У 2025 годзе Латвія адмовіла ва ўезьдзе 1764 іншаземцам, сярод іх былі 297 беларусаў, напісана ў справаздачы Службы дзяржаўнай бясьпекі (СДБ) краіны.
Сярод прычынаў, зь якіх іншаземцаў не пускалі ў краіну, называюцца падтрымка Расеі ў вайне супраць Украіны, а таксама служба ў сілавых структурах Беларусі ці Расеі.
Міграцыйныя службы краіны ў 2025 годзе разгледзелі 14 702 заявы на атрыманьне дазволу на жыхарства і 8195 заяваў на візы. Візу адмовіліся выдаць 295 чалавекам, зь якіх 53 — грамадзяне Беларусі. Адмову ў дазволе на жыхарства атрымалі 144 чалавекі, зь іх 16 беларусаў.
139 чалавек прызналі «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» праз удзел у расейскай прапагандысцкай дзейнасьці, наяўнасьць «выведных або дывэрсійных рызык» або праз падтрымку расейскай агрэсіі. У гэты сьпіс унесьлі чатырох беларусаў.
У справаздачы СДБ гаворыцца, што ўлады Беларусі ў 2025 годзе працягвалі спрыяць нелегальнай міграцыі, праводзілі «дэзынфармацыйныя апэрацыі» супраць Латвіі. Акрамя таго, супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў спрабавалі завязаць кантакт з прадстаўнікамі апазыцыі і дыяспараў у Латвіі.
Служба бясьпекі адзначыла, што некаторых жыхароў Латвіі, у тым ліку грамадзянаў краіны, пры паездках у Беларусь могуць прымусам вэрбаваць, іншымі словамі, схіляць да супрацы зь беларускімі спэцслужбамі.
Форум