Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самагубства ці забойства? Што вядома сьледзтву праз год пасьля гібелі Віталя Шышова ў Кіеве


Віталь Шышоў
Віталь Шышоў

3 жніўня споўніўся год, як у Сьвятошынскім парку Кіева знайшлі павешаным Віталя Шышова, аднаго з кіраўнікоў Беларускага дому ва Ўкраіне — грамадзкай арганізацыі, якую ён зарэгістраваў разам з Радзівонам Батуліным у Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны 7 сьнежня 2020 году.

Гэтая арганізацыя спрабавала стаць лідэрам новай беларускай дыяспары, якая стварылася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі — тады шмат беларусаў уцякалі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу за ўдзел у акцыях пратэсту або ў выбарчых штабах альтэрнатыўных кандыдатаў.

Свабода высьветліла, ці прасунулася сьледзтва ў справе пра гібель Віталя Шышова і на якой вэрсіі спыніліся сьледчыя.

Сьледзтва працягваецца, кваліфікацыя не зьмянілася

Паліцыя Кіева пад наглядам Кіеўскай гарадзкой пракуратуры працягвае расьсьледаваньне справы аб гібелі кіраўніка грамадзкай арганізацыі «Беларускі дом ва Ўкраіне» Віталя Шышова.

«Кваліфікацыя падзеі не зьмянілася. Расьсьледаваньне, як і раней, ажыцьцяўляецца паводле артыкула 115 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны», — паведамілі Свабодзе ў Кіеўскай гарадзкой пракуратуры.

У Крымінальным кодэксе Ўкраіны артыкул 115 мае дзьве часткі: забойства, наўмыснае супрацьпраўнае прычыненьне сьмерці іншаму чалавеку (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў) і наўмыснае забойства пры розных абставінах, у тым ліку закладніка або выкрадзенага чалавека, з карысьлівых ці хуліганскіх матываў, учыненае на замову і пры іншых абставінах (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў або пажыцьцёва з канфіскацыяй маёмасьці).

Цяпер, як адзначылі ў гарадзкой пракуратуры, сьледчыя чакаюць «абагульненага адказу ад замежных калег па выніках сьледчых вышуковых дзеяньняў, праведзеных імі разам з украінскімі праваахоўнікамі».

Гэтыя сьледчыя дзеяньні праводзіліся яшчэ летась на тэрыторыі Ўкраіны, і іншаземцы прыяжджалі, каб узяць у іх удзел. «Гэта ўсё, што мы можам цяпер сказаць», — дадалі ў Кіеўскай пракуратуры.

Вынікі экспэртыз не абвяшчаюць

На пачатку ліпеня Свабода зьвярнулася з афіцыйным запытам у Офіс генэральнага пракурора і Нацыянальную паліцыю Ўкраіны, каб даведацца дэталі расьсьледаваньня. Прынамсі, вядома было, што сьледзтва мусіла ўжо атрымаць высновы замежных экспэртаў па праведзеных судова-мэдычных экспэртызах. Іх было некалькі:

  • дактыляскапічная,
  • малекулярна-генэтычная,
  • трасалягічная,
  • мэдыка-крыміналістычная,
  • комплексная экспэртыза матэрыялаў, рэчываў і прадметаў,
  • пасьмяротная псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза.

Згодна з украінскім заканадаўствам дзяржаўныя структуры мусілі адказаць на афіцыйныя запыты цягам пяці працоўных дзён. Але Свабода не атрымала адказу дагэтуль.

Да расьсьледаваньня далучылі спэцыялістаў з паводзін

У сьнежні 2021 году кіраўнік галоўнага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве Іван Выгоўскі паведаміў журналістам, што ўпершыню ў практыцы для поўнага дасьледаваньня абставін сьмерці Віталя Шышова і атрыманьня кансультацый у сфэры аналізу паводзін для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях запрашалі замежных спэцыялістаў у сфэры паводзін. Зь якіх краін, ён не ўдакладняў: маўляў, тыя самі прасілі, каб гэтая інфармацыя не распаўсюджвалася.

Паводле Івана Выгоўскага, замежныя спэцыялісты мусілі скласьці псыхалягічны партрэт Віталя Шышова, схарактарызаваць ягоны стан і прааналізаваць паказаньні, якія давалі сьведкі на допытах.

Імаверна, менавіта гэтае кансультацыйнае заключэньне і мелі на ўвазе ў Кіеўскай гарадзкой пракуратуры, калі сказалі, што чакаюць абагульненага адказу ад замежных спэцыялістаў. Яго пакуль не атрымалі.

Тады ж Іван Выгоўскі паведаміў, што сьледзтва найперш разглядае вэрсію самагубства, але не выключае варыянту, што Шышову «дапамаглі».

Вынікі незалежнага расьсьледаваньня апублікаваць не пасьпелі

Празь некалькі дзён пасьля гібелі Віталя Шышова кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў міжнароднай групы Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што група правядзе сваё расьсьледаваньне. Ягоныя вынікі анансаваліся на пачатак 2022 году, але таксама не былі апублікаваныя, бо Расея ўварвалася ва Ўкраіну і пачалася поўнамаштабная вайна.

Узяцца за незалежнае расьсьледаваньне ў Bellingcat вырашылі пасьля таго, як заўважылі ў Кіеве сярод эмігрантаў зь Беларусі некаторых людзей, якія праходзілі па іншых іхных праектах і былі зьвязаныя з Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі.

«Паколькі мы гэтых людзей бачылі ў іншых ролях... Адны і тыя ж людзі, якія зьяўляліся ў крымінальных групах, потым зьяўляліся як экспэрты на тэлебачаньні, у Беларусі як сябры адных з самых актыўных апазыцыйных груп, а потым — у Кіеве сярод эмігрантаў зь Беларусі. Мы правяраем цяпер перасячэньне, магчыма, гэтых людзей, якія зьвязаныя з ФСБ», — расказваў Хрыста Грозеў у інтэрвію ўкраінскім журналістам.

Таямнічая сьмерць Шышова

Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, раніцай ён, як звычайна, пайшоў на прабежку, але не вярнуўся.

Шышоў быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Беларускі дом ва Ўкраіне», таксама адміністраваў сайт арганізацыі. Ягоныя паплечнікі сьцьвярджалі, што ён рыхтаваў у Кіеве акцыі, звароты, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі харчамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.

Трэцяга жніўня 2021-га яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад дому, дзе ён жыў. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне», якія раніцай аднавілі пошукі. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця.

Побач зь целам знайшлі тэлефон Шышова. На губе, каленях і грудзях Віталя Шышова былі сінякі, характэрныя, як сьцьвярджалі ў паліцыі, для аднаразовага падзеньня. Пад дрэвам знайшлі тры пні вышынёй 60, 50 і 50 сантымэтраў. Паліцыянты зьвярнулі ўвагу на неадпаведнасьць росту загінулага, вышыні галіны, на якой вісела цела, і даўжыні вяроўкі, што давала ім падставу сумнявацца ў суіцыдзе.

Праз паўгода пасьля гібелі Віталя Шышова большасьць ягоных паплечнікаў, якіх неаднаразова дапытвалі сьледчыя, зьехалі з Украіны ў Польшчу.

Гібель Віталя Шышова. Што вядома

  • Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
  • Шышоў адміністраваў тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Ўкраіне» і сайт гэтай арганізацыі. Сябры сьцьвярджаюць, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы акцыяў, зваротаў, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
  • Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» на другі дзень пошукаў. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
  • Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
  • Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
  • Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
  • Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
  • Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG