Іншаземцы, якія ўяжджаюць у Казахстан у межах бязьвізавага рэжыму, павінны будуць аформіць электронны дазвол QazETA. Пакуль улады Казахстану вырашаюць, для грамадзян якіх дзяржаваў электронны дазвол стане платным.
Як паведаміла казаскае выданьне Ак Жайык, «выдача будзе платнай, аднак патрабаваньне закране грамадзян толькі тых дзяржаваў, пералік якіх зацьвердзіць урад».
Раней прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў зацьвердзіў маштабны пакет паправак, які прынцыпова зьмяняе правілы перасячэньня дзяржаўнай мяжы Казахстану. Праўная падстава для ўводу электронных дазволаў дзейнічае з 25 жніўня 2026 году. QazETA — гэта ня віза, і яна не касуе бязьвізавага рэжыму — гэта папярэдні лічбавы допуск да паездкі, патлумачыла выданьне.
Паводле інфармацыі, якой валодае рэдакцыя, сыстэму будуць уводзіць паэтапна. Заяўку трэба будзе падаць не пазьней чым за 72 гадзіны да паездкі.
Звычайная цана дазволу, як чакаецца, складзе каля 3900 тэнге (25-26 беларускіх рублёў). Пры афармленьні непасрэдна на мяжы плата можа павялічыцца да 7800 тэнге (50-52 беларускія рублі). Дазвол будзе дзейнічаць 180 дзён і сапраўдны для некалькіх паездак. Пры гэтым тэрміны дазволенага бязьвізавага знаходжаньня ў Казахстане для грамадзян кожнай краіны ня зьменяцца.
Пакуль казаскія ўлады афіцыйна не назвалі канчатковага пераліку дзяржаваў, грамадзянам якіх спатрэбіцца QazETA. Няма і зацьверджанага памеру платы. Таму казаць аб платным уезьдзе для ўсіх іншаземцаў, у тым ліку беларусаў, заўчасна.
Паўза ў публікацыі канчатковых парамэтраў QazETA супала з фармаваньнем новага ўраду краіны. 28 жніўня ранейшы Кабінэт міністраў склаў паўнамоцтвы перад новавыбраным Курултаем, пасьля чаго пачаўся падбор новага складу ўраду. Ня выключана, што пераходны пэрыяд паўплываў на тэрміны зацьвярджэньня пераліку краінаў, цану дазволу і падрабязны графік запуску сыстэмы.
Ці папулярны Казахстан для эміграцыі беларусаў
У межах СНД фармальна дзейнічае бязьвізавы рэжым, беларусам візы ў Казахстан не патрэбныя. Аднак новыя правілы могуць такі парадак ускладніць.
Казахстан ня стаў папулярным кірункам для масавай міграцыі беларусаў пасьля падзеяў 2020 году. Для беларускіх палітычных уцекачоў Казахстан лічыцца небясьпечным праз блізкія саюзьніцкія сувязі гэтай краіны з афіцыйнымі Менскам і Масквой, а таксама праз рызыку экстрадыцыі.
А вось расейцаў там шмат: пасьля пачатку мабілізацыі расейцаў на вайну з Украінай у 2022 годзе туды хлынуў вялікі паток перасяленцаў з Расеі. Цяпер у Расеі абмяркоўваюць новую хвалю мабілізацыі на вайну, якую ўлады гэтай краіны афіцыйна адмаўляюць.
У Казахстане жывуць каля 74 тысяч беларусаў, якія прыехалі туды пераважна ў савецкі час.
Форум