Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў загаварыў пра агрэсіўную палітыку супраць Беларусі, хоць раней казалі аб адсутнасьці пагроз звонку

Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня вайсковага палігону ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці, 11 верасьня 2026
Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня вайсковага палігону ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці, 11 верасьня 2026

Аляксандар Лукашэнка пачаў сваю паездку ў Берасьцейскую вобласьць з наведваньня вайсковага палігону ў Баранавіцкім раёне.

Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, галоўная тэма нарад — разьвіцьцё сыстэмы сувязі Ўзброеных сіл Беларусі. Гэтую паездку Лукашэнка выкарыстаў, каб у чарговы раз заявіць аб варожым стаўленьні суседзяў да Беларусі.

«Зьнешнепалітычны парадак дня ведаеце. Агрэсіўную рыторыку на адрас Беларусі бачыце і назіраеце. Выведку вядуць дастаткова адкрыта, амаль нахабна: пэрыядычна фіксуем рознага кшталту правакацыі, парушэньні паветранай прасторы. Але ня гэта галоўнае. Галоўнае ў тым, што нашыя суседзі трацяць мільярды на ўзбраеньне сваёй арміі», — працытавала Аляксандра Лукашэнку яго прэсавая служба.

Паводле яго, беларускае войска павінна быць «заўсёды гатовае да сучаснай і адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца».

«А досьвед сучасных узброеных канфліктаў паказвае, што важнейшая роля пры вядзеньні ваенных дзеяньняў належыць кіраваньню войскамі», — дадаў ён.

У той жа час Лукашэнка заявіў, што Беларусь не зьбіраецца нападаць на сваіх суседзяў.

«Мы прагматыкі, мы разумеем, што, калі мы на некага, дапусьцім з нашых суседзяў нападзе, гэта сьмерці падобна. Выйграць канфлікт з „монстрамі“, разьмешчанымі па пэрымэтры, мы ня зможам. Навошта тады пачынаць вайну?», — сказаў ён.

Пры гэтым ён не згадаў, што менавіта зь беларускай тэрыторыі ў лютым 2022 году адбылося ваеннае ўварваньне Расеі на тэрыторыю Ўкраіны, і што ўлады дагэтуль падтрымліваюць расейскую агрэсію і дапамагаюць вайскова-прамысловаму комплексу Расеі.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін, адказваючы на пытаньне Лукашэнкі «А калі вайна?», заявіў аб гатоўнасьці хутка разгарнуць войскі.

«Мы цалкам зьмянілі сыстэму кіраваньня Ўзброенымі сіламі. І ўвогуле нават — усю сыстэму кіраваньня дзяржавай», — заявіў ён.

«То бок, калі вайна, мы спакойна можам кіраваць войскамі, пачынаючы з цэнтру і да падразьдзелаў?» — запытаў Лукашэнка.

«Устойлівасьць, скрытнасьць, надзейнасьць сыстэм сувязі будзе», — запэўніў яго Віктар Хрэнін і паабяцаў паказаць новыя сыстэмы сувязі, якія цяпер ёсьць у распараджэньні вайскоўцаў.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

З пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў наяўнасьцю пагроз і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Наадварот, Беларусь, як заяўлялі заходнія краіны, пры ўзаемадзеяньні з Расеяй стварыла мігранцкі крызіс, што доўжыцца дагэтуль.

Сёлета 31 ліпеня ўлады Латвіі паведамілі аб закрыцьці «з тэхнічных прычынаў» адзінага дзейнага пункту пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Яго дзейнасьць аднавілі толькі 4 жніўня і заявілі, што памежны рух могуць цалкам спыніць праз павелічэньне ліку мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі.

Нягледзячы на заявы ўладаў Беларусі аб «стабільнай сытуацыі» мяжы з эўрапейскімі суседзямі, незаконная міграцыя зь беларускага боку не спынілася, а набыла іншыя формы, калі мігранты спрабуюць прарвацца праз падземныя тунэлі. Улады Беларусі не перашкаджаюць будаўніцтву тунэляў нават тады, калі атрымліваюць ад суседніх краін апэратыўныя выведныя зьвесткі пра іх пракладку.

З пачатку 2026 году ў Літве зафіксавалі 12 спробаў пракопваньня тунэляў на яе тэрыторыю. Літоўскія СМІ паведамлялі, што 27 ліпеня на поўдні краіны памежнік быў паранены, калі група мігрантаў, што выйшла з тунэлю, паспрабавала «зацягнуць яго на тэрыторыю Беларусі».

У сярэдзіне жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў аб адсутнасьці вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьні апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

«Можам з упэўненасьцю казаць, што абстаноўка стабільная цяпер, пагроз не ўяўляе. У нас у апэратыўнай службе маем сталае ўзаемадзеяньне з Польшчай, Літвой і Латвіяй. Мы рэгулярна іх інфармуем аб палётах, і яны нас папярэджваюць пра палёты ў памежнай паласе. [...] І мы таксама інфармуем па лініі апэратыўнай службы. [...] Адсутнічала ўзаемадзеяньне толькі з Латвіяй. І тое ў апошні час зь імі таксама аднавілі дыялёг. Па апэратыўнай службе працягваем узаемадзеяньне нашых вайскова-паветраных сіл», — сказаў Андрэй Лук’яновіч у эфіры тэлеканалу СТВ.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG