Акрэдытаваныя турфірмы ўсё яшчэ могуць афармляць італьянскія візы ў Беларусі. Пра гэта паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый (РСТА).
Нядаўна візавы цэнтар Італіі ў Менску абвясьціў, што часова прыпыняе рэгістрацыю новых заяўнікаў у сьпіс чаканьня для падачы дакумэнтаў на італьянскую візу. Але гэта тычыцца толькі тых, хто падае дакумэнты самастойна, высьветліў РСТА.
«Кампаніі, якія зьяўляюцца аўтобуснымі апэратарамі на італьянскім кірунку і акрэдытаваныя ў італьянскай амбасадзе, паведамляюць, што ў цяперашні момант для ўсіх, хто плянуе адправіцца ў туры праз турапэратараў, нічога не зьмянілася. Турфірмы працягваюць зьбіраць, правяраць і падаваць дакумэнты ў звычайным штатным рэжыме», — адзначае арганізацыя.
Паводле РСТА, 21 верасьня ў візавым цэнтры Італіі ў Менску пройдзе сустрэча акрэдытаваных турфірмаў з прадстаўнікамі візавага цэнтру і амбасады Італіі ў Беларусі, на якой «будзе ўнесена яснасьць — ці будуць нейкія зьмены для турфірмаў у дачыненьні да квот і парадку падачы дакумэнтаў на італьянскія шэнген-візы».
Што папярэднічала
Кампанія-візавы пасярэднік VFS Belarus і амбасада Італіі ў Беларусі часова спынілі рэгістрацыю новых заяўнікаў у сьпіс чаканьня на падачу дакумэнтаў на італьянскую візу.
Інфармацыю пра гэта апублікавалі 15 верасьня 2026 году на сайце візавага цэнтру.
Мера дзейнічае да далейшага апавяшчэньня. Месца ўжо зарэгістраваных заяўнікаў у чарзе пры гэтым захоўваецца.
«Афіцыйная прычына: меру ўвялі ў чаканьні далейшых указаньняў ад Пасольства Італіі», паведамілі ў VFS Belarus.
Гэта адбылося на тле навіны пра тое, што аўтар дывэрсіі ў Ляйпцыгу атрымаў італьянскую візу менавіта ў Беларусі.
Пра падзеі ў Ляйпцыгу і абяцаньні італьянскага ўраду расьсьледаваць атрыманьне візы ў Менску ў фірме нічога не паведамілі.
Інцыдэнт адбыўся 4 жніўня ў аэрапорце Ляйпцыг-Гале, які зьяўляецца ключавым у перавозцы вайсковай прадукцыі і базай для ўкраінскай «Авіякампаніі Антонаў». Самалёт, каля якога знайшлі дрон, не пацярпеў.
Здарэньне парушыла расклад рэйсаў. Нямецкія ўлады заявілі, што гэта частка доўгатэрміновай кампаніі дэстабілізацыі Эўропы.
Міністар замежных спраў краіны Антоніё Таяні пасьля інфармацыі нямецкіх уладаў пра італьянскую візу, атрыманую дывэрсантам у Менску, паабяцаў разабрацца.
«Будзе расьсьледаваньне. Аднак усё гэта пацьвярджае, што краіны... спрабуюць чыніць захады супраць ЭЗ, нават выкарыстоўваючы людзей, раней ня суджаных і не пад падазрэньнем. Менавіта таму, калі я кажу, што мы мусім заставацца напагатове, я кажу гэта паважна, бо ведаю, якія мэтады яны выкарыстоўваюць. Я ведаю, якія інструмэнты гэтыя краіны ўжывалі заўсёды, нават у мінулым, і таму мы павінны надалей быць пільнымі», — цытаваў яго Euractiv.
Пры гэтым пра вынікі расьсьледаваньня, якое абяцаў Таяні, нічога не вядома.