Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Садраная скура на носе, на левым калене». Украінская паліцыя расьсьледуе дзьве вэрсіі гібелі прадстаўніка Беларускага дому ва Ўкраіне


Фатаздымкі, прадэманстраваныя паліцыяй

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка заявіў, што сьледчыя сканцэнтраваныя на расьсьледаваньні дзьвюх вэрсій гібелі аднаго зь кіраўнікоў Беларускага дому ва Ўкраіне Віталя Шышова.

«Разглядаюцца вэрсіі пра самагубства і пра забойства з імітаваньнем самагубства. Гэта дзьве асноўныя вэрсіі, хаця мы не адкідаем іншых. Магчыма, у часе расьсьледаваньня будуць і іншыя вэрсіі», — паведаміў Ігар Кліменка 3 жніўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Ігар Кліменка
Ігар Кліменка

Кіраўнік паліцыі зьняпраўдзіў інфармацыю, што ў Віталія Шышова быў зламаны нос.

«Пакуль мы канстатуем, што была садраная скура на носе, на левым калене і невялікія драпіны на губе», — удакладніў ён і дадаў, што канчаткова стан мусіць вызначыць экспэртыза.

Ігар Кліменка — кіраўнік паліцыі, Арцём Шаўчэнка — дырэктар Дэпартамэнту камунікацый МУС, Яўген Калесьнік — намесьнік старшыні Галоўнага сьледчага упраўленьня паліцыі, Вадзім Дзюбінскі — старшыня Дэпартамэнту крымінальнага вышуку
Ігар Кліменка — кіраўнік паліцыі, Арцём Шаўчэнка — дырэктар Дэпартамэнту камунікацый МУС, Яўген Калесьнік — намесьнік старшыні Галоўнага сьледчага упраўленьня паліцыі, Вадзім Дзюбінскі — старшыня Дэпартамэнту крымінальнага вышуку

Ігар Кліменка таксама паведаміў, што Віталь Шышоў не зьвяртаўся ў паліцыю з заявамі пра тое, што за ім сочаць. «Такіх зваротаў не было, ні летась, ні сёлета».

На прэсавай канфэрэнцыі прадэманстравалі фатаздымкі з асабістымі рэчамі загінулага, знойдзеныя на месцы гібелі, сьляды, а таксама вяроўку, складзеную ў чатыры разы.

Паволде паліцыі, вышыня ад зямлі да пятлі была тры мэтры
Паволде паліцыі, вышыня ад зямлі да пятлі была тры мэтры

«Дадатковыя падрабязнасьці мы зможам паведаміць толькі пасьля правядзеньня дадатковых экспэртыз. Гэта ўсё, што мы маем на дадзены момант», — паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ігар Кліменка.

Пры гэтым сёньня раніцай паліцыя з нагоды сьмерці Шышова завяла крымінальную справу паводле артыкулу 115 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (наўмыснае забойства).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG