Як паведамляе Укрінформ, кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штаба па пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка ў інтэрвію заявіў пра зварот зь Менску наконт абмену зьнгяволенай ва Ўкраіне Інай Кардаш
«Такі сыгнал быў, але акрамя размоў пакуль нічога няма. Мы адкрытыя для прапаноў. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў у нашай краіне, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі ў камунікацыі набудуць практычныя прапановы, мы іх разгледзім».
На пытаньне аб тым, як Кардаш трапіла на працу ў Каардынацыйны штаб, Ахрыменка патлумачыў:
«СБУ і ГУР атрымалі інфармацыю пра яе дзейнасьць і пачалі апэратыўную гульню. Яна думала, што працуе ў Каардынацыйным штабе. Для яе было арганізавана псеўдапрацоўнае месца, доступу ў памяшканьне Каардынацыйнага штабу ў яе не было, яна знаходзілася ў іншым месцы. Само памяшканьне было падрыхтавана для фіксацыі ўсяго, што там адбывалася, а матэрыялы, якія ёй былі прадастаўлены, не ўтрымлівалі ніякай праўдзівай інфармацыі. Калі супрацоўнікі СБУ, якія ўдзельнічалі ў яе суправаджэньні, усё зафіксавалі, было арганізавана яе затрыманьне, і яна знаходзіцца пад сьледзтвам».
Раней суд да 20 чэрвеня прадоўжыў тэрмін дасудовага расьсьледаваньня справы Іны Кардаш. Кардаш знаходзіцца ў Кіеўскім сьледчым ізалятары, на ўмовы ўтрыманьня ў якім яна ня раз скардзілася.
У выпадку перадачы справы для зьмястоўнага разгляду ў суд яе будуць надалей трымаць пад вартай.
Што папярэднічала
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнай таямніцай).
На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».
20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш, каб забясьпечыць вядзеньне крымінальнай справы.