Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўгода са сьмерці кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне». Што вядома пра вынікі расьсьледаваньня


Віталь Шышоў
Віталь Шышоў

Паліцыя Кіева пад наглядам Кіеўскай гарадзкой пракуратуры працягвае расьсьледаваньне справы аб гібелі кіраўніка грамадзкай арганізацыі «Беларускі дом ва Ўкраіне» Віталя Шышова.

«У вядзеньні справы амаль нічога не зьмянілася. Чакаем заключэньня міжнароднай экспэртызы», — паведамілі Свабодзе ў Кіеўскай гарадзкой пракуратуры.

Сьледчыя не ўдакладняюць колькасьць сьведак, якія праходзяць па справе, кажучы, што іх «дзясяткі». Як стала вядома Свабодзе, некалькі зь іх — грамадзяне Беларусі — ужо зьехалі з Украіны, хоць некаторыя раней зьвярталіся ў міграцыйныя органы Ўкраіны па атрыманьне статусу ўцекача або палітычнага прытулку.

Крымінальную справу завялі 3 жніўня 2021 году, калі Віталя Шышова знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. Ён зьнік 2 жніўня, калі выйшаў раніцай на традыцыйную прабежку.

Ягонае цела доўга не аддавалі для пахаваньня, аргумэнтуючы неабходнасьцю завяршыць экспэртызы. Пахавалі Віталя Шышова 26 верасьня, праз 55 дзён пасьля гібелі, на Паўночных могілках Кіева.

Кваліфікацыя сьмерці Шышова пакуль не зьмянілася

Крымінальная справа расьсьледуецца паводле артыкула 115 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — наўмыснае забойства. Адначасова сьледчыя правяраюць вэрсіі самагубства, а таксама забойства, замаскаванага пад суіцыд.

У верасьні 2021-га міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што сьледзтва ў справе пра сьмерць прадстаўніка «Беларускага дома ва Ўкраіне» Віталя Шышова ўжо вызначылася з вэрсіяй трагедыі. Тады ж журналістам, якія асьвятляюць дзейнасьць праваахоўных органаў, нават абяцалі цягам тыдня правесьці адмысловую прэсавую канфэрэнцыю пра вынікі расьсьледаваньня. Але яна так і не адбылася.

Чым цяпер займаецца «Беларускі дом ва Ўкраіне»

Паводле дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны, «Беларускі дом ва Ўкраіне» мае статус зарэгістраванай грамадзкай арганізацыі. Яе кіраўнікамі дагэтуль значацца Віталь Шышоў і Радзівон Батулін.

Нефармальна кіраўніцтва ажыцьцяўляе Бажэна Жолудзь, дзяўчына загінулага Віталя Шышова.

Не скасаваная дзяржаўная рэгістрацыя і яшчэ дзьвюх арганізацый, да якіх датычныя Віталь Шышоў і Радзівон Батулін, — дабрачыннага фонду «Беларуская дыяспара ва Ўкраіне» і «Беларускай альтэрнатывы».

Сам Радзівон Батулін цяпер за межамі Ўкраіны, бо Служба бясьпекі Ўкраіны ў ліпені 2021-га забараніла яму ўезд на ўкраінскую тэрыторыю «на падставе аргумэнтаваных дадзеных, што гэтая асоба можа станавіць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны». Што праўда, пра гэта стала вядома толькі 4 жніўня, пасьля сьмерці Віталя Шышова.

У нядзелю 6 лютага актывісты арганізацыі заклікалі беларусаў на чарговай акцыі ў цэнтры Кіева ўшанаваць памяць Віталя Шышова.

Прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» падтрымліваюць усе акцыі, якія ладзяць беларусы. Яны таксама далучыліся да новай плятформы «Незалежнае аб’яднаньне беларусаў Украіны» (НАБУ), якая вырашыла аб’яднаць усе арганізацыі беларусаў, што зьехалі ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу ў Беларусі.

У склад гэтай плятформы ўвайшлі Радзівон Батулін, Сяргей Бульба, Бажэна Жолудзь, Тацяна Мартынава, Дзяніс Лаўнікевіч, беларускія добраахвотнікі, якія змагаліся на баку Ўкраіны на Данбасе, а таксама прадстаўнікі арганізацый беларусаў Львова і Адэсы.

У сьнежні 2021-га яны зьвярнуліся да Сьвятланы Ціханоўскай з просьбай наладзіць сталую камунікацыю для вырашэньня праблемаў беларусаў ва Ўкраіне. У сярэдзіне студзеня 2022-га Сьвятлана Ціханоўская правяла відэасустрэчу з прадстаўнікамі НАБУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG