Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапанаваў ЗША разам з Расеяй пабудаваць у Беларусі азотны камбінат

Прадпрыемства «Гродна Азот», якое больш за 60 гадоў вырабляе азотныя ўгнаеньні. Ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства «Гродна Азот», якое больш за 60 гадоў вырабляе азотныя ўгнаеньні. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным аб будаўніцтве азотнага камбінату і прапанаваў далучыць да рэалізацыі гэтага праекту ЗША.

«З Уладзімірам Уладзіміравічам дамовіліся, што „Газпром“ далучыцца ў нас да рэалізацыі праекту будаўніцтва азотнага камбінату. Трэба амэрыканцам прапанаваць. Яны хочуць угнаеньні, азотныя ў тым ліку, — калі ласка, давайце разам пабудуем. Паводле вашай тэхналёгіі: вы (ЗША. — удакладніла дзяржаўнае агенцтва БелТА), „Газпром“ і Беларусь. У нас ужо пляцоўку падабралі, усе сеткі існуюць. Не — будзем з „Газпромам“, расейцамі будаваць і гатовую прадукцыю прадаваць», — сказаў Лукашэнка.

З такой заявай Лукашэнка выступіў на сустрэчы з губэрнатарам Ульянаўскай вобласьці Расеі Аляксеем Рускіх.

Што папярэднічала

Кантакты Беларусі і ЗША аднавіліся ў 2025 годзе пасьля працяглага пэрыяду жорсткіх санкцыяў і закрыцьця амбасадаў.

Амэрыканскі бок прадстаўляе Джон Коўл, якога прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сваім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі.

З публічных паведамленьняў вядома, што перамовы вядуцца аб вызваленьні ўладамі Беларусі палітычных зьняволеных у абмен на скасаваньне ЗША эканамічных санкцыяў.

За час перамоў вызвалілі 671 чалавека, але ня ўсе яны былі палітвязьнямі. У абмен ЗША заявілі аб скасаваньні санкцыяў зь «Беларуськалію» і «Белінвэстбанку», а таксама з ААТ «Лакафарба» і канцэрну «Белляспаперпрам».

На апошняй сустрэчы з Коўлам 15 верасьня Аляксандар Лукашэнка заклікаў ЗША «няўхільна» выконваць усе дамоўленасьці.

«Адзінае — гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас — каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Так Лукашэнка выказаўся пасьля таго, як прэм’ер Аляксандар Турчын, які таксама быў на сустрэчы з Коўлам, агучыў праблему замарожаных 43–44 мільёнаў даляраў «Беларуськалію» ў амэрыканскім Citibank.

21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў ён.

Санкцыі зь беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу пакінуў санкцыі ў сіле. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускіх угнаеньняў, але і забараняюць іх транзыт праз свае морскія парты.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG