Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя клюбы і гульні, дроны і тактычная мэдыцына. Як у Беларусі рыхтуюць да вайны дзяцей

Вайсковы парад у Менску. Архіўнае фота
Вайсковы парад у Менску. Архіўнае фота

У наступным навучальным годзе беларускіх школьнікаў будуць вучыць кіраваць дронамі. Такія курсы ўключылі ў праграму прадмету «дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка». Як яшчэ дзяржава мілітарызуе школу.

Беларускіх дзесяціклясьнікаў будуць вучыць кіраваць дронамі з наступнага году. Такі курс па словах намесьніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая ўключылі ў праграму «дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка».

«Для дзесяцікласнікаў-юнакоў у праграму ўключаны 10-гадзінны курс па вывучэньні і навыках кіраваньня беспілётнымі лятальнымі апаратамі. У дзяўчат істотна пашыраны практычны блёк па мэдыцынскай падрыхтоўцы — укаранёныя элемэнты тактычнай мэдыцыны. Зьмянілі балянс на карысьць практычных заняткаў і павялічылі іх аб’ём. Мы адышлі ад чыстай тэорыі да канкрэтных навыкаў, неабходных у рэальных умовах», — распавёў чыноўнік.

Гэтае новаўвядзеньне — адно з шэрагу агульнай плыні мілітарызацыі адукацыі. Глядзім, якія яшчэ прамілітарныя заняткі ўводзілі ў школе ў апошнія гады.

Вучэбна-палявыя зборы для дзесяціклясьнікаў

Дзесяцідзённыя зборы для вучняў 10 клясы сталі абавязковымі з гэтага году. Гэта абавязковая частка прадмету «дапрызыўная падрыхтоўка». Дзеці мусяць жыць у намётах з вайсковым распарадкам. У праграме: страявая падрыхтоўка, фізычная падрыхтоўка, асновы тактыкі, ваенная мэдыцына, знаёмства з вайсковай тэхнікай.

Вучэбна-палявыя зборы выпускнікоў 10 клясаў на базе вайсковай часткі ўнутраных войскаў 3214 у Лагойску. Лета 2026
Вучэбна-палявыя зборы выпускнікоў 10 клясаў на базе вайсковай часткі ўнутраных войскаў 3214 у Лагойску. Лета 2026

Для дзяўчат замест ваенна-палявых збораў прадугледжаны пашыраны практычны блёк па мэдыцынскай падрыхтоўцы, уключаючы элемэнты тактычнай мэдыцыны. Адмовіцца ад такой практыкі нельга, могуць не атэставаць па прадмеце.

Ваенізаваныя гульні

З гэтага году ў школьнікаў стала больш ваенізаваных гульняў. Пад Берасьцем на палігоне ў чэрвені прайшлі вайскова-патрыятычныя гульні «Зарніца», «Зарнічка» і «Арлёнак».

«Зарнічка» — гэта гульня для малодшых клясаў, «Зарніца» — для больш старэйшых школьнікаў і «Арлёнак» для самых старэйшых вучняў. У гэтых гульнях прынялі ўдзел дзьве сотні школьнікаў.

Малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі ў дзіцячай вайсковай форме. Архіўнае фота
Малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі ў дзіцячай вайсковай форме. Архіўнае фота

У лютым на базе вайсковай частцы ў Мачулішчах прайшла вайскова-патрыятычная гульня для дзесяціклясьнікаў «Выклік». У адборачным туры прынялі ўдзел 800 школьнікаў. Сярод іншага школьнікі рылы акопы, практыкаваліся ў зборцы зброі, штурме будынкаў і акопаў.

Вайскова-патрыятычныя клюбы

На канец мінулага году 16 тысяч вучняў наведвалі вайскова-патрыятычныя клюбы. Гэта такія ваенізаваныя кружкі, прыклад дадатковай адукацыі. Гэтыя клюбы курыруюць сілавыя ведамствы. Напрыклад, згодна з рэестрам такіх клюбаў у Менскай вобласьці, клюб «Доблесьць» курыруюць унутраныя войскі МУС, клюб «Сапёр» — вайскоўцы, а клюб «Адвага» — МНС.

МУС на сайце апісвае дзейнасьць сваіх клюбаў. Яны створаныя для дзяцей, якія пасьля хочуць паступаць у сілавыя ВНУ. Сярод іншага, дзеці ў іх займаюцца страявой, агнявой, ідэалягічнай і крыміналістычнай падрыхтоўкай. Існуюць два ўзроўні навучаньня: базавы для дзяцей 12-14 гадоў на два гады і павышаны — для дзяцей 15-17 гадоў цягам аднаго году.

Профільныя вайсковыя клясы

У Беларусі таксама ствараюць асобныя вайскова-патрыятычныя клясы, каб у іх дзеці рыхтаваліся да паступленьня ў сілавыя ВНУ. Напрыклад, у Менску 170 такіх клясаў. Адкрываць такія клясы пачалі яшчэ ў 2020 годзе. Напрыклад, у сярэдняй менскай школе № 206. Цяпер там два такія клясы, а вось так дырэктарка школы Алена Клімковіч апісвае профільную падрыхтоўку:

«Выхоўваючы патрыётаў сваёй краіны, абаронцаў Айчыны, перш за ўсё трэба разьвіваць агульначалавечыя якасьці: дабрыню, сумленнасьць, годнасьць, гуманнасьць. Выхаваўчая складальная ў гэтым клясе пераважае, але і веды па прадметах, і фізычная падрыхтоўка ў нашых дзяцей таксама на ўзроўні, таму што гэтыя хлопцы павінны быць узорам ва ўсім для сваіх аднагодкаў».

Навучальна-палявыя зборы для школьнікаў на базе вайсковай часткі № 31802 у Менску
Навучальна-палявыя зборы для школьнікаў на базе вайсковай часткі № 31802 у Менску

На 2024 год падобных клясаў у Беларусі было 337 у 220 установах адукацыі.

«Сілавікі прыйшлі да ўлады нават у адукацыі»

Паводле намесьніка прадстаўніка ў нацыянальным адраджэньні ў галіне адукацыі і навукі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Андрэя Лаўрухіна, цяпер сілавікі навязваюць сваю волю нават у адукацыі, а дзяржава гэтаму спрыяе.

«Уладам трэба мілітарызацыя грамадзтва з дзяцінства. Грамадзянскія інтарэсы ўжо саступаюць месца сілавым. Палітычная воля дазваляе канструяваць мілітарыстычнасьць з дзіцячага ўзросту. Гэта ўжо рысы таталітарнай сыстэмы. Сілавы блёк уплывае ўжо нават праз інстытуты адукацыі. Нават у савецкія часы не было такога ўцягваньня ў вайну дзяцей», — мяркуе суразмоўца.

Бацькам варта разумець гэты ўзровень пагрозы, працягвае Лаўрухін.

«Раней падавалася немагчымым, што дзяцей будуць вучыць, як забіваць. Калі дзяцей раптам уцягнуць у вайну, калі гэта здарыцца, назад адкруціць будзе немагчыма, гэта зламанае жыцьцё. Бацькі мусяць тут зрабіць усё магчымае, каб дзіцяці не зламалі жыцьцё. Бацькам лепш бачна, як пазьбегнуць уцягваньня дзяцей у мілітарызацыю. Сілавікі ставяць экспэрымэнт над дзецьмі, гэта злачынства супраць дзяцей», — даводзіць экспэрт.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG