Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае ў справе Кардаш: арыштаваныя грошы павінны вярнуць мужу, ён праз суд патрабаваў спатканьня з жонкай

Беларуска Іна Кардаш падчас затрыманьня ў Кіеве, студзень 2026
Беларуска Іна Кардаш падчас затрыманьня ў Кіеве, студзень 2026

Расьсьледаваньне справы затрыманай сёлета ў Кіеве беларускай журналісткі Іны Кардаш завяршылі, неўзабаве суд павінен пачаць папярэдні яе разгляд.

Як паведамілі Свабодзе інфармаваныя крыніцы, сьледчыя перадалі ў суд абвінаваўчы акт. Пасьля ацэнкі яго адпаведнасьці патрабаваньням украінскага заканадаўства павінны пачаць зьмястоўны разгляд справы.

Згодна з працэдурай, вызначанай Крымінальным працэсуальным кодэксам Украіны, на папярэднім этапе, то бок у выніку разгляду абвінаваўчага акту, калі ёсьць падставы, судзьдзя можа нават закрыць справу. Калі абвінаваўчы акт будзе адпавядаць законным патрабаваньням, суд павінен прызначыць дату пачатку разгляду.

Кваліфікацыю злачынства, учыненага Інай Кардаш, не зьмянілі — Іну Кардаш абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнаю таямніцаю). Ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе.

Кацярына Юсупава, адвакатка Іны Кардаш, ускосна пацьвердзіла, што суд у справе яе падабароннай ужо прызначылі, але яна адмовілася назваць дату першага паседжаньня.

«Я бяз згоды сваёй кліенткі ня маю права агучваць ніякую інфармацыю, зьвязаную зь ёю, нават дату судовага паседжаньня», — сказала Свабодзе адвакатка Кардаш.

Новыя дэталі справы

У канцы траўня муж Іны Кардаш зьвярнуўся ў суд па скасаваньне арышту на грошы, знойдзеныя ў яе пры затрыманьні ў цэнтры Кіева, у рэстаране грузінскай кухні Khachapuri Ta Vyno.

У Кардаш тады з сабой было 2 150 даляраў. Яе муж, добраахвотнік, які служыць у штурмавым падразьдзеле, сьцьвярджае, што гэта былі ягоныя грошы — у суд ён прынёс квітанцыі з апэрацыяў выдачы ў банкамаце грошай зь яго банкаўскай карткі. На гэтай падставе, нягледзячы на пратэст сьледчага ў справе, суд прызнаў, што грошы належаць мужу Кардаш і пастанавіў скасаваць іх арышт.

У пачатку чэрвеня муж паскардзіўся ў суд на сьледчага за ігнараваньне зваротаў з просьбай аб спатканьні з жонкай. Судзьдзя адмовіўся заводзіць справу аб бязьдзейнасьці сьледчага, але абавязаў яго «забясьпечыць выкананьне правоў на сямейнае жыцьцё». Свабодзе пакуль не ўдалося пацьвердзіць факт іхнай сустрэчы.

Што папярэднічала

Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».

20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш, каб забясьпечыць вядзеньне крымінальнай справы.

Расьсьледаваньне справы мела закончыцца 20 чэрвеня.

У пачатку траўня кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка паведаміў, што Менск зьвяртаўся да Кіева наконт абмену Іны Кардаш.

«Такі сыгнал быў, але, акрамя размоваў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапановаў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі зьявяцца практычныя прапановы, мы іх разгледзім», — сказаў Багдан Ахрыменка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG