Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуску, затрыманую ў Кіеве паводле падазрэньня ў шпіянажы, уключылі ва ўкраінскую базу «Міратворац»

Супрацоўнік СБУ. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнік СБУ. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянку Беларусі Іну Кардаш, якую затрымалі паводле падазрэньня ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, уключылі ва ўкраінскую базу «Міратворац».

Як адзначаецца ў яе картцы ў базе «Міратворца», Іну Кардаш залічылі як «агентку беларускіх спэцслужбаў, памагатую расейска-фашысцкім захопнікам і тэрарыстам, за замах на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, за саўдзел у злачынствах Расеі супраць Украіны і яе грамадзян».

Цэнтар «Міратворац» стварыла ў 2014 годзе група ўкраінскіх навукоўцаў, юрыстаў, журналістаў, выкладчыкаў, вайскоўцаў і спэцыялістаў у вывучэньні прыкметаў злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі, міру, бясьпекі чалавецтва і міжнароднага правапарадку. Цэнтар мае статус недзяржаўнай арганізацыі.

Аб затрыманьні паведамілі праз тыдзень

Служба бясьпекі і Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб затрыманьні Іны Кардаш 27 студзеня, хоць сам факт яе затрыманьня і арышту адбыўся раней сама меней на пяць дзён.

Згодна з заканадаўствам Украіны, сьледчыя органы павінны зьвярнуцца ў суд па абраньне меры трыманьня не пазьней, як праз 72 гадзіны пасьля фактычнага затрыманьня падазраванага ў злачынстве. Паводле офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, 22 студзеня адзін з раённых судоў Кіева арыштаваў Іну Кардаш на 60 дзён.

У выпадках, калі чалавек падазраецца ў шпіянажы, альтэрнатывы арышту законы Ўкраіны не прадугледжваюць.

Улады Беларусі дагэтуль не адрэагавалі

Іне Кардаш выставілі падазрэньне паводле часткі 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Украіны (шпіянаж), што прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Ва Ўкраіне яна мае сваю ўласную кватэру.

У Беларусі дагэтуль не адрэагавалі на затрыманьне Іны Кардаш — ні дыпляматы, ні спэцыяльныя службы.

У 2017 годзе паводле такіх жа абвінавачаньняў у Чарнігаве затрымалі грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыка. На ягонае затрыманьне ўлады Беларусі таксама доўга не рэагавалі. Пазьней праз дыпляматычныя структуры яму пачалі дапамагаць юрыдычна — у судовым працэсе яго абаранялі тры адвакаты: адзін паводле права на бясплатную юрыдычную дапамогу і два нанятыя паводле камэрцыйнай дамовы.

Юры Палітыка адседзеў у сьледчым ізалятары Чарнігава больш за два гады. 4 кастрычніка 2019 году яго абмянялі на асуджанага ў Беларусі на 8 гадоў пазбаўленьня волі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. Пасьля абмену справу супраць Юрыя Палітыкі не закрылі. На 2022 год заплянавалі некалькі пасяджэньняў, на якіх хацелі прадоўжыць разгляд справы. Судовыя пасяджэньні не адбыліся ні ў 2022-м, ні ў 2023-м, бо Юры Палітыка не зьяўляўся. У 2023 годзе Ўкраіна абвясьціла міжнародны вышук Палітыкі.

Як вынікае з апублікаванага спэцслужба Украіны відэазапісу, разам зь Інай Кардаш затрымалі і мужчыну, але пра яго нічога не паведамляюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG