Беларускі добраахвотнік і экс-палітвязень Ціхан Клюкач лічыцца зьніклым бязь вестак. 19 траўня некаторыя крыніцы перадавалі, што ён загінуў, але на гэты момант такія зьвесткі не пацьверджаныя.
«Чалавек можа быць бяз сувязі, можа быць якая-небудзь адрэзаная пазыцыя, дзе цяжка з камунікацыямі. Ён можа быць у палоне. Калі з чалавекам нешта здарылася, адбываюцца абмены целамі, і ўжо потым ідэнтыфікуюць, хто ён насамрэч, і пацьвярджаюць факт гібелі», — патлумачыў выданьню «Люстэрка» прадстаўнік АПК у пытаньнях абароны Вадзім Кабанчук.
Кабанчук дадаў, што ў падразьдзеле, дзе служыў Клюкач, не гавораць пра гібель.
«Наколькі мне вядома, у 3-й асобнай штурмавой брыгадзе УСУ ён лічыцца зьніклым бязь вестак. Таму нельга цяпер сказаць, што ён загінуў. Пакуль ня будзе афіцыйнага паведамленьня ад брыгады, дзе ён служыў, і па маральных, і па чалавечых каштоўнасьцях мы ня можам пра гэта казаць».
Папярэднія паведамленьні, якія прыйшлі 19 траўня, гаварылі, што добраахвотнік нібыта загінуў у час выкананьня баявога заданьня 9 траўня. Пра гібель Ціхана Клюкача паведамілі некалькі асобаў у Facebook са спасылкай на ягоных саслужыўцаў. Пра гібель «Франца» з спасылкай на пабрацімаў пісаў і клюб «Ліцьвіны» — добраахвотніцкае аб’яднаньне беларусаў у Літве.
Хто такі Ціхан Клюкач
Ціхан Клюкач — былы палітвязень. 22 студзеня 2021 году яго асудзілі на 1,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму (паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) за ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушылі грамадзкі парадак.
Цалкам адбыўшы тэрмін, Ціхан вызваліўся 9 сакавіка 2022 году і паехаў за мяжу, аднак перасьлед не спыніўся: 19 жніўня 2025 году Вярхоўны суд разглядзеў апэляцыю на ягоны завочны прысуд у межах справы васьмі каліноўцаў і намесьніка камандзіра палка «Пагоня», а 5 верасьня таго ж году МУС унёс яго ў «сьпіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Па вызваленьні з калёніі Ціхан паехаў ваяваць за Ўкраіну. Ужо там, на вайне, у яго адбылася спрэчка з кіраўніцтвам палка Кастуся Каліноўскага, і ён перайшоў у полк «Пагоня». Пра абставіны таго пераходу Клюкач расказваў Свабодзе ў асобнай размове.
Пазьней Клюкач пасварыўся і з кіраўніцтвам гэтай адзінкі, але застаўся ваяваць ва Ўкраіне, ужо ў складзе іншага падразьдзелу.
Форум