе аўтобус зь Менску, бо праверкі на мяжы. Аднак цана ўсё яшчэ значна большая: купіць квіток на аўтобус можна за 223 рублі (65 эўра) нават на бліжэйшыя даты верасьня.
Незвычайны маршрут
Рэйсы турэцкіх авіялініяў зь Менску ў Стамбул і назад, згодна з дадзенымі сэрвісу flightradar24, лятаюць па незвычайным маршруце: яны залятаюць у Беларусь і вылятаюць зь яе праз Расею. А ўжо з тэрыторыі Расеі вылятаюць на тэрыторыю краін ЭЗ. У кірунку Менску залятаюць з ЭЗ праз Расею.
У сьнежні 2023 году Беларусь забараніла пасадку ў Менску самалётам, якія ляцяць з боку краін ЭЗ. «Белаэранавігацыя» забараніла самалётам, якія ўваходзяць у паветраную прастору Беларусі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі, прызямляцца на беларускай тэрыторыі без спэцыяльнага дазволу Міністэрства замежных справаў.
Гэта стала адказам уладаў Беларусі на забарону палётаў беларускіх самалётаў над тэрыторыяй ЭЗ.
«Яны нават пустымі будуць лётаць»
Свабода пагаварыла зь некалькімі беларускімі спэцыялістамі ў сфэры турызму на ўмовах ананімнасьці. Паводле іх, з дапамогай Турэцкіх авіялініяў стане прасьцей дабрацца «адным квітком», то бок калі бярэш адзін квіток зь перасадкамі да Паўночнай Амэрыкі і Эўропы. Гэта для «тых, хто мае грошы». Аднак альтэрнатывай для пасажыраў, якія езьдзяць у Эўразьвяз аўтобусам, гэта ня стане.
«Квіток нават павышанай цаны зь Менску да Вільні каштуе 90 эўра, і пры добрым раскладзе за 4 гадзіны можна даехаць», — прыводзіць прыклад адзін з суразмоўцаў.
Ён зазначае, што Turkish Airlines будзе лётаць па маршруце Менск — Стамбул нават малазапоўненымі самалётамі, рэйсы не будуць скасоўваць ці пераносіць, бо кампанія мае на гэта сродкі, яны ўжо закладзеныя ў такім варыянце выхаду на рынак, калі рэйсы могуць ня мець вялікай папулярнасьці.
Як прыклад суразмоўца прыводзіць кампанію «Белавія», якая не пускае па 4 рэйсы на дзень у той жа Казахстан, а імкнецца «фінансава выжыць», робіць такія рэйсы радзейшымі, каб быў попыт.
Перашкодай жа на шляху ў Эўразьвяз суразмоўцы называюць не дарагія самалётныя квіткі ці затрымкі аўтобусаў, а брак магчымасьці атрымаць візы. Напрыклад, 15 верасьня італьянскі візавы цэнтар у Менску паведаміў, што спыняе прыём дакумэнтаў на візы ў тых, хто падае індывідуальныя заявы.
Форум