Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праверкі ў школах, рост пэнсіяў, падаражэньне платных дарог. Якія зьмены чакаюць беларусаў 1 верасьня

Школа ў Менску. Архіўнае фота
Школа ў Менску. Архіўнае фота

1 верасьня — ня толькі пачатак новага навучальнага году. Заўважныя зьмены закрануць таксама пэнсійную сыстэму, эканоміку, сыстэму плацяжоў, міжнародныя адносіны Беларусі.

Пачнуць выбарачна правяраць рэчы школьнікаў

З новага навучальнага году ў школах ахоўнікі атрымаюць права рабіць дагляд рэчаў вучняў без законных прадстаўнікоў дзіцяці — дастаткова будзе прысутнасьці пэдагога.

Выбіраць, каго з школьнікаў весьці на надгляд, будуць ахоўнікі, абапіраючыся на свой досьвед. Будуць зьвяртаць увагу на «асаблівасьці паводзінаў» непаўналетніх. Правяраць будуць таксама наведнікаў школ, а таксама бацькоў.

У якасьці прычын для ўвядзеньня такіх праверак у міліцыі называюць трагічныя выпадкі ў Расеі, калі школьнікі, «якія зазналі булінг або кіраваліся помстай зь нейкіх іншых прычынаў», учынялі напады з халоднай і агнястрэльнай зброяй, а таксама з арбалетам.

У школах мяняюць правілы харчаваньня і ня толькі

1 верасьня навацыі прыйдуць і ў школы.

Мяняюцца правілы харчаваньня. Зараз будзе адзіны фармат аднаразовага харчаваньня: для першай зьмены гэта другі сьняданак, для другой — падвячорак. У абодвух выпадках яда для школьнікаў будзе складацца з салаты, гарачай стравы і напою. Цэны вызначаюць на мясцовым узроўні. У Менску, як стала вядома onliner.by, харчаваньне залежна ад узросту школьніка абыдзецца ад 2,41 рубля для першаклясьніка да 2,85 рубля для вучня 11-й клясы. Абед у групе падоўжанага дня будзе каштаваць 3 рублі 45 капеек.

Зьмены закрануць школьныя праграмы. Для 10-х клясаў у межах прадмету «Дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка» ўводзяць разьдзел «Тактычная мэдыцына», а ў другім паўгодзьдзі хлопчыкі асвояць асновы кіраваньня дронамі.

Больш за 300 школаў пачнуць працаваць у аўтаматызаванай сыстэме «Электронная школа», закліканай падвысіць якасьць кіраваньня адукацыйнымі ўстановамі. У пілётных школах увядуць электронныя журналы і дзёньнікі.

Падаражэюць платныя дарогі

У Беларусі павялічаць тарыфы на праезд па платных дарогах. Новыя каэфіцыенты пачнуць дзейнічаць з 1 верасьня, паведамілі ў Міністэрстве транспарта і камунікацый.

Так, тарыф за 1 км праезду транспартных сродкаў (МС) з дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 т складзе:

  • для двухвосевых – €0,121
  • для трохвосевых – €0,152
  • для чатырохвосных і больш – € 0,182.

Зьмяненьні зацьверджаны Пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый № 42 і закрануць грузавы транспарт, аўтобусы, а таксама вадзіцеляў легкавых аўто з краін, якія не ўваходзяць у ЭАЭС.

Для легкавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у краінах ЭАЭС (Беларусь, Расея, Казахстан, Кіргізстан, Армэнія), праезд застаецца бясплатным

На 5% вырастуць пэнсіі

З 1 верасьня ў Беларусі павысяць працоўныя пэнсіі. Падвышэньне закране пэнсіі па дасягненьні ўзросту, за выслугу гадоў, па інваліднасьці й з нагоды страты карміцеля. Пераразьлік правядуць як працоўным, так і непрацоўным пэнсіянэрам. У Міністэрстве працы Беларусі абяцаюць, што падвышэньне ў сярэднім складзе 5%.

Папярэдне ацэнена, што сярэдняя пэнсія па ўзросьце ў верасьні 2026 году складзе 1125 рублёў, або прыкладна 375 даляраў ЗША паводле курсу на канец жніўня.

Payoneer перастане абслугоўваць кліентаў зь Беларусі

Міжнародны электронны плацёжны сэрвіс Payoneer спыняе абслугоўваньне кліентаў зь Беларусі.

Кампанія папярэджвала, што з 1 верасьня перастане пераводзіць грошы на рахункі ў беларускіх банках. Зараз карыстальнікі атрымліваюць апавяшчэньні аб закрыцьці акаўнтаў сэрвісу, у некаторых выпадках сэрвіс паказвае 11 верасьня як дату закрыцьця.

Payoneer — плацёжная сыстэма, якая забясьпечвае фінансавыя паслугі і грашовыя онлайн-пераводы. Payoneer — зарэгістраваны правайдэр карпарацыі MasterCard. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў Нью-Ёрку. У 2015 годзе сэрвіс спыніў працу ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме.

Вырасьце базавая стаўка

Згодна з пастановай Савету Міністраў ад 17 жніўня 2026 г. № 418, з 1 верасьня памер базавай стаўкі складзе 300 рублёў. На сёньня базавая стаўка — 297 рублёў.

Базавая стаўка — гэта асноўны элемэнт тарыфнай сыстэмы, паводле яе налічваюць заробкі работнікам бюджэтных арганізацыяў. Міністэрства працы падлічыла, што падвысяць заробкі прыкладна 770 тысячам бюджэтнікаў.

Латвія забараняе імпарт некаторых тавараў зь Беларусі і Расеі

Забарона ахоплівае друкаваныя кнігі, газэты й іншую паліграфічную прадукцыю, адзеньне, іншыя гатовыя тэкстыльныя вырабы, абутак, галаўныя ўборы, а таксама цацкі, гульні і спартовыя прылады. Пад забарону ўвозу зь дзьвюх краін трапляюць і тыя ж тавары, якія ўвозяцца з трэціх краін.

Адпаведную пастанову Кабінэт міністраў Латвіі прыняў 25 жніўня. Яе мэта — абараніць інтарэсы бясьпекі Латвіі, зьменшыць магчымасьці Расеі і Беларусі атрымліваць даходы ад экспарту тавараў, а таксама абмежаваць пападаньне ў краіну расейскіх прапагандысцкіх матэрыялаў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG