Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў не прывабіла праграма дадатковай назапашвальнай пэнсіі «3+3», якую прапанавалі ўлады. Ад такой жа ў Літве адмаўляюцца

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі прапануюць грамадзянам самім назьбіраць на дадатковую пэнсію, у той час як у Літве пэнсіянэры адмаўляюцца ад падобнай праграмы.

Праграма страхаваньня дадатковай назапашвальнай пэнсіі з удзелам дзяржавы «3+3» працуе з 2022 году, але папулярнасьці ў грамадзян ня мае. Шляхі павысіць яе прывабнасьць, прапанаваў Навукова-дасьледчы інстытут эканомікі пры Міністэрстве эканомікі Беларусі.

«Пэнсія ў Беларусі — ня проста выплата, а сацыяльны кантракт паміж пакаленьнямі. Пэнсійная сыстэма Беларусі — салідарная разьмеркавальная сыстэма (узносы працоўных грамадзян ідуць на бягучыя выплаты цяперашнім пэнсіянэрам) плюс дадатковыя добраахвотныя назапашвальныя мэханізмы», — паведамляе НДІ эканомікі.

Цяпер у Беларусі 26% насельніцтва — пэнсіянэры, а сярэдняя пэнсія складае 1057,19 рубля, ці 370,3 даляра. Гэта мала.

Таму беларуская дзяржава прапанавала грамадзянам самім назапашваць дадатковую пэнсію. Схема такая:

«Працаўнік адлічвае 3% ад заробку, а наймальнік дадае яшчэ 3% за кошт дзяржавы. Работніку можна выбраць іншы памер тарыфу (ад 1 да 10%), наймальніку — ад 1 да 3%», — тлумачыць НДІ эканомікі.

Але з моманту запуску праграмы ў кастрычніку 2022 году да яе далучыліся толькі каля 80 тысяч чалавек.

Каб прыцягнуць больш людзей у праграму, НДІ прапануе пашырыць магчымасьці датэрмінова здымаць ашчаджэньні (на лячэньне, куплю першага жыльля), даць права зьняць усю назапашаную суму адначасова пры дасягненьні пэнсійнага ўзросту.

А як у суседзяў

У суседняй Літве такі этап ужо прайшлі. Дадатковая пэнсія была абавязковай опцыяй для ўсіх працоўных, пакуль дзяржава нядаўна не лібэралізавала сыстэму. Пэнсіянэрам дазволілі забіраць складкі цалкам або часткова.

Як паведамляе Delfi, з пачатку 2026 году, у студзені–чэрвені больш за 50% застрахаваных, ці 610 тысяч чалавек, вывелі з сыстэмы свае сродкі цалкам або часткова. У сярэднім адзін чалавек атрымаў 5–6 тысяч эўра. 781 тысяча ўдзельнікаў сыстэмы працягваюць трымаць там свае сродкі.

Як адзначаюць прадстаўнікі літоўскіх банкаў, атрыманыя сумы пэнсіянэры трацяць на тэлефоны, пляншэты, рамонт жыльля і падарожжы.



Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG