Візавая экспэртка Анастасія Лысакоўская ў размове з Свабодай кажа, што сёлета сытуацыя з турыстычнымі шэнгенскімі візамі для беларусаў ў лепшы бок амаль не зьмянілася. Па-ранейшаму цяжка запісацца ў візавыя цэнтры; стражэйшыя правілы вэрыфікацыі асобы; беларусы павінны ня толькі мець даволі сур’ёзную суму на банкаўскім рахунку, але і прадэманстраваць «рух» сродкаў у ім.
Найбольш імаверныя варыянты атрыманьня візаў, на якое яшчэ можна запісацца ўлетку, — Гішпанія і Грэцыя, кажа суразмоўца. Але ёсьць і іншыя магчымасьці.
Гішпанія: дорага
Гішпанцы разглядаюць дакумэнты беларусаў у Маскве, два разы на месяц «выкідваючы» даты запісу на сайце BLS International. Турыстычныя фірмы прапаноўваюць паслугу безасабовай падачы (усе дакумэнты перадаюцца фірме, якая сама дастаўляе іх у візавы цэнтар Гішпаніі, а чалавек прыходзіць проста зрабіць адбіткі пальцаў). Праўда, каштуе гэта нятанна: 900 беларускіх рублёў плюс збор яшчэ 640.
Дакумэнты разглядаюць у сярэднім 3 тыдні. Візу можна прасіць ня менш чым за 45 дзён ад моманту падачы (альбо пазьней).
«Выдаюць у асноўным або на адну паездку, або на 3 месяцы. Многае залежыць ад візавай гісторыі (калі чалавек раней меў гішпанскія візы, ён можа атрымаць новую шэнгенскую на крыху даўжэйшы тэрмін). Візы на адзін год бываюць, але ў 1 з 10 выпадкаў», — кажа Анастасіся Лысакоўская.
Гішпанія вядомая адмовамі ў візе з прычыны фінансавай нестабільнасьці. Заплаціць шмат грошай за падачу і атрымаць адмову непрыемна. Таму лепш перастрахавацца, раіць візавая экспэртка.
«Рэкамэндую мець на рахунку 2,5–3 тысячы эўра (у якой-хаця валюце) на аднаго чалавека. Чаму такія сумы? На адзін дзень знаходжаньня ў краіне павінна быць мінімальна 118 эўра. То бок, акрамя рэзэрвацыі транспарту і жытла, вы павінны мець немалую суму на перабываньне ў краіне. Да таго ж павінен быць рух грошай на рахунку», — тлумачыць экспэртка.
З словаў Ананстасіі, людзі прыдумалі спосаб абысьці патрабаваньне да рахунку. Пералічваюць грошы з розных крыніц, каб сабралася патрэбная сума, робяць выпіску, а пасьля вяртаюць сродкі тым, у каго іх пазычалі. Ляяльныя пакуль гішпанцы і да тых, хто з гішпанскай візай наведвае іншыя краіны, а ў саму Гішпанію ня едзе. Але гарантаваць брак праблемаў у такім выпадку ўсё адно нельга.
Грэцыя: шмат адмоваў
Даступныя слоты атрымаць візу на лета бываюць, можна запісацца на падачу дакумэнтаў на сайце.
Лепш падаваць дакумэнты мінімум за 21 дзень да плянаванага наведваньня Грэцыі. Разглядаюць заяўкі 2 тыдні. Візу даюць на адну паездку, у лепшым выпадку — на месяц. Атрымаць візу на большы тэрмін амаль нерэальна, кажа Анастасія.
«Грэкі вельмі жорстка разглядаюць фінансавы стан. Ня любяць беспрацоўных. Жонка ў дэкрэце — яшчэ куды ні ішло. Але калі візу просіць 18-гадовы сын, а спонсар — гэта маці, то на 99% будзе адмова.
Грэкі могуць пазваніць працадаўцу і запытацца ў яго, ці сапраўды вы працуеце і атрымліваеце заробак (так што папярэдзьце яго, каб не разгубіўся)», — раіць візавая экспэртка.
Яна рэкамэндуе мець 2 тысячы эўра на рахунку, а таксама каб у ім быў рух як мінімум за 3 месяцы. Да прыкладу, калі цягам году прыходзіла па 500 рублёў у месяц, а потым на рахунку аднаразова зьявілася сума 2,5 тысячы эўра — такі варыянт можа не прайсьці. Таксама грэкі могуць правяраць, ці сапраўды чалавек даехаў да краіны і ці заехаў у заяўлены пры падачы дакумэнтаў на візу гатэль.
«На мяжы трэба дакладна казаць, што едзеце ў Грэцыю, і паказаць квіткі. Гісторыі пра тое, што вы едзеце праз Польшчу і Нямеччыну ў Грэцыю, не праходзяць. Быў выпадак, калі немцы анулявалі візы ў цэлага аўтобуса беларусаў з грэцкімі візамі, якія ехалі ці то ў Гішпанію, ці то ў Італію. Не рызыкуйце! Непраўдападобна, калі віза на два тыдні і вы едзеце празь Нямеччыну», — папярэджвае суразмоўца.
Анастасія дадае, што грэцкая віза — даволі бюджэтны варыянт, ў сэзон ёсьць вялікая імавернасьць яе атрымаць.
Італія: Самая любімая
Італія ў беларусаў фаварыт, пакет дакумэнтаў для падачы даволі просты. Дастаткова паказаць на рахунку суму 1,5 тысячы эўра. Нават калі раней італьянскіх візаў вы ня мелі, рэальна атрымаць шэнген на 3–6 месяцаў. Калі мелі — магчыма і на 1–2 гады. Разглядаюць дакумэнты даволі хутка, за 10–14 дзён.
«Італія мае ляяльны візавы цэнтар, але трапіць туды складана. У ноч на 1 траўня запрацаваў сайт, цяпер ужо з вэрыфікацыяй твару. Але як гэта будзе працаваць, пакуль невядома. Да таго ж італьянскі візавы цэнтар з 1 ліпеня — не TLS TLScontact, а VFS Global. Як усё гэта будзе адбывацца — пакуль незразумела. Нібыта будзе жывая чарга. Ужо абвесьцілі, што сьпіс ахвочых (з нумарамі запісу, большымі за 35 000) будзе перададзены ў новы візавы цэнтар. Як будзе — перададуць, не перададуць, пакуль нявядома», — кажа спадарыня Лысакоўская.
Польшча: самая складаная
Запісацца на візу можна праз сыстэму E-konsulat. Гэта задача «з зорачкай». Але летам злавіць дату прыёму крыху лягчэй, кажа экспэртка.
«Зараз запіс толькі на месцы жыхарстава. Кожны другі аўторак „выкідваюць“ менскую акругу, у сераду–чацьвер — берасьцейскую і горадзенскую. Менская акруга амаль „мёртвая“, запісацца туды вельмі складана, датаў „выкідваюць“ вельмі мала. Імавернасьць „злавіць дату“», — ад месяца да бясконцасьці.
Вялікія складанасьці з вэрыфікацыяй твару і фота ў пашпарце: з узростам твар мяняецца, чалавек можа зьмяніць колер валасоў ці адрасьціць бараду — сыстэма гэтага не прачытвае. Да таго ж сайт часьцяком блякуецца, працуе дрэнна. Ёсьць дзьве або тры спробы ўваходу за содні, калі не ўдалося — вас блякуюць. Пастаянна ўзьнікаюць непрыемныя нюансы», — пералічвае праблемы з запісам у польскія кансуляты Анастасія.
Экспэртка зазначае, што палякі глядзяць на візавую гісторыю. Калі ўдалося запісацца, першую турыстычную візу Польшча дае на адну паездку. Але раней польскія візы (для турызму, на закупы) давалі нават на 3 ці 5 гадоў.
Абавязкова трэба аплаціць рэзэрвацыю гатэлю. Турыстам дастаткова мець на рахунку ад 500 да 1000 даляраў.
Францыя: новы візавы цэнтар
З 2 лютага 2026 году француская амбасада прымае заяўкі на візы праз электронную пошту. Візавая экспэртка нагадвае пра некаторыя акалічнасьці і складанасьці гэтага.
«Заяўка на візу дзейнічае 60 дзён. Калі за 60 дзён вам не прызначылі дату падачы, заяўку трэба падаваць наноў. У цэлым выдача беларусам візаў у французаў наладжана нядрэнна. Яны зьвяртаюць увагу на фінансавую стабільнасьць: пажадана паказаць выпіску аб тым, што на банкаўскім рахунку 2–3 тысячы эўра і ёсьць рух сродкаў. Часам глядзяць на маёмасьць: наяўнасьць кватэры, машыны. І ў выніку даюць камусьці на 3 або 6 месяцаў, камусьці на 1–2 гады, а камусьці — адмова. Адмовы ёсьць. Як каму пашанцуе», — кажа візавая экспэртка.
Нямеччына, Баўгарыя, Румынія, Вугоршчына: ёсьць нюансы
У амбасадзе Нямеччыны чарга ад моманту запісу да атрыманьня запрашэньня на візыт — паўтара года.
«Абавязковы пераклад усіх дакумэнтаў. Калі чалавек быў у Нямеччыне і была віза — правяраюць. 1,5–2 тысячы эўра паказаць на рахунку. Разглядаюць дакумэнты да месяца. Турыстычныя візы даюць на меншыя тэрміны, можна спадзявацца на крыху большы тэрмін „гасьцявых“ візаў. Ня раю падаваць заяву ў баўгарскую амбасаду, калі чалавек не зьбіраецца ехаць у гэтую краіну. Анулююць візы нават на мяжы, калі вы скасуеце рэзэрвацыю гатэля. Вельмі строга правяраюць, ці турысты даехалі да Баўгарыі», — кажа суразмоўца.
У Вугоршчыну лепш купляць тур. Самастойна запісацца ў амбасаду складана. І заяўкі індывідуальных турыстаў разглядаюць горш, чым праз куплены тур.
«Глядзяць на візавую гісторыю. Былі раней візы — ставяць лепш. Калі падаяцеся ўпершыню — візу даюць на адну паездку. Правяраюць, ці заехалі вы ў гатэль, — зьвесткі перадаюць у амбасаду. Калі віза выдадзена на год і вы не даехалі да Вугоршчыны — візу могуць ануляваць.Так што рэкамэндую даехаць да Вугоршчыны, калі атрымалі візу ў яе амбасадзе. Дарэчы, ня ўсе рэзэрвацыі гатэляў і апартамэнтаў прымаюць (сэрвісы рэзэрвацыі жытла Airbnb і Ostrovok.ru ня любяць)», — кажа Анастасія Лысакоўская.
Літва і Чэхія: не выдаюць
Латвія: Толькі гасьцявыя візы блізкім сваякам.
Візавая экспэртка раіць зьвярнуць увагу на тое, што калі чалавек падаецца на візу ў краіну, якая не мяжуе зь Беларусьсю, трэба мець квіток на транспарт, якім ён уяжджае ў шэнгэнскую прастору. І падаваць адразу поўны пакет:
«Вам даецца адзін шанц! Калі візавы цэнтар яшчэ можа дазволіць данесьці нейкія дакумэнты пазьней, то консульства — не. Так што будзе ўважлівыя да ўсіх дробязяў і акуратныя пры запаўненьні дакумэнтаў», — кажа суразмоўца.
Харватыя: шанец для беларусаў за мяжой
Анастасія Лысакоўская падзялілася абнадзейлівай навіной для беларусаў, які знаходзяцца за мяжой ў чаканьні дазволу на жыхарства, міжнароднай абароны або жывуць там з гуманітарнай візай.
«Ёсьць цікавы прыклад: харваты даюць у Польшчы шэнгенскія візы. Маю прыклад атрыманьня такіх візаў. Усе мы ведаем, што „не даюць шэнген у шэнгене“. Я напісала ў харвацкае консульства ў Польшчы, мне адказалі, што даюць турыстычны шэнген на адну паездку, калі чалавек чакае дазволу на жыхарства або мае гуманітарную візу. Даволі лёгкі пакет дакумэнтаў, просты запіс праз электронную пошту. Ёсьць шанец атрымаць разавую візу на 15 дзён. Пакуль я толькі пра Польшчу такое ведаю», — кажа Анастасія.
Форум