Як паведаміла ўкраінскае выданьне «Суспільне», падазраваная ў шпіянажы на Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Іна Кардаш удзельнічала ў пасяджэньні праз відэасувязь.
«Тыя дакумэнты, якія нам адкрылі, не даказваюць тое злачынства, у якім абвінавачваецца мая падабаронная. Тым боль, яна паведамляла і тлумачыла і ў судзе, і падчас допыту сьледчага, у чым менавіта заключалася яе размова, якую ёй інкрымінуюць, як шпіянаж», — сказала Кацярына Юсупава.
У сваю чаргу Іна Кардаш заявіла, што не зьбіраецца нікуды ўцякаць, і ў яе пашпарце няма віз, каб гэта зраіць.
Абвінавачаньне настойвала на неабходнасьці яе арышту, паколькі падазрэньне пацьвярджаецца запісамі праслухоўваньня, а таксама экспэртызай, якая пацьвердзіла, што беларуска перасылала куратарам таемныя дакумэнты. Паводле пракурора, у яе няма пастаянных сувязяў ва Ўкраіне, яе звольнілі з службы ў Міністэрстве абароны, у яе няма дзяцей, толькі муж, якога яна таксама спрабавала завэрбаваць.
На пасяджэньні пракурор таксама паведаміў, што «прымаюцца меры па яе абмене зь беларускім бокам».
«І што, беларускі бок згодны з абменам?», — запытала ў яго судзьдзя.
«Я ня маю такіх зьвестак. Проста гэта цяпер ідзе камунікацыя паміж імі», — сказаў пракурор.
У перапынку пасяджэньня выданьне праз відэасувязь прасіла Іну Кардаш пракамэнтаваць справу, але яна адмовілася.
За ўвесь час пасьля яе затрыманьня і арышту ва Ўкраіне сытуацыю ў Беларусі не камэнтавалі ні ўлады, ні спэцслужбы.
Іну Кардаш затрымалі 21 студзеня. Папярэдне рашэньнем суду яе арыштавалі да 20 сакавіка ўключна.
Справу супраць Іны Кардаш завялі 16 ліпеня 2025 году. Да таго моманту сьледчыя ўжо вялі таемнае назіраньне за ёю, а падазрэньне ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ўручылі толькі ў дзень затрыманьня — 21 студзеня сёлета.
На судзе, калі разглядалася хадайніцтва пракурора аб арышце, затрыманая і яе адвакат заявілі аб неабгрунтаванасьці падазрэньняў і адсутнасьці рызыкі, што яна будзе хавацца ад сьледзтва або іншым шляхам перашкаджаць сьледзтву. Але суд падтрымаў пазыцыю абвінавачваньня.
Справу Іны Кардаш расьсьледуе Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны.
Форум