Як паведаміла выданьне «Настоящее время», дамова прадугледжвае магчымасьць стварэньня дадатковых амэрыканскіх абаронных аб’ектаў у Грэнляндыі.
Магчымымі месцамі разьмяшчэньня вайсковых аб’ектаў называюць Мэстэрсьвіг на ўсходзе вострава і Нарсарсуак на поўдні. Рашэньне разьмясьціць амэрыканскія базы будзе ўхваляць урад Даніі па ўзгадненьні з ЗША, а канкрэтныя ўмовы і тэхнічныя парамэтры бакі вызначаць пазьней.
Новая дамова пашырае ранейшыя: ЗША атрымліваюць дадатковыя магчымасьці для разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў у Грэнляндыі, а таксама права блякаваць разьмяшчэньне на востраве вайсковай інфраструктуры трэціх краін, што не ўваходзяць у NATO. Прадугледжваецца, што дакумэнт застанецца дзейным і ў выпадку абвяшчэньня Грэнляндыяй незалежнасьці.
Прэм’ер-міністар Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн назвала дамову доўгатэрміновай і падкрэсьліла, што яна адпавядае інтарэсам ня толькі Даніі і Грэнляндыі, але і ЗША, NATO і Эўропы ў цэлым.
Кіраўнік ураду Грэнляндыі Енс-Фрэдэрык Нільсэн заявіў, што дамова павінна канчаткова зьняць пытаньні аб замежнапалітычнай арыентацыі вострава.
Што папярэднічала
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляў аб неабходнасьці амэрыканскага кантролю над Грэнляндыяй яшчэ падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну ў 2017–2021 гадах. Ён таксама прапаноўваў набыць гэты востраў.
Пасьля вяртаньня ў Белы дом у пачатку 2025 году Трамп ня раз заяўляў, што для ЗША важны сам кантроль над Грэнляндыяй, а не ягоная форма, і не выключаў далучэньня вострава. Трамп тлумачыў гэта стратэгічным разьмяшчэньнем Грэнляндыі і пагрозай узмацненьня там уплываў Расеі і Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Улады Даніі і Грэнляндыі выключалі магчымасьць перадачы вострава ЗША. Аналягічную пазыцыю займалі і краіны Эўразьвязу, што выклікала напружанасьць паміж Вашынгтонам і Брусэлем. Летась паведамлялі, што на саміце NATO Трамп і генэральны сакратар альянсу Марк Рутэ абмяркоўвалі варыянт пашырэньня амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Грэнляндыі бязь зьмены яе сувэрэнітэту.
Пры гэтым ЗША і так ужо маюць шырокія правы на вайсковую прысутнасьць у Грэнляндыі паводле дамовы з Даніяй 1951 году, на востраве дзейнічае амэрыканская вайсковая база. Крытыкі Трампа ў сувязі з гэтым ставілі пад сумнеў патрэбу новай дамовы.
Форум