Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паводле нацыянальнай прыкметы». Чым заканчваюцца расьсьледаваньні справаў аб нападах на беларусаў у Польшчы

Сьвяткаваньне Дня Волі ў Варшаве, 2026 год. Ілюстрацыйнае фота
Сьвяткаваньне Дня Волі ў Варшаве, 2026 год. Ілюстрацыйнае фота

Свабода паглядзела, чым заканчваюцца праявы ксэнафобіі палякаў да беларусаў у Польшчы, ці затрымліваюць нападнікаў і як іх караюць.

У крымінальным заканадаўстве Польшчы ёсьць тры артыкулы, якія падыходзяць пад азначэньне «Злачынствы на глебе нянавісьці» — артыкул 119 Крымінальнага кодэксу (гвалт і незаконныя пагрозы), артыкул 256 (прапаганда таталітарызму і распальваньне нянавісьці) і артыкул 257 (абраза групы асобаў або чалавека). У апублікаванай афіцыйна статыстыцы няма зьвестак аб тым, прадстаўнікі якіх нацыянальнасьцяў становяцца ахвярамі такіх злачынстваў. Выключэньне зробленае толькі для злачынстваў з прыкметамі антысэмітызму і скіраваных супраць прадстаўнікоў народу рамá (такія зьвесткі ёсьць у статыстыцы, якую Польшча падае ў АБСЭ).

У польскіх СМІ можна знайсьці згадкі аб тым, што шмат злачынстваў на глебе нянавісьці зараз робіцца супраць грамадзян Украіны, якія пасьля лютага 2022 году масава пераехалі жыць і працаваць у Польшчу.

Паводле Офісу ўпаўнаважанага ў правах чалавека ў Польшчы, які спасылаецца на зьвесткі Галоўнай камэндатуры паліцыі, у 2025 годзе ў краіне афіцыйна зафіксавалі 1010 злачынстваў на глебе нянавісьці. У 2024 годзе такіх злачынстваў у краіне зафіксавалі 757. Афіцыйнай статыстыкі за 2026-ы пакуль няма.

Ад колькіх злачынстваў на глебе нянавісьці пацярпелі беларусы, таксама дакладна невядома. З вывучэньня выпадкаў, якія сталі публічнымі дзякуючы мэдыя, можна зрабіць выснову, што беларусы ў Польшчы становяцца ахвярамі нападаў праз выкарыстаньне расейскай мовы або праз свой усходні акцэнт. Нападнікі часта блытаюць іх з украінцамі, а даведаўшыся аб сваёй памылцы, ужо не спыняюцца.

Свабода прасачыла, як склаліся справы беларусаў, якія ў розны час сталі ахвярамі ксэнафобскіх нападаў у Польшчы, як каралі злачынцаў і як падыходзілі да расьсьледаваньня польскія сьледчыя органы.

Разьбітыя рукі, калена, сто злотых ад кліенткі на аднаўленьне

50-гадовы беларус Сяргей Пелехаў, які жыве ў Варшаве каля сямі гадоў, сутыкнуўся з агрэсіўнай праявай ксэнафобіі сёлета ў жніўні, калі ўвечары выйшаў з жонкай на шпацыр выгуляць іхнага лябрадора. Па дарозе сужэнцам трапілася пара палякаў з малымі сабачкамі без павадку. Сяргей папрасіў мінака ўзяць гадаванцаў на павадок, каб іхны лябрадор іх раптам не ўкусіў. Ён гаварыў па-польску, але з акцэнтам. На думку суразмоўцы, у яго добры ўзровень валоданьня мовай, аднак акцэнт усё адно чуваць.

Незнаёмец адрэагаваў на просьбу агрэсіўна, расказвае Сяргей. Ён стаў яму груба казаць: «Wyp…dalaj do Ukrainy», «Wyp…dalaj do domu» (вымятайся ва Ўкраіну, вымятайся дадому). Ударыў ягоную жонку, потым штурхнуў яго, ад чаго беларус упаў на зямлю. У выніку Сяргей быў увесь у крыві, з моцна разьбітым локцем адной рукі, пашкоджанымі локцем другой рукі і каленам, зь сіняком пад вокам. Незнаёмец выбіў у яго з рук тэлефон, пры падзеньні той разьбіўся. Потым да канфлікту далучыліся іншыя палякі, якія спачатку назіралі з лаўкі. Адзін зь іх распыліў газ на беларусаў і іхнага сабаку. Людзі, якія ведаюць Сяргея, пазьней характарызавалі яго ў сетках як лагоднага, зусім не канфліктнага чалавека.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Разьбітая рука Сяргея Пелехава
Разьбітая рука Сяргея Пелехава

Справа набыла шырокі розгалас, трапіла ў мэдыя. Сяргей здолеў запісаць першую частку нападу на відэа, якое аднавіў з разьбітага тэлефона толькі празь дзён пяць пасьля інцыдэнту. На запісе чуваць, як паляк патрабуе «не здымаць» і часта паўтарае польскую лаянку kurwa, а спадарожніца таго паляка гучна крычыць і просіць яго стрымацца, спрабуе адцягнуць зь месца канфлікту. На відэа добра бачны твар нападніка.

Твар Сяргея Пелехава пасьля зьбіцьця
Твар Сяргея Пелехава пасьля зьбіцьця

Сяргей Пелехаў расказаў Свабодзе, што пакуль ня меў часу, каб перадаць відэазапіс паліцыі. Заяву аб пабіцьці ён напісаў адразу пасьля здарэньня. Пакуль Пелехаву ніхто не паведамляў аб затрыманьні нападнікаў. Сяргей адзначыў, што пасьля таго як ён апублікаваў у сацыяльных сетках фота пабіцьця і апісаньне здарэньня, яму сталі званіць знаёмыя.

«Я дзьве гадзіны размаўляў па тэлефоне з рознымі знаёмымі, сябрамі. Усе прапаноўваюць пасільную дапамогу — зьвяртацца сьмела, без праблем. Я пакуль сам нібыта справіўся. Адна дзяўчына скінула 100 злотых на картку. Я толькі цяпер пра гэта даведаўся, калі тэлефон аднавіў, уключыў і ўбачыў у банкаўскай аплікацыі. Яна напісала „За дапамогу ў рамонтах (Сяргей займаецца рамонтам электронікі. — РС) і на аднаўленьне здароўя“», — кажа суразмоўца.

Ён прызнаецца, што маральна пакуль ня вельмі справіўся з сытуацыяй.

«Я папраўдзе баюся там хадзіць — вакол таго будынку», — кажа Сяргей.

Свабода зьвярнулася наконт гэтага выпадку ў паліцыю варшаўскага раёну Бяляны 17 жніўня. Адказу аб стане расьсьледаваньня мы пакуль не атрымалі.

Два гады ўмоўна за зламаную нагу

Беларус Барыс* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) жыве ў Беластоку. Ён расказаў Свабодзе, што ў лістападзе 2023 году на яго нечакана напаў малады паляк. Тады было дзяржаўнае сьвята, імаверна, Дзень незалежнасьці Польшчы 11 лістапада. Барыс позна ўвечары па цэнтры гораду вяртаўся зь сьвяткаваньня дня народзінаў і слухаў галасавое паведамленьне, якое яму даслаў сябар. Рабіў гэта праз дынамік тэлефона, бо слухаўкі разрадзіліся. Паведамленьне, як зараз узгадвае Барыс, было або на расейскай, або на ўкраінскай мове.

«Тут п’яны паляк пачуў мову і адразу пачаў біцца са мной. Ён быў вельмі здаровы, кіляграмаў 120. Яму было гадоў 25. Я адскочыў ад яго і сказаў, што выклікаю паліцыю. Ён пачаў агрэсіўна на мяне бегчы. Мы забеглі ў кругласуткавую краму побач. Ён мяне выцягнуў на вуліцу. Я пасьлізнуўся, упаў. Ён скокнуў мне на нагу ўсёй сваёй масай. У мяне быў двайны пералом (нагі. — РС). У мяне адразу быў боль», — успамінае той вечар у размове з Свабодай Барыс.

Устаць ён ужо ня змог, працягвае аповед суразмоўца. У гэты час прадавец крамы на просьбу беларуса выклікаў паліцыю. Паліцыя і «хуткая» прыехалі досыць хутка. Відэакамэры, як потым высьветлілася, у ваколіцах гэтага канфлікту не працавалі, дадае суразмоўца. Аднак нападніка затрымалі амаль адразу: ён сядзеў у суседнім двары на лавачцы і выпіваў.

Барыс мяркуе, што мова галасавога паведамленьня стала трыгерам для нападу. Хоць ён адзначае, што, калі атрымаў першы удар, увогуле нічога не казаў. Дакладных матываў нападніка ён дагэтуль ня ведае. Лекаваньне для беларуса было бясплатным, бо ён меў польскую мэдычную страхоўку. За свае грошы ён купіў толькі мыліцы і лянгету для нагі.

«Мне зрабілі апэрацыю. Дагэтуль жалеза ў калене і ступні. Чакаю чаргу, каб яго дастаць. Калі цяжкі дзень, калі я шмат хаджу або шмат займаюся (спортам. — РС), то ўвечары калена крыху стамляецца. Сказалі, можна не даставаць жалязякі, але яна можа пачаць непакоіць, калі не даставаць», — дзеліцца суразмоўца.

Акцыя салідарнасьці з беларусамі ў Беластоку. 2023 год
Акцыя салідарнасьці з беларусамі ў Беластоку. 2023 год

Суд у гэтай справе, працягвае Барыс, ужо скончыўся. Беларус выйграў справу. Нападніку далі два гады ўмоўна і прызначылі рэабілітацыю ў наркацэнтры. Да таго ж забавязалі выплаціць Барысу 20 тысяч злотых (каля 4600 эўра) маральнай шкоды.

«Два гады ўмоўна, можа, і слабое пакараньне. Але добра, каб ён прайшоў лячэньне, каб наступным разам такіх агрэсіўных дзеяньняў не рабіў», — мяркуе суразмоўца.

Аднак у выніку нападнік так нічога і не заплаціў пацярпеламу, кажа Барыс. Наколькі ён ведае, абвінавачаны цяпер жыве ў Бэльгіі. Ён не прыходзіў на суд. Да таго ня меў маёмасьці ў Польшчы, каб можна было гэтыя грошы спагнаць.

«На судзе былі толькі я, перакладнік і прадавец крамы, які гэта ўсё бачыў. Нападніку далі дзяржаўнага юрыста і прызначылі яму прымусовае абсьледаваньне. Але, я так разумею, ён і не прыедзе. Трэба схадзіць да судовых выканаўцаў. Яны казалі, што могуць зноў адкрыць справу і спраўдзіць, ці не зьявілася ў яго маёмасьць. Адкрыць справу каштуе ўсяго 100 злотых (каля 23 эўра)», — расказвае Барыс.

Сама высьветліла імя і месца працы нападніка

На беларуску Марыну Нікандрыну незнаёмы напаў у Варшаве 30 траўня. Яна раней расказвала Свабодзе, што ішла па ходніку ў цэнтры гораду, калі мужчына побач па-польску груба загадаў ёй саступіць дарогу і назваў «каровай». Беларуска адышла і па-польску адказала: «Прабачце, тут, відаць, мала месца, каб прайсьці». Пасьля гэтага, як расказвае Марына, мінак яе адпіхнуў, пачаў крычаць, каб яна «валіла ва Ўкраіну», абражаў. Калі даведаўся, што яна беларуска, працягнуў пасылаць яе ўжо ў Беларусь, называў яе «расейскай падсьцілкай», лаяўся.

З словаў Марыны, яна пазваніла ў паліцыю. А калі зразумела, што незнаёмец зьбіраецца сысьці, пачала здымаць яго на тэлефон. У адказ ён ударыў беларуску. Пасьля ўдару яна яшчэ ішла за ім і прасіла мінакоў дапамагчы затрымаць яго да прыезду паліцыі. Але ёй ніхто не дапамог, нападнік уцёк. Паліцыянты, паводле пацярпелай, прыехалі досыць хутка. Яна падала заяву, перадала відэазапіс і здымкі, на якіх добра відаць твар нападніка. Стаўленьне паліцыянтаў пры падачы заявы Марына назвала добразычлівым. Яны нават папрасілі прабачэньня.

Праз два месяцы Марыне паведамілі, што матэрыялы перадалі ў пракуратуру. 21 жніўня ёй прыйшоў адтуль ліст. Там гаварылася, што ў ейным выпадку завялі крымінальную справу.

«Мяне гэта парадавала, бо маглі ж адмовіць, маўляў, недастаткова падставаў ці нешта яшчэ. Самае галоўнае, што адзначылі: „паводле нацыянальнай прыкметы“, бо гэта павялічвае крышку і тэрмін, і стаўленьне. Ксэнафобія не вітаецца», — камэнтуе сытуацыю Марына.

Беларуска Марына Нікандрына і мужчына, які абразіў і ўдарыў яе на вуліцы ў Варшаве
Беларуска Марына Нікандрына і мужчына, які абразіў і ўдарыў яе на вуліцы ў Варшаве

Нікандрына расказала Свабодзе, што сама даведалася імя і прозьвішча чалавека, які на яе напаў, а таксама месца ягонай працы. Яна перадала гэтую інфармацыю паліцыі ў пачатку жніўня. Калі ж спрабавала высьветліць у пракуратуры, ці яны ўрэшце знайшлі ейнага крыўдзіцеля, ёй не адказалі на гэтае пытаньне.

«Вельмі дзіўна, што ўжо тры тыдні ня могуць знайсьці чалавека, дадзеныя якога ўжо вядомыя — імя, месца працы, фота на ўвесь экран. Ёсьць жа сыстэма распазнаваньня твараў. Вельмі дзіўна, што яны так доўга ня могуць знайсьці чалавека», — разважае Марына.

Суразмоўца дадае, што ёй страшна было і да гэтага нападу. Імкнулася не гаварыць у публічных месцах па-расейску. Страшна было ісьці за нападнікам і здымаць яго на тэлефон. Але яна не хацела пакідаць такія паводзіны мінака без рэакцыі.

Марына расказала, што і раней яе абражалі за тое, што яна ня полька. У сталоўцы касірка была моцна нападпітку, казала ёй «Spie…laj na Ukrainę» і паказвала сярэдні палец. Беларуска зьняла гэта на відэа і выклікала паліцыю. Як ёй потым паведамілі, гэтую супрацоўніцу звольнілі.

«Я плачу табе грошы. Я знаходжуся ў грамадзкім месцы. Ты што сабе дазваляеш?» — разважае Марына.

Гданьск, Уроцлаў, Варшава

Пра выпадкі, калі беларускія палітычныя ўцекачы становяцца ахвярамі нападаў у Польшчы, СМІ паведамляюць рэгулярна. Аднак далёка не заўсёды становіцца вядома, чым скончылася расьсьледаваньне такіх злачынстваў.

У чэрвені 2023 году на пару беларусаў ва Ўроцлаве напаў мінак, калі яны проста сядзелі ў аўтамабілі зь беларускімі нумарамі, пісала выданьне Most Media. Мужчына плюнуў у акно, а потым стаў біць кіроўцу і пасажырку. На дапамогу ім прыйшлі іншыя кіроўцы. Пацярпелыя выклікалі паліцыю, нападніка тады затрымалі. Ім аказаўся грамадзянін Украіны, які каля дзевяці гадоў жыў у Польшчы. Пасьля двух дзён у ізалятары яго адпусьцілі да суду. Пракурор прасіў, каб абвінавачанаму далі восем гадоў пазбаўленьня волі і кампэнсацыю шкоды, аднак яго асудзілі на два гады ўмоўна і абавязалі выплаціць пацярпелым дзьве тысячы злотых (каля 460 эўра) кампэнсацыі. Мужчына не прызнаў сваёй віны, казаў у судзе, што ён паляк, хоць ня меў польскага грамадзянства, а толькі сталы дазвол на жыхарства.

Шэсьце ў Дзень незалежнасьці Польшчы ў Варшаве, у якім традыцыйна ўдзельнічаюць прыхільнікі нацыяналізму і кансэрватыўных каштоўнасьцяў. Лістапад 2020 году
Шэсьце ў Дзень незалежнасьці Польшчы ў Варшаве, у якім традыцыйна ўдзельнічаюць прыхільнікі нацыяналізму і кансэрватыўных каштоўнасьцяў. Лістапад 2020 году

У жніўні 2024 году польскія нацыяналісты пабілі беларуса і ўкраінца, які курылі і размаўлялі па-расейску каля пад’езду свайго дому, пісала выданьне Most Media. Інцыдэнт адбыўся ў Варшаве. У беларуса ўжо пяць гадоў было польскае грамадзянства. Да мігрантаў падышлі трое хлопцаў 20–25 гадоў. Сказалі, каб тыя «валілі ва Ўкраіну». У аднаго зь іх быў кастэт. Яны пачалі біць прыежджых, павалілі на зямлю, білі нагамі. Беларус страціў прытомнасьць. У шпіталі ў яго дыягнаставалі пералом вачніцы і страсеньне мозгу, лекары дапускалі праблемы зь сеткавіцай. Вядома, што паліцыя завяла крымінальную справу па гэтым інцыдэнце. Чым скончылася сытуацыя, невядома.

У лістападзе 2024 году ў Гданьску пабілі беларуса, які вяртаўся дадому празь лесапарк, пісала выданьне Most Media. У нейкі момант ён спыніўся, каб закурыць, і ціха ўключыў на тэлефоне ўкраінскую песьню. У гэты момант да яго падышоў паляк і стаў біць — нібыта за тое, што ён падглядаў за палякам і яго дзяўчынай у кустах. Нападнік казаў таксама, каб беларус ехаў ваяваць ва Ўкраіну. У выніку пабіцьця ў беларуса дыягнаставалі пералом рабра і разрыў селязёнкі — яе выдалілі. Ці затрымалі і пакаралі нападніка, таксама невядома.

«Сіла інтэрнэту, вядома, працуе»

Беларуска Марына Нікандрына, якую ўдарыў і абразіў незнаёмы мужчына ў цэнтры Варшавы празь ейны акцэнт, мяркуе, што пра выпадкі ксэнафобіі трэба паведамляць. Дадае, што ў ейным выпадку прыкладна паўтара-два месяцы яна нічога ня ведала аб сваёй справе і не магла дазваніцца да адказных установаў, каб атрымаць інфармацыю. Калі ж відэа з нападам апублікавалі ў канале «Рэальная Варшава», а потым і на Радыё Свабода, ёй, расказвае суразмоўца, патэлефанаваў паліцыянт з словамі «Мне сказалі вас набраць, расказаць, дзе вашая справа». Ад яго Марына даведалася, што справа ў пракуратуры.

«Сіла інтэрнэту, вядома, працуе. Яны, па-першае, можа, нічога б не рабілі (калі б не было розгаласу. — РС), прынамсі ня так хутка. А другі момант — я не знайшла б гэтага чалавека. Гэта хтосьці ўбачыў і напісаў мне ў інстаграм: „Я яго ведаю“. Я вельмі ўдзячная», — кажа Нікандрына.

Марына адзначае, што яна як юрыстка ня можа пакідаць абразы ці іншую несправядлівасьць без рэакцыі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Мы столькі ўсяго страцілі, мы столькі змагаліся за сваю свабоду, каб нас тут абражалі?» — задае суразмоўца рытарычнае пытаньне.

Яна хоча, каб людзі, якія абражаюць іншых або нападаюць на іх на падставе нацыянальнай прыкметы, ведалі, што іх за гэта пакараюць. Суразмоўца мяркуе, што ў некаторых выпадках, прыкладам, пры абразах, можа быць дастаткова ўмоўнага тэрміну.

«Самае галоўнае, каб гэта афішавалася. Каб наступным разам іншы паляк падумаў: калі я абражу кагосьці паводле нацыянальнай прыкметы, то панясу пакараньне. Дый з крымінальным артыкулам, нават калі гэта ўмоўнае пакараньне, — ня вельмі прыемна, ты носіш даведку на працу, нешта яшчэ», — разважае пацярпелая беларуска.

Лепш прафіляктыка, а не пакараньне

Пацярпелы ад нападу беларус Барыс задаволены працай усёй польскай дзяржаўнай сыстэмы ў ягонай справе. Паліцыянты адразу затрымалі нападніка. Некалькі разоў пасьля апэрацыі Барыса выклікалі на допыты. На судзе перакладніка яму далі бясплатна.

«Мяне перапытвалі, калі я нешта не разумею. Перакладнік быў добры. Ён мне ўсё тлумачыў. Судзьдзя была добрая. Усё было вельмі прыстойна», — успамінае беларус.

Таксама ён зьвярнуўся па дапамогу да бясплатнай адвакаткі. Яна дапамагла пацярпеламу скласьці заяву на кампэнсацыю шкоды: 20 тысяч злотых (каля 4600 эўра) кампэнсацыі маральнай шкоды і 20 тысяч кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды.

Аднак у судзе задаволілі толькі кампэнсацыю маральнай шкоды, а наконт матэрыяльнай шкоды (ён ня мог працаваць падчас лекаваньня) параілі яму зьвярнуцца ў іншы, адміністрацыйны суд. Барыс вырашыў спачатку дачакацца, пакуль асуджаны выплаціць першую частку кампэнсацыі.

Некалькі месяцаў таму Барысу прыйшоў ліст з суду, што справу аднавілі, бо ўмоўны тэрмін скончыўся, а абвінавачаны не абсьледаваўся і ня выплаціў кампэнсацыю.

Іншых выпадкаў ксэнафобіі супраць Барыса не было, кажа ён. Пасьля таго нападу яму ня страшна хадзіць па вуліцах Беластоку і размаўляць па-беларуску або па-расейску.

«Я лічу, што патрэбная адпаведная рыторыка ад уладаў Польшчы: „Гэта нармальна, калі ў нас ёсьць мігранты, яны працуюць, плацяць падаткі, падымаюць эканоміку“. Можа, нейкую рэклямную кампанію рабіць пра гэта. Ня ўсе палякі разумеюць, што ад таго, што прыехала шмат беларусаў і ўкраінцаў, эканоміка Польшчы расьце. Адкрываюць бізнэсы, працуюць людзі», — разважае Барыс.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG