На баку Расеі ваюе і ваявалі амаль 2900 беларусаў. Пра гэта Сьвятлане Ціханоўскай расказаў украінскі бок у час ейнага візыту ў Кіеў. Удакладніў лічбу дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
«Паводле зьвестак на 20 траўня, на баку Расеі ваявалі і ваююць 2871 беларус. Зь іх 440 ужо загінулі. Але там вялікая частка тых, хто ўжо даўно жыў у Расеі, а таксама тых, хто сядзеў [там] у турмах».
Выданьне «Люстэрка» спытала прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта ў нацыянальнай абароне Вадзіма Кабанчука пра тое, колькі беларусаў змагаецца за Ўкраіну. Вадзім Кабанчук адзначыў, што толькі праз Полк Каліноўскага прайшлі больш за тысячу чалавек. Лічба ж аб агульнай колькасьці беларусаў на ўкраінскім баку засакрэчаная.
Але ў Аб’яднанага пераходнага кабінэту ёсьць думка, якім чынам можна павялічыць колькасьць добраахвотнікаў, каб беларусы не баяліся ваяваць за Ўкраіну, маючы такое жаданьне.
«Мы абмяркоўвалі з прэзыдэнтам Зяленскім і міністрам замежных спраў гэты момант, — адзначае Дзяніс Кучынскі. — Для таго, каб павялічылася колькасьць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Ўкраіну, важна зрабіць, каб іхныя ўмовы былі як і для іншых хаўрусьнікаў Украіны. І таму вельмі важныя пытаньні легалізацыі і падтрымкі. І ў гэтым зацікаўлены ўкраінскі бок, і прэзыдэнт Зяленскі таксама».
Альтэрнатыўныя ацэнкі
У красавіку летась украінскі праект «Хачу жыць» у рамках цыклу публікацый аб наймітах з краінаў АДКБ публікаваў інфармацыю аб грамадзянах Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі. Паводле ацэнкі праекту, 742 чалавекі зь беларускім пашпартам ваявалі за Расею. Аўтары публікацыі адзначалі, што рэальная колькасьць магла быць значна вышэйшай, бо ў статыстыку не ўвайшлі беларусы з падвойным грамадзянствам.
Праблемы зь легалізацыяй ва Ўкраіне былі адной з галоўных прычынаў ад'езду шэрагу беларускіх добраахвотнікаў з краіны.
18 сьнежня 2024 году тагачасны старшыня камісіі Каардынацыйнай рады ў нацыянальнай бясьпецы, былы добраахвотнік палку Каліноўскага Аляксандар Клачко (пазыўны «Кусь») правёў адзіночны пікет каля літоўскага Дэпартамэнту міграцыі ў Вільні, каб прыцягнуць увагу да праблемы легалізацыі беларусаў, у тым ліку добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны.
Многія іншыя беларусы, якія ваявалі за Ўкраіну, таксама адзначалі цяжкасьці з дакумэнтамі і атрыманьнем легальнага статусу.
Паводле Клачко, агулам налічвалася «ад 800 да 1500 беларускіх вэтэранаў», а таксама «70 сем’яў загінулых беларускіх добраахвотнікаў». Зь іх каля 350 пераехала жыць у Польшчу.
Форум