Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра «Беларускі дом ва Ўкраіне», кіраўніка якога знайшлі павешаным


Акцыя Беларускага дому ва Ўкраіне памяці загіблага ў беларускай турме палітвязьня Вітольда Ашурка ў Кіеве, 20 чэрвеня 2021 году. Віталь Шышоў зьлева ў акулярах.

Свабода сабрала некалькі фактаў пра стварэньне і гісторыю гэтай арганізацыі беларускай дыяспары.

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня, а на наступны дзень яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад дому, у якім ён жыў разам са сваёй дзяўчынай Бажэнай Жолудзь.

Нефармальная ініцыятыва

«Беларускі дом ва Ўкраіне» спачатку функцыянаваў як нефармальная ініцыятыва. Яна зьявілася адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і аб’яднала як прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў, якія ўжо існавалі і былі зарэгістраваныя раней на ўкраінскай тэрыторыі, гэтак і новых уцекачоў зь Беларусі.

Нефармальную ініцыятыву напачатку падтрымлівалі таксама і беларусы, якія зьехалі ва Ўкраіну шмат гадоў таму і мелі тут свой бізнэс.

Фактычна гэтая ініцыятыва першай адрэагавала на неабходнасьць дапамагаць беларусам-уцекачам.

Варта памяці Рамана Бандарэнкі і крыж ля амбасады

Увосень мінулага году на адну з акцыяў, якія ў той час амаль штодзённа праходзілі пад амбасадай Беларусі ў Кіеве, прыйшоў колішні грамадзянін Беларусі, добраахвотнік батальёну «Азоў» Сяргей Кароткіх. Ён цяпер мае ўкраінскае грамадзянства і актыўна ўдзельнічае ў палітычна-грамадзкіх арганізацыях «Нацыянальны корпус» і «Нацыянальныя дружыны», зьвязаных з экс-дэпутатам Андрэем Білецкім, колішнім камандзірам добраахвотніцкага батальёну «Азоў».

У лістападзе 2020-га Сяргей Кароткіх ужо лічыўся сваім чалавекам у новай беларускай дыяспары, бо дапамагаў трымаць варту ля стыхійнага мэмарыялу Раману Бандарэнку.

Пазьней менавіта ён без узгадненьня з гарадзкімі ўладамі ініцыяваў і ўсталяваў мэталічны крыж у памяць пра рэпрэсаваных у Беларусі ў часе мірных акцыяў. Гэта стала падставай для ноты пратэсту, якую накіравалі беларускія дыпляматы ў Міністэрства замежных справаў Украіны.

Крыж стаіць і дагэтуль, нягледзячы на заявы гарадзкіх уладаў аб неабходнасьці ўзгадняць усталяваньне любых памятных знакаў на тэрыторыі сталіцы.

Сяргей Кароткіх — былы сябра неанацысцкіх арганізацый у Беларусі і Расеі, удзельнік украінскага руху «Азоў», які Дзярждэпартамэнт ЗША назваў «нацыяналістычнай групай нянавісьці» (прадстаўнікі Азова адмаўляюць гэтую ацэнку дыпляматаў).

З афіцыйнай рэгістрацыяй, але зь іншымі кіраўнікамі

Тады ж Сяргей Кароткіх вырашыў зарэгістраваць арганізацыю з назвай «Беларускі дом ва Ўкраіне». Маючы сяброў ва ўкраінскай уладзе, ён здолеў ажыцьцявіць гэтую ідэю вельмі хутка. Ужо 7 сьнежня 2020 году арганізацыя мела афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны з двума кіраўнікамі: Віталём Шышовым і Радзівонам Батуліным.

Апошні — ня толькі ідэалягічны паплечнік Сяргея Кароткіх. Украінскія СМІ называлі яго целаахоўнікам і зьвярталі ўвагу, што яны разам ў ліпені 2019-га ўдзельнічалі ў нападзе на экс-прэзыдэнта Пятра Парашэнку, калі той ішоў на допыт у Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны.

Зь вясны БДУ, як усё часьцей сталі называць гэтую арганізацыю, браў актыўны ўдзел у большасьці беларускіх акцыяў у Кіеве, а 27 ліпеня зладзіў альтэрнатыўны захад з нагоды 31-й гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Дапамога беларусам

Апрача ўдзелу ў акцыях, БДУ дапамае беларусам-эмігрантам, найперш тым, у каго не было грошай на ўладкаваньне на новым месцы і былі праблемы з атрыманьнем віду на жыхарства. Арганізацыя запісвала кароткія відэаролікі аб сваёй працы зь беларускай дыяспарай.

Апроч таго, актывісты БДУ запрашалі беларусаў праходзіць вайсковую падрыхтоўку ў адным з кіеўскіх клюбаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG