Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, за краты беларус трапіў 20 жніўня, але можа выйсьці пад так званыя «асабістыя абавязаньні», калі сплаціць 266 240 грыўняў закладу (амаль 6 тысяч даляраў).
Сваёй віны беларускі добраахвотнік не прызнае. Сьцьвярджае, што ўсё адбылося ў межах самаабароны ад невядомых, якія на яго напалі. Ягоны адвакат назваў падазрэньне неабгрунтаваным.
Абмежаваньні на свабоду перамяшчэньня беларуса будуць дзейнічаць сама меней да 18 кастрычніка.
Беларускаму вайскоўцу выставілі падазрэньне паводле ч. 4 артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — хуліганства, то бок грубае парушэньне грамадзкага парадку з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі. Яму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўленьня волі.
Што адбылося
Інцыдэнт адбыўся 20 жніўня ў Харкаве на першым паверсе двухпавярховага жылога дому ў прыватным сэктары гораду.
Як вынікае з матэрыялаў справы, уначы, прыблізна а 01:30, жыхары пачулі ў пад’езьдзе гучныя крыкі мужчыны, які меў з сабой аўтамат з набітым магазынам і боепрыпасы. Потым адбыўся выбух, з вокнаў пасыпалася шкло. Сьцьвярджаюць, што беларус нібыта кінуў у пад’езд гранату. На месца выклікалі паліцыю.
Прыехалі прадстаўнікі патрульнай паліцыі, а таксама двух спэцыяльных падразьдзелаў КОРД (Корпус апэратыўна-раптоўнага дзеяньня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. — РС) і ТОР (спэцыяльны падразьдзел «Тактычна-апэратыўнае рэагаваньне» ў складзе патрульнай паліцыі. — РС).
Калі яму прапанавалі пакласьці зброю і здацца, беларус зрабіў яшчэ адзін стрэл з аўтамату. Перамовы зь ім вялі больш за чатыры гадзіны. У выніку ён дастаў магазын з аўтамату, паклаў зброю на зямлю, падняў рукі ўверх, пасьля чаго вайскоўцы спэцыяльнага падразьдзелу затрымалі яго.
Ніякіх іншых дэталяў не вядома. Зброю, якую знайшлі на месцы інцыдэнту, — аўтамат, 17 патронаў і запал ад гранаты — прызналі рэчавымі доказамі ў справе.
Форум