Пад вечар 27 студзеня Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала відэа, у якім расказала падрабязнасьці справы.
Як паведамляюць украінскія выведнікі, жанчына працавала на КДБ з 2015 году, і ў 2020-м атрымала заданьне займацца выведнай дзейнасьцю ва Ўкраіне. Журналістка працавала на «112 канале», які належаў Віктару Мядзьведчуку, раней набліжанаму да зьбеглага экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча.
Рэдакцыі Свабоды вядомыя яе імаверныя імя і прозьвішча, але згодна з Цывільным кодэксам Украіны «імя фізычнай асобы, якая затрымана, падазраецца ці абвінавачваецца ва ўчыненьні злачынства, ці асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне, можа быць выкарыстана (абнародавана) толькі ў выпадку ўступленьня ў законную сілу абвінаваўчага прысуду». Сьледзтва ў яе справе толькі пачалося.
Паводле апублікаваных аўдыёзапісаў размоў, якія, як мяркуецца, маюць запісаныя галасы падазраванай у шпіянажы і ейнага куратара з КДБ у Менску, заробак за патрэбную беларускім выведнікам інфармацыю жанчыне прапаноўвалі 3 тысячы эўра штомесяц.
Пасьля закрыцьця каналаў Мядзьведчука яна ўладкавалася на іншы канал, дзе, як сьцьвярджаецца, «пашырала сетку кантактаў сярод палітыкаў і журналістаў» Украіны. З КДБ ёй прапанавалі сустрэчу ў адной з краінаў Эўразьвязу для каардынацыі дзеяньняў, што адбылося пасьля паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Там яна атрымала заданьне займацца збіраньнем зьвестак пра грамадзянаў беларусі і Расеі, якія дапамагаюць Украіне змагацца з расейскай агрэсіяй.
Паводле інфармацыі Свабоды, пасьля працы ўласным спэцкорам «112 каналу» ў Беларусі журналістка працавала карэспандэнткай агенцтва «Інтэрфакс-Украіна», у прэзыдэнцкім пуле.
Таксама жанчына атрымала заданьне пра нефармальныя кантакты з кітайскай амбасадай у Кіеве. Затым журналістка спрабавала ўладкавацца ў адзін з штабных падразьдзелаў вайсковай выведкі Ўкраіны, але там яе пачала правяраць служба ўласнай бясьпекі ГУР. У СБУ сьцьвярджаюць, што справай падазраванай у шпіянажы займаліся на найвышэйшым узроўні ў Беларусі.
Украінскія выведнікі сьцьвярджаюць, што сталі гуляць у апэратыўную гульню як з падазраванай у агентурнай дзейнасьці, так і з КДБ, яны пастаўлялі ў Менск дэзынфармацыю. Таксама, як гавораць у СБУ, беларуска спрабавала завэрбаваць на працу для КДБ украінскага вайскоўца.
Цяпер журналістцы выставілі абвінавачаньне ў «шпіянажы» і зьмясьцілі пад арышт. Ёй пагражае да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.
У СБУ не адказалі на пытаньне Свабоды аб прозьвішчы затрыманай.
Форум