Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская тэлевізія не паказала пачатак матчу футбольных зборных Беларусі і Фінляндыі. Што адбылося. ФОТА

Фінскія заўзятары разгарнулі вялікі банэр, на якім палярная сава палявала на прусака. На ім было напісана «Твой дзень прыйдзе», 29 верасьня 2026 году
Фінскія заўзятары разгарнулі вялікі банэр, на якім палярная сава палявала на прусака. На ім было напісана «Твой дзень прыйдзе», 29 верасьня 2026 году

У Хельсінкі на Лізе нацый зборныя згулялі ўнічыю — 0:0.

Беларуская тэлевізія са сьпазьненем уключыла трансьляцыю матчу паміж зборнымі Беларусі і Фінляндыі.

Як паведаміла выданьне by.tribuna.com, перад пачаткам матчу традыцыйна мусілі прагучаць гімны краін. Але заўзятары, якія прысутнічалі на стадыёне, абсьвісталі беларускі гімн. Запіс, які гэта пацьвярджае, апублікавала жонка паўабаронцы зборнай Беларусі Яўгенія Яблонскага Крысьціна. Яна раней працавала на дзяржаўнай тэлевізіі і знаходзілася на трыбуне для журналістаў у шаліку зь дзяржаўнай сымболікай.

На разьмінку гаспадары матча выйшлі ў футболках з надпісам «Мы выступаем за мір»
На разьмінку гаспадары матча выйшлі ў футболках з надпісам «Мы выступаем за мір»

Выданьне нагадала, што першапачаткова Фінляндыя не хацела прымаць зборную Беларусі праз падтрымку ўладамі краіны расейскай агрэсіі супраць Украіны. У выніку на 36-тысячны Алімпійскі стадыён прадалі толькі 6,5 тысяч квіткоў. Перад гэтым фінская фэдэрацыя заявіла, што ўсе грошы за квіткі пералічаць арганізацыі «Украінцы ў Фінляндыі».

На разьмінку гаспадары матча выйшлі ў футболках з надпісам «Мы выступаем за мір».

Апроч украінскіх сьцягоў фінскія заўзятары разгарнулі вялікі банэр, на якім палярная сава палявала на прусака. На ім было напісана «Твой дзень прыйдзе».

Фінскія гледачы на знак салідарнасьці з Украінай трымаюць сланечнікі падчас футбольнага матчу паміж Беларусьсю і Фінляндыяй
Фінскія гледачы на знак салідарнасьці з Украінай трымаюць сланечнікі падчас футбольнага матчу паміж Беларусьсю і Фінляндыяй

У другім тайме за брамамі беларускай зборнай фанаты вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. І калі ён трапляў у кадар, сьцьвярджае выданьне, дзяржаўная тэлевізія закрывала яго загадзя падрыхтаваным кадрам трыбун.

Матч завяршыўся без забітых галоў. Пасьля двух гульняў зборная Беларусі займае трэцяе месца ў першай групе Лігі С.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Фінская футбольная асацыяцыя хацела перанесьці сустрэчу ў Лізе нацый супраць нацыянальнай зборнай Беларусі на нэўтральную тэрыторыю. Але потым вырашылі праводзіць яго ў Хельсінкі — сталіцы краіны.

Фінляндыя была й сярод дзяржаў, якія байкатавалі цырымонію адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў 2026 году ў Італіі. Шэраг краінаў учыніў дэмарш, бо расейцам і беларусам дазволілі выступаць пад дзяржаўнымі сьцягамі.

Фінляндыя падтрымлівае Ўкраіну ў яе абарончай вайне супраць Расеі.

Футбольная зборная Беларусі, у адрозьненьне ад расейскай каманды, не адлучаная ад міжнародных спаборніцтваў. Аднак ёй не дазваляюць гуляць хатнія паядынкі ў Беларусі, таму яны праходзяць у трэцяй краіне. Зазвычай у Вугоршчыне.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG