Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жонка некалькі разоў бачыла гэтага пана». Як расьсьледуюць справу аб пабіцьці беларускай пары ў Варшаве

Твар Сяргея Пелехава пасьля нападу
Твар Сяргея Пелехава пасьля нападу
Слухаць
5 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

Мы даведаліся, як прасоўваеццца справа беларуса Сяргея Пелехава і ягонай жонкі, на якіх пасьля просьбы ўзяць сабак на павадок напалі некалькі палякаў.

Здарэньне зь беларусам Сяргеем Пелехавым і ягонай жонкай адбылося ўвечары 15 жніўня ў Варшаве, калі яны выйшлі на шпацыр з сваім лябрадорам, расказваў раней Пелехаў Свабодзе. У гэты час з суседняга дому выйшла пара мясцовых жыхароў з двума малымі сабачкамі без павадкоў. Сяргей некалькі разоў папрасіў іх навязаць гадаванцаў, бо лябрадор мог тых укусіць. Польскамоўны мужчына пачуў усходні акцэнт беларуса і стаў казаць, каб ён «валіў ва Ўкраіну». А калі даведаўся, што Сяргей зь Беларусі, — «каб валіў дадому».

З словаў Пелехава, польскамоўны сусед падышоў да іх, пхнуў жонку Сяргея так, што яна ўпала на клюмбу, а потым пачаў біць Сяргея. Беларус упаў і ўдарыўся аб плітку галавой і рукой. У выніку ў Пелехава быў разьбіты да крыві локаць, пашкоджаныя другі локаць і калена, пад вокам застаўся сіняк. Да канфлікту далучыліся палякі, якія сядзелі на лавачцы: адзін словамі, другі заліў сужэнцаў газам з балёнчыку. Нападнікі пакінулі месца здарэньня да прыезду паліцыі. Ці кагосьці зь іх затрымалі, дагэтуль невядома.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Рука Сяргея Пелехава пасьля зьбіцьця
Рука Сяргея Пелехава пасьля зьбіцьця

Пелехаў здолеў запісаць частку інцыдэнту на відэа. Пасьля нападнік выбіў у яго з рук тэлефон і разьбіў экран. На відэа, якое Сяргей пазьней апублікаваў у сетках, відаць і чуваць, як польскамоўны мужчына абражае беларуса, замахваецца на яго і кажа, каб той не здымаў відэа, а спадарожніца таго мужчыны выгукае ягонае імя і спрабуе яго спыніць. Сяргей, зь ягоных словаў, перадаў у паліцыю гэтае відэа, на якім, нягледзячы на кепскае асьвятленьне, досыць добра відаць твар нападніка.

Як пракамэнтавала Свабодзе прэс-сакратарка камісарыяту паліцыі варшаўскіх раёнаў Бяляны і Жалібаж падінспэктар Эльвіра Казлоўская, здарэньне сапраўды адбылося 15 жніўня па вуліцы Сэгэдынскай у Варшаве.

«Мужчына беларускай нацыянальнасьці разам з жонкай маюць статус пацярпелых. Ідзе разгляд справы па факце правапарушэньня, зьвязанага з парушэньнем функцыяў арганізму. У цяперашні час матэрыялы справы перадалі ў пракуратуру для праўнай ацэнкі ў адпаведнасьці з крымінальным заканадаўствам», — пракамэнтавала хаду справы прэс-сакратарка аддзелу паліцыі Эльвіра Казлоўская.

Як паведаміў Свабодзе Сяргей Пелехаў, у паліцыі яму сказалі, што справу завялі паводле артыкулу 157 Крымінальнага кодэксу Польшчы «Цялесныя пашкоджаньні лёгкай або сярэдняй цяжкасьці». Зь ягоных словаў, справу плянавалі перакваліфікаваць зь сярэдняй ступені цяжкасьці (калі здароўе парушанае даўжэй за сем дзён) на лёгкую ступень.

У польскай паліцыі пра магчымасьць разгляду справы з улікам дзеяньняў нападнікаў, выкліканых нацыянальнасьцю пацярпелых, не гавораць. Як кажа Сяргей Пелехаў, даючы сьледчым паказаньні, ён заявіў, што на яго «напалі толькі і выключна на нацыянальным фоне», і бачыў, што гэтыя словы запісалі ў пратакол апошнім абзацам.

На пытаньне Свабоды, ці паліцыянты ідэнтыфікавалі нападніка на сужэнцаў Пелехавых, ці яго затрымалі або рабілі зь ім нешта іншае, у паліцыі не адказалі.

Як расказаў Свабодзе сам Сяргей Пелехаў, і ён і ягоная жонка пасьля здарэньня некалькі разоў бачылі на вуліцы мужчыну, які на іх напаў. Сяргей дадае, што пакуль яны не плянуюць пераяжджаць з свайго месца жыхарства, хоць адразу пасьля нападу беларус не выключаў магчымасьці зьмяніць раён.

Сяргею Пелехаву 50 гадоў. Ён зь Віцебску. З канца 2018 году жыве ў Польшчы. І ў Беларусі, і ў Польшчы займаўся рамонтам тэхнікі, кампутараў, тэлефонаў.

Свабода аналізавала раней, чым заканчваюцца ў Польшчы справы, калі беларусаў або ўкраінцаў білі з ксэнафабічных матываў. Часта ў гэтых сытуацыях агрэсараў увогуле не затрымліваюць. Адно з самых жорсткіх пакараньняў, якое мы знайшлі, — два гады ўмоўна для паляка, які напаў на беларуса і зламаў яму нагу. Нагода — беларус слухаў у тэлефоне паведамленьне не па-польску. Асуджанага яшчэ абавязалі выплаціць каля 4600 эўра кампэнсацыі, аднак паляк зьехаў у іншую краіну і нічога не выплачвае.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG