17 ліпеня Аляксандар Наўковіч на сваім Youtube-канале расказаў дэталі гэтага інцыдэнту і заявіў, што вымушаны быў пагаліцца пад пагрозай сэксуальнага гвалту і фізычнай расправы з боку іншых беларускіх добраахвотнікаў, сярод якіх назваў Радзівона Батуліна, стваральніка Беларускага добраахвотніцкага корпусу.
Свабода высьветліла, які працяг атрымаў гэты канфлікт.
Ёсьць два звароты аб імаверным вайсковым злачынстве
У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны ў адказе на афіцыйны запыт Радыё Свабода паведамілі, што паводле гэтага інцыдэнту зарэгістравалі два звароты аб магчымым злачынстве супраць вайскоўца-беларуса Аляксандра Наўковіча.
«Звароты пасьля папярэдняга разгляду ў Офісе генэральнага пракурора былі накіраваныя ў Спэцыялізаваную пракуратуру ў сфэры абароны Заходняга рэгіёну», — адзначаецца ў адказе.
Спэцыялізаваная пракуратура, у сваю чаргу, перанакіравала гэтыя звароты ў сваё львоўскае ўпраўленьне, а тыя — у Галоўнае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі ў Львоўскай вобласьці для разгляду, згодна з патрабаваньнямі артыкулу 214 Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны.
Гэты артыкул вызначае парадак пачатку дасудовага расьсьледаваньня, а таксама тэрміны, цягам якіх праваахоўныя органы павінны рэагаваць на заявы аб злачынствах. Паводле працэдуры, паліцыя ня можа адмовіць у прыняцьці і рэгістрацыі заявы аб крымінальным правапарушэньні.
Тэрытарыяльнае вызначэньне органаў, якія мусяць праверыць звароты аб магчымым злачынстве, абумоўлена тым, што Аляксандар Наўковіч служыць у вайсковай частцы, якая дысьлякуецца ў Львове.
Аўтараў гэтых зваротаў у Офісе генэральнага пракурора не назвалі.
У Службе бясьпекі Ўкраіны і Офісе вайсковага амбудсмэна Ўкраіны, які павінен кантраляваць выкананьне правоў вайскоўцаў Узброеных сіл, не адказалі, ці зьвяртаўся хтосьці да іх у справе Аляксандра Наўковіча.
«Вайсковы амбудсмэн абавязаны не раскрываць атрыманыя зьвесткі пра асабістае жыцьцё заяўніка і іншых датычных да скаргі асоб безь іхнай згоды, а таксама не дапускаць раскрыцьця інфармацыі з абмежаваным доступам, якая стала яму вядома пад час выкананьня пакладзеных на яго задач», — адзначыла ў адказе на запыт Свабоды начальніца ўпраўленьня інфармацыйнай палітыкі і міжнароднай супрацы Офісу вайсковага амбудсмэна Ірына Мазур.
У Службе бясьпекі Ўкраіны адзначылі, што «раскрыцьцё крымінальных правапарушэньняў супраць вызначанага парадку нясеньня вайсковай службы (вайсковых крымінальных правапарушэньняў), а таксама дасудовае расьсьледаваньне такіх злачынстваў, заканадаўства вызначыла паўнамоцтвам Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў».
Што здарылася
Сёлета 1 чэрвеня на сацыяльных старонках беларускага добраахвотніка Аляксандра Наўковіча (пазыўны «Лахвіч») зьявіўся нетыповы самапрыніжальны відэазапіс, на якім ён быў без сваіх пазнавальных вусоў і барады і казаў, што «ня варты шляхетнасьці».
17 ліпеня Аляксандар Наўковіч на сваім Youtube-канале расказаў дэталі гэтага інцыдэнту і заявіў, што вымушаны быў пагаліцца пад пагрозай сэксуальнага гвалту і фізычнай расправы з боку іншых беларускіх добраахвотнікаў, сярод якіх назваў Радзівона Батуліна, стваральніка Беларускага добраахвотніцкага корпусу.
Гэты інцыдэнт выклікаў абурэньне сярод часткі беларускай дыяспары і некаторых беларускіх добраахвотнікаў. Некалькі добраахотнікаў таксама пагаліліся на знак салідарнасьці з Аляксандрам Наўковічам.
У сваім відэазапісе Наўковіч таксама агучыў выпадкі ціску Батуліна на прадстаўнікоў беларускай дыяспары і сваякоў загінулых добраахотнікаў, а таксама незаконнае выкарыстаньне «баявых выплат» загінулых.
Прычынай канфлікту з Батуліным ён назваў сваю падтрымку іншага беларускага добраахвотніка Аляксандра Красоўскага (пазыўны «Жэрар»), які некалькі месяцаў знаходзіўся пад вартай паводле абвінавачаньня ў самавольным пакіданьні вайсковай часткі і ў нашэньні, захоўваньні, набыцьці, перадачы і збыце без законнага дазволу зброі і баявых прыпасаў.
Аб палітычнай падтрымцы «Лахвіча» заявіла Каардынацыйная рада, якая 29 жніўня ўхваліла рэзалюцыю аб салідарнасьці зь ім. Падчас абмеркаваньня праекту рэзалюцыі адзначалася, што КР павінна зьвярнуцца ў праваахоўныя органы Ўкраіны з просьбай правядзеньня ўсебаковага расьсьледаваньня гэтага інцыдэнту.
Дакумэнт, у якім адзначалася, што «баявыя заслугі або прыналежнасьць да вайсковай ці палітычнай структуры ня могуць вызваляць анікога ад патрабаваньняў закону», ініцыявалі фракцыі «Рух Воля» і «Беларусы дзеяньня».
У траўні 2024 году Аляксандар Наўковіч удзельнічаў у выбарах Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня і па выніках галасаваньня атрымаў мандат паводле сьпісу «Незалежныя беларусы». На адным з пасяджэньняў ён прадставіў праект закону аб прызнаньні інтэрвэнцыі Расеі ў Беларусь і ўсталяваньні гібрыднай формы акупацыі. Але ўжо ў кастрычніку таго ж году ён заявіў, што вяртаецца на фронт ва Ўкраіну, хоць мандат ён захаваў. Як і Радзівон Батулін, Наўковіч дастаткова жорстка крытыкуе дзейнасьць дэмакратычных сілаў.
Неўзабаве пасьля інцыдэнту, у чэрвені Аляксандар Наўковіч атрымаў складанае раненьне і цяпер знаходзіцца ў шпіталі.
Што кажуць удзельнікі канфлікту
Свабода зьвярнулася па камэнтары да абодвух добраахвотнікаў.
Аляксандар Наўковіч ня стаў камэнтаваць сытуацыю і не адказаў на пытаньне, ці зьвяртаўся ён з заявай аб гэтым інцыдэнце ў праваахоўныя органы Ўкраіны.
«Ня маю права камэнтаваць дадзены выпадак, пакуль ва Ўзброеных сілах Украіны», — сказаў ён і прапанаваў абапірацца на тое, што ён раней агучыў на сваім Youtube-канале ў запісе «Калі свае горш за акупанта».
Аналягічныя пытаньні Свабода накіравала і Радзівону Батуліну — спачатку на электронны адрас «Беларускага добраахвотніцкага корпусу», стваральнікам якога ён зьяўляецца, а пазьней спрабавала атрымаць камэнтар па тэлефоне. Ён не адказаў на пытаньні ні пісьмова, ні ў тэлефоннай размове.
У інтэрвію блогеру Сяргею Пятрухіну 25 чэрвеня, камэнтуючы сытуацыю, ён сказаў, што ў іх былі пытаньні адзін да аднаго, яны «сустрэліся і іх вырашылі».
Радзівон Батулін адзначыў, што яны служаць у адным падразьдзеле, хоць у розных брыгадах, але падпарадкоўваюцца аднаму камандзіру.
«Унутры мы гэта вырашылі, узгаднілі. [...] Таму публічна гэта выносіць няма сэнсу. Неяк рабіць зь яго ахвяру, калі ён ёй не зьяўляецца і ня хоча ёй быць... Ён у адрозьненьні, скажам, ад некаторых пэрсанажаў, якія да вайны не дайшлі, ён, як мінімум, на кантакце і прыносіць карысьць, калі яго ў вельмі сур’ёзным падразьдзеле трымаюць. Я спадзяюся, што ён прадоўжыць рабіць нейкія апдэйты над сабой і ўсё больш будзе фармавацца як ваяр, як чалавек і як беларус», — сказаў ён.
На наўпроставае пытаньне, ці чыніўся гвалт і ціск датычна Наўковіча, Батулін адказаў:
«Складу злачынства і гвалту не было. [...] Яшчэ раз кажу, што мы знаходзімся ў адным украінскім падразьдзеле, і тут непрымальна, парушаць правілы ніхто ня будзе, таму што мы ставімся з павагай да тых, хто нам дае зброю. І гэтая ўзаемапавага павінна заставацца. Нельга кагосьці прымушаць да чагосьці, гвалтам і гэтак далей — гэта не расейская армія. Тут іншыя прынцыпы. Так, можа гэта жорстка для кагосьці выглядае, хтосьці яшчэ любіць дадумваць і гэтак далей. Але як тут кажуць — спыніцеся».
Што вядома пра Батуліна
Радзівон Батулін мае грамадзянства Латвіі, выступаў пад сьцягам гэтай краіны ў прафэсійных баях паводле вэрсіі ММА. Ва Ўкраіну пераехаў у 2016 годзе.
У 2020-2021 годзе Батулін стварыў некалькі беларускіх арганізацый ва Ўкраіне — «Беларускі дом ва Ўкраіне» (у жніўні 2021 году кіраўніка гэтай арганізацыі Віталя Шышова знайшлі павешаным у кіеўскім парку), а таксама «Беларуская альтэрнатыва» і «Беларуская дыяспара».
У 2021 годзе Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла яму ўезд на ўкраінскую тэрыторыю на тры гады «на падставе аргумэнтаваных дадзеных, што гэтая асоба можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».
«Радзівон Батулін вядомы сваімі радыкальнымі поглядамі ды правакацыйнымі дзеяньнямі падчас акцый пратэсту ва Ўкраіне. У часе гэтых акцый, сярод іншага, удалося папярэдзіць спробы радыкала справакаваць сілавыя сутыкненьні з праваахоўнікамі», — адзначаў тады сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.
Пасьля гэтага Батуліна ўключылі ва ўкраінскую базу «Міратворац».
Згодна з інфармацыяй Свабоды, Радзівон Батулін змог вярнуцца ва Ўкраіну ўжо пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Ён далучыўся да палка Каліноўскага. Свабода двойчы зьвярталася ў СБУ з запытам па камэнтар аб прычынах скасаваньня забароны на ўезд для Батуліна — у 2022 і 2026 гадах, але ў ведамстве не адказалі на нашыя пытаньні.
Батулін быў датычны да рэзананснага канфлікту ў Адэсе ў чэрвені 2022 году, калі адбылася бойка паміж ваярамі ягонага атраду і палка Каліноўскага праз рознагалосьсі ў пытаньнях камандаваньня, падпарадкаваньня, а таксама падзелу валянтэрскай дапамогі. Канфлікт вымушаная была спыняць паліцыя. Пасьля гэтага Батулін пакінуў полк Каліноўскага і стварыў спачатку атрад «Тэрор», а пасьля — Беларускі добраахвотніцкі корпус.
Радзівон Батулін працягвае супрацу зь некаторымі грамадзкімі арганізацыямі, створанымі беларусамі ва Ўкраіне.
Форум