Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве арыштавалі кватэру падазраванай у шпіянажы на карысьць Беларусі Іны Кардаш

Кіеўскае СІЗА, архіўнае фота
Кіеўскае СІЗА, архіўнае фота

Суд разглядаў пытаньне ў адсутнасьць затрыманай і яе адвакаткі, што можа стаць падставай для скасаваньня арышту маёмасьці.

Як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц у праваахоўных органах, суд у Кіеве забараніў адчужаць і распараджацца кватэрай, якая знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці арыштаванай сёлета 21 студзеня грамадзянкі Беларусі Іны Кардаш.

На судовы разгляд гэтага пытаньня не запрасілі ні Кардаш, ні яе адвакатку. Такую магчымасьць прадугледжвае Крымінальны працэсуальны кодэкс Украіны ў выпадках, калі суд павінен улічыць прававую падставу для арышту, у выпадку абвінавачаньня ў злачынстве, пакараньне за якое прадугледжвае канфіскацыю, у выпадку неабходнасьці спэцыяльнай канфіскацыі маёмасьці і гэтак далей.

Іне Кардаш выставілі падазрэньні ў шпіянажы паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія зьяўляюцца дзяржаўнай таямніцай). Санкцыя за гэтае злачынства прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з магчымай канфіскацыяй. На гэтай падставе сьледчыя і зьвярнуліся па арышт кватэры Кардаш.

Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны, падазраваная або яе законны прадстаўнік могуць зьвярнуцца ў суд па скасаваньне арышту якраз з прычыны іхнай адсутнасьці на разглядзе пытаньня аб арышце кватэры або змогуць даказаць, што патрэба ў гэтым зьнікла.

Справу, якую завялі супраць беларускі 16 ліпеня 2025 году, расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны. Яе ўтрымліваюць у Кіеўскім сьледчым ізалятары.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG