10 710 беларускіх студэнтаў праходзілі навучаньне ў польскіх ВНУ ў зімовым сэмэстры 2025/2026 навучальнага года (па стане на 31 сьнежня 2025 года).
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе намесьніка міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Анджэя Шаптыцкага на запыт намесьніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінэта Паўла Латушкі.
Найбольш беларусаў вучылася ў Варшаўскім унівэрсытэце — 490 чалавек. У лідэрах таксама Ўнівэрсытэт Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне — 486, Унівэрсытэт імя Адама Міцкевіча ў Познані — 453, Польска-Японская акадэмія камп’ютарных тэхналёгій — 405 і Ягелонскі ўнівэрсытэт у Кракаве — 391.
Акрамя таго, 566 беларускіх студэнтаў здабываюць адукацыю ў мэдыцынскіх ВНУ Польшчы, а 54 беларускія навукоўцы і дасьледчыкі працуюць у польскіх акадэмічных установах.
Прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэньні Павел Баркоўскі адзначыў, камэнтуючы гэтыя лічбы, падкрэсьліў, што вялікая колькасьць беларускіх студэнтаў у Польшчы сьведчыць пра выбар многімі маладымі людзьмі і іх бацькамі якаснай эўрапейскай адукацыі замест ідэалягізаванага навучаньня ў Беларусі:
«Колькасьць нашых студэнтаў у паасобных унівэрсытэтах Польшчы стварае вялікія зямляцтвы, з якіх, хочацца верыць, выйдуць тыя людзі, хто пасьля вернецца зьмяняць Беларусь. З іншага боку, на жаль, мы назіраем і нэгатыўны трэнд — скарачэньне колькасьці беларускіх навучэнцаў за апошні год, што стала вынікам зьмены ўмоў прыёмнай кампаніі. Спадзяюся, аднак, гэта не будзе мець працяглага эфэкту ў будучыні».
Чаму гэта важна
Польшча ўваходзіць у лік краін замежжа, дзе беларуская моладзь актыўна атрымлівае вышэйшую адукацыю, у тым ліку пасьля рэпрэсій у сябе на радзіме. Сотні беларусаў, выгнаных з ВНУ дома, вучыліся ў Польшчы па стыпэндыяльнай праграме імя Кастуся Каліноўскага, якую фінансуе ўрад Польшчы.
Павел Латушка з гэтай нагоды падкрэсьліў, што беларусы, якія атрымліваюць адукацыю ў Польшчы, — гэта значны інтэлектуальны патэнцыял для будучыні сваёй краіны:
«Тысячы маладых беларусаў сёньня вучацца ў найлепшых унівэрсытэтах Польшчы, якія таксама ўваходзяць у лік вядучых у Эўропе. Гэта наш велізарны інтэлектуальны патэнцыял для будучыні Беларусі, авангард, які здольны будаваць сучасную і квітнеючую дзяржаву. Усе гэтыя студэнты маглі б атрымліваць веды і працаваць дома, і наша краіна не страчвала б адны са сваіх найлепшых кадраў, калі б не рэпрэсіўная палітыка Лукашэнкі. Яна пазбаўляе пэрспэктыў як Беларусь у цэлым, так і маладых людзей, якія імкнуцца жыць і разьвівацца ў нармальнай, дэмакратычнай і вольнай краіне».
Форум