Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніку кіраўніка «Беларускага дому» ў Кіеве забаранілі вярнуцца ва Ўкраіну пасьля сьмерці Шышова


Радзівон Батулін на прафэсійным рынгу
Радзівон Батулін на прафэсійным рынгу

На памежным пункце «Усьцілуг» Радзівону Батуліну паведамілі пра забарону на ўезд ва Ўкраіну тэрмінам на 3 гады. Падставаў памежнікі ня ведаюць, спасылаюцца на патрабаваньні СБУ.

Як інфармуе тэлеграм-канал «Беларускага дому ва Ўкраіне», Радзівон Батулін выехаў на тэрыторыю Эўразьвязу 14 ліпеня для вырашэньня пытаньняў з дакумэнтамі. Зь першымі навінамі аб сьмерці Віталя Шышова тэрмінова выехаў аўтобусам у Кіеў. Аднак на ўкраінскай мяжы яму заявілі, што ён неўязны. На якой падставе — не ўдакладнілі.

Паводле ўкраінскіх СМІ, Радзівон Батулін мае грамадзянства Латвіі, выступаў ад гэтай краіны ў прафэсійных баях паводле вэрсіі ММА. Ва Ўкраіну пераехаў у 2016 годзе. Як стала вядома Свабодзе, Радзівон Батулін зьехаў з Украіны ў сярэдзіне ліпеня ў адну з балтыйскіх краін.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне Свабодзе пацьвердзілі забарону на ўезд у краіну Радзівону Батуліну.

«Дзяржаўная памежная служба дзейнічае ў межах сваіх паўнамоцтваў. У выпадку, калі адзін з органаў, які мае на гэта права, пастанаўляе аб забароне ўезду ва Ўкраіну іншаземцу, то Дзяржаўная памежная служба выконвае гэтае рашэньне і забараняе ўезд непасрэдна ў пункце пропуску», — паведаміў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Як паведамілі Свабодзе ў Службе бясьпекі Ўкраіны, рашэньне аб забароне Радзівону Батуліну на ўезд ва Ўкраіну было ўхвалена 23 ліпеня «на падставе аргумэнтаваных дадзеных, што гэтая асоба можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».

«Радзівон Батулін вядомы сваімі радыкальнымі поглядамі ды правакацыйнымі дзеяньнямі пад час акцый пратэсту ва Ўкраіне. У часе гэтых акцый, сярод іншага, удалося папярэдзіць спробы радыкала справакаваць сілавыя сутыкненьні з праваахоўнікамі», – удакладніў сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.

У СБУ не ўдакладнілі, якія акцыі меліся на ўвазе. Магчыма мова, пра сутыкненьні ў ліпені 2019 году каля Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў Украіны.

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня, а на наступны дзень яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад дому, у якім ён жыў разам з сваёй дзяўчынай Бажэнай Жолудзь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG