Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плацежны сэрвіс Payoneer заклікае сваіх беларускіх кліентаў выводзіць сродкі зь яго сыстэмы

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У верасьні сэрвіс перастане абслугоўваць рахункі кліентаў зь Беларусі, а іх грошы, якія застануцца на акаўнтах Payoneer, замарозіць.

Як расказалі чытачы Office Life, яны сталі атрымліваць такія паведамленьні ад кампаніі. Payoneer з 1 верасьня больш ня будзе адпраўляць пераводы на рахункі банкаў Беларусі.

Аб гэтым сэрвіс папярэджвае кампаніі і фрылансэраў, якія зь ім працуюць.

Яшчэ ў лістападзе 2025 году плацежная сыстэма паведаміла, што больш не падтрымлівае плацяжы ў далярах у Беларусь, але пераводы на рахункі ў эўра працягвалі працаваць. Цяпер жа сэрвіс Payoneer папярэдзіў, што зусім ня зможа абслугоўваць рахункі кліентаў з Беларусі.

Як паведаміў сэрвіс у лістах кліентам, гэта зьвязана са зьменамі з боку ягоных банкаўскіх партнэраў. Чытач Office Life атрымаў такое паведамленьне:

«Ваш рахунак Payoneer будзе закрыты 11 верасьня 2026 году. Пасьля гэтай даты вы ня зможаце атрымаць доступ да свайго акаўнту або астачы сродкаў. Выведзіце ўсе сродкі з усіх балянсаў вашага акаўнту да 10 верасьня 2026 году. Гэта датычыць сродкаў ува ўсіх валютах».

Прадстаўнікі Payoneer таксама раяць кліентам не адкладаць вывад сродкаў на апошні дзень, бо «банкаўскія плацяжы патрабуюць часу на апрацоўку, і ўсякая затрымка, бліжэйшая да крайняга тэрміну, можа прывесьці да таго, што сродкі застануцца недаступнымі».

Зь лютага 2022 году з плацежнай сыстэмай Payoneer працуюць ня ўсе беларускія банкі: кліенты банкаў, якія трапілі пад заходнія санкцыі, выводзіць грошы ня могуць. Акрамя таго, у беларусаў узьнікалі цяжкасьці з стварэньнем новых акаўнтаў.

Payoneer — плятформа фінансавых паслуг, якую выкарыстоўваюць фрылансэры і кампаніі ўва ўсім сьвеце.

«Мы дапамагаем кампаніям падбіраць пэрсанал, выплачваць заробкі і кіраваць глябальнымі камандамі ў больш чым 160 краінах, а таксама забясьпечваем падтрымку ў захаваньні мясцовага заканадаўства», — паведамляе плацёжны сэрвіс.

Чаму гэта важна

Сэрвісам у Беларусі карыстаюцца фрылансэры — IT-спэцыялісты, дызайнэры, перакладнікі, якія працуюць з замежнымі замоўцамі. А таксама тыя, хто працаваў дыстанцыйна і атрымліваў заробак у міжнародных кампаніях, таксама прадаўцы на онлайн-пляцоўках.

Усе гэтыя людзі, каб легальна атрымліваць заробак, вымушаныя будуць або пакінуць краіну, або шукаць новае месца працы ў Беларусі. Сярод іншых, майстры адзеньня, аксэсуараў і сувэніраў ручнога вырабу страцяць значную частку даходаў, якая паступала з-за мяжы.

Вядучыя міжнародныя плацежныя сыстэмы — PayPal, Wise, Revolut, Paysera и Payoneer — таксама ўжо не працуюць зь Беларусьсю. За мяжой немагчыма разьлічыцца і карткамі беларускіх банкаў пад санкцыямі.

Што папярэднічала

У сакавіку цалкам адмовілася ад працы ў Беларусі сыстэма Skrill — электронная плацёжная сыстэма, заснаваная ў Лёндане. Ад 2022 году яна працавала для беларусаў абмежавана, напрыклад, у ёй нельга было зарэгістраваць новы акаўнт.

11 лютага ад працы ў Беларусі адмовілася кампанія Paysera. Яна зазначыла, што прычынай сталі «дзейныя санкцыі і нарматыўныя абмежаваньні». У выніку ўсе апэрацыі з карткамі ўнутры Беларусі адключылі.

Заходнія абмежаваньні супраць банкаў Беларусі паўплывалі і на многіх беларусаў, якія выехалі за межы радзімы. Плацёжная служба Wise запатрабавала ад беларусаў, якія карыстаюцца яе рахункамі, падаць дадатковыя дакумэнты — дазвол на жыхарства ў якой-кольвечы краіне ЭЗ, Эўрапейскай эканамічнай зоны або ў Швайцарыі. Ускладніў для беларусаў умовы карыстаньня сваімі службамі і Revolut.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG