Аляксандар «Жэрар» Красоўскі, які некалькі месяцаў знаходзіўся пад вартай ува Ўкраіне, выйшаў на волю. Пра гэта паведаміў у сваім Telegram-канале Сяргей Бяспалаў:
«Сёньня ён выйшаў на волю пад заклад. Пры гэтым афіцыйных абвінавачаньняў яму так і ня выставілі».
Аляксандра «Жэрара» Красоўскага затрымалі ў канцы 2025 году. Яму інкрымінавалі самавольнае пакіданьне вайсковай часткі і незаконнае захоўваньне зброі, аднак сам добраахвотнік віны не прызнаваў, а ягоныя адвакаты называлі справу сфабрыкаванай.
Раней суд некалькі разоў працягваў яму тэрмін утрыманьня пад вартай. Плянавалася, што сьледчыя будуць працаваць да 14 жніўня, а далейшая хада справы высьветліцца пазьней. Аднак Красоўскі выйшаў на волю на паўмесяца раней за тую дату. Украінскае заканадаўства вызначае два месяцы на правядзеньне дасудовага расьсьледаваньня з магчымасьцю працягу тэрмінаў, але ў суме ня больш чым на адзін год.
Хто такі «Жэрар»
Беларус Аляксандар Красоўскі ваяваў спачатку ў палку імя Кастуся Каліноўскага, а потым — у падразьдзеле «Тур» у складзе 225-га асобнага штурмавога батальёну, удзельнічаў у курскай апэрацыі.
Красоўскі мае вышэйшую адукацыю, разам з жонкай, якая служыць у Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны, выхоўваюць дачку, якая мае другую групу інваліднасьці.
Аляксандар Красоўскі зьяўляецца поўным кавалерам ордэну «За мужнасьць». Апроч таго, яго ўзнагародзілі адзнакай прэзыдэнта Ўкраіны «За абарону Ўкраіны», адзнакай Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны «За мужнасьць пры выкананьні спэцыяльных заданьняў», знакам дэпартамэнту контрвыведкі СБУ, нагрудным знакам камандуючага аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны.
Форум