Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць беларускіх студэнтаў у польскіх ВНУ пасьля хвалі поствыбарчых рэпрэсій дасягнула 9,7 тысячы


Акцыя пратэсту студэнтаў. Менск, кастрычнік 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.
Акцыя пратэсту студэнтаў. Менск, кастрычнік 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.

З-за рэпрэсій, разьвязаных рэжымам Лукашэнкі, зь Беларусі ў Польшчу зьехалі вучыцца яшчэ 1300 студэнтаў.

Колькасьць беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Польшчы, павялічылася ў параўнаньні з 2020 годам больш чым на 1,3 тысячы чалавек. Пра гэта агенцтву PAP распавёў кіраўнік адукацыйнага фонду «Perspektywy» Вальдэмар Сівінскі.

Цяпер у Польшчы вышэйшую адукацыю атрымліваюць звыш 9,7 тысячы беларусаў. Найбольшая колькасьць замежных студэнтаў у польскіх ВНУ па-ранейшаму з Украіны — 38,5 тысячы чалавек. Амаль 37% атрымліваюць вышэйшую адукацыю на ангельскай мове. Многія з-за пандэміі навучаюцца дыстанцыйна.

Рэзка зьменшылася колькасьць студэнтаў зь Індыі — цяпер іх у Польшчы 2,5 тысячы, хаця два гады таму было на тысячу больш. Гэта найперш зьвязана зь візавымі цяжкасьцямі для грамадзян гэтай азіяцкай краіны. Ва Ўкраіне, куды індыйцам трапіць прасьцей, па словах Сівінскага, іх ужо больш за 18 тысяч.

За ўдзел у мірных акцыях пратэсту рэпрэсіям падвергліся студэнты многіх беларускіх ВНУ: некаторых адлічылі, больш за 40 чалавек праходзяць па крымінальных справах, многія, баючыся перасьледу, выехалі з краіны. Польшча ўвяла льготы для адлічаных беларускіх студэнтаў.

Праграма імя Каліноўскага

Восеньню мінулага году ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі ў Беларусі і значнай колькасьцю рэпрэсаваных дырэктар стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, параіўшыся зь дзяржаўнымі і ўнівэрсытэцкімі ўладамі, прыняў рашэньне аб дадатковым наборы.

Заяўкі па праграме KK — III прымаюцца на пастаяннай аснове, пакуль ня скончыцца ліміт месцаў, гаворыцца ў адмысловай заяве. Веданьне польскай мовы не зьяўляецца ўмовай атрыманьня стыпэндыі. Удзельнікамі КК — III могуць быць толькі грамадзяне Беларусі, да якіх пасьля 9 жніўня ў выніку супрацьпраўных дзеяньняў беларускіх уладаў адносіцца адна з наступных абставінаў:

  • Затрымлівалі, арыштоўвалі, зьбівалі, катавалі
  • Звольнілі з працы ці адлічылі з ВНУ
  • Падвяргалі эканамічнаму ці псыхалягічнаму ціску, які зрабіў немагчымым працягваць адукацыю альбо працу ў Беларусі.

Стыпэндыяльная праграма ўраду Рэспублікі Польшча імя Кастуся Каліноўскага плянуе накіраваць усіх асобаў на гадавы курс польскай мовы (акрамя тых, хто валодае мовай і можа пацьвердзіць гэта адпаведным сэртыфікатам). Пасьля гэтага кандыдаты будуць паступаць ва ўнівэрсытэты на свой выбар.

Студэнты атрымліваюць штомесячную стыпэндыю ў памеры 1250 злотых на бакаляўрэаце (1-3 год навучаньня на адзінай пяцігадовай праграме) і 1500 злотых на магістратуры (4-5 год на адзінай пяцігадовай праграме).

Пералік неабходных дакумэнтаў для падачы заяўкі ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG