Беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы на гуманітарных падставах, могуць запрашаць сваякоў праз консула на падставе натарыяльнага запрашэньня.
Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка зьвярнуўся да Міністэрства замежных спраў Польшчы. Цяпер ён атрымаў адказ.
«Калі казаць пра сытуацыю грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча на падставе гуманітарных візаў, дазволаў на часовы побыт, атрыманых з гуманітарных прычынаў, або дадатковай абароны, варта выразна падкрэсьліць, што бліжэйшыя члены сем’яў гэтых асобаў (бацькі, дзеці, дзядулі, бабулі, унукі) маюць магчымасьць зьвяртацца па візы на падставе натарыяльна завераных запрашэньняў», — гаворыцца ў адказе Міністэрства замежных спраў Польшчы.
У чым пытаньне?
Праблема з запрашэньнем сваякоў у Польшчу востра стаіць для тысячаў беларусаў, якія пасьля 2020 году эмігравалі з краіны і ня маюць магчымасьці вярнуцца ў Беларусь, бо супраць іх заведзеныя ці могуць быць заведзеныя крымінальныя справы.
Праблема была ў тым, што пасьля звароту ў консульства Польшчы ў Менску з просьбай разгледзець магчымасьць выдачы візаў для бацькоў, людзі атрымалі адказ, што асобы, якія маюць часовы від на жыхарства, могуць запрасіць сваіх бацькоў у Польшчу пры ўмове афармленьня для іх запрашэньня, зробленага ў Ваяводзкім упраўленьні.
У сваю чаргу, у Ваяводзкім упраўленьні адказалі, што запрашэньне можа аформіць замежнік, які непасрэдна перад выдачай запрашэньня легальна і бесьперапынна пражываў ня менш за 5 гадоў на тэрыторыі Польшча, альбо мае дазвол на пастаянны побыт, альбо дазвол на побыт доўгатэрміновага рэзыдэнта Эўразьвязу. Раней гэты закон быў іншы.
Адказваючы на зварот Латушкі з гэтай нагоды, МЗС Польшчы таксама адзначыў, што «ў ліставаньні з консулам з мэтай прызначэньня даты падачы візавай заявы гэтыя асобы павінны падаць поўную інфармацыю пра падставу атрыманьня права на жыхарства ў Польшчы. Консул, атрымаўшы толькі скан карты побыту з адзнакай „доступ да рынку працы“, ня можа вызначыць, ці была карта атрыманая на падставе дазволу на часовы побыт і працу, ці з гуманітарных прычынаў, якія таксама даюць права на працаўладкаваньне, хоць сама падстава для падачы заявы на права на жыхарства зусім іншая.
Каб консул мог прыняць правільнае рашэньне наконт прымяненьня прэфэрэнцыйнага шляху да канкрэтнай асобы, ён павінен валодаць поўнай інфармацыяй пра таго, хто запрашае. Магчымыя непаразуменьні могуць быць вынікам адсутнасьці поўнага бачаньня справы».
Форум