Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, тэрміны падоўжылі другі раз — спачатку на адзін месяц, а цяпер на пяць месяцаў. Украінскае заканадаўства вызначае два месяцы на правядзеньне дасудовага расьсьледаваньня з магчымасьцю працягу тэрмінаў, але ў суме ня больш чым на адзін год.
Сьледзтва дагэтуль не атрымала высновы кампутарна-тэхнічнай і сэмантыка-тэкстуальнай экспэртызаў, а таксама не змагло перагледзець усе матэрыялы на кампутарных і лічбавых сродках, знойдзеных пры вобшуках у яе ў кватэры і на месцы службы.
Апроч таго, сьледчыя заявілі, што хочуць правесьці яшчэ некалькі сьледчых дзеяньняў, але пакуль іх не называюць, бо гэта можа нашкодзіць расьсьледаваньню.
Іншая крыніца паведаміла Свабодзе, што Іна Кардаш працягвае скардзіцца на стан здароўя і брак мэдычнай дапамогі, а таксама на ўмовы трыманьня. Цяпер неўзабаве гэта павінен праверыць пракурор. Суд абавязаў начальніка Кіеўскага СІЗА тэрмінова забясьпечыць выкананьне правоў падазраванай на ахову здароўя, мэдычны агляд і лячэньне пры патрэбе.
Кіеўскі сьледчы ізалятар, вядомы як Лук’янаўская турма, — адзін з найстарэйшых ва Ўкраіне. Ён быў пабудаваны ў 1863–1868 гадах як турэмны замак. У ім трымалі палітвязьняў, палітычных і грамадзкіх дзеячоў і крымінальных злачынцаў у царскія, савецкія і цяперашнія часы. Тут пад час сьледзтва трымалі Юлію Цімашэнку і Юрыя Луцэнку, а ў савецкія часы гэтая турма была месцам палітычных рэпрэсіяў.
У 2018–2021 гадах рэканструявалі адзін з корпусаў, дзе зьявіліся камэры эўрапейскага ўзору, а таксама так званыя VIP-камэры, за знаходжаньне ў якіх спаганяецца плата ад 12 тысяч грыўняў на месяц (прыблізна 300 даляраў у эквіваленце). Іну Кардаш, як вынікае зь яе скаргаў, імаверна, трымаюць у камэры ў адным зь неадрамантаваных корпусаў.
Што папярэднічала
20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш для забесьпячэньня вядзеньня крымінальнай справы.
Справу, якую завялі супраць беларускі 16 ліпеня 2025 году, расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнай таямніцай).
Санкцыя за гэтае злачынства прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з магчымай канфіскацыяй. На гэтай падставе сьледчыя і зьвярнуліся па арышт кватэры Кардаш.
Форум