Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заявілі пра спробы КДБ вэрбаваць беларусаў, якія зьехалі ў эміграцыю, празь іхных бацькоў

Галоўны будынак КДБ у Менску, архіўнае фота
Галоўны будынак КДБ у Менску, архіўнае фота

Апошнія паўгоду КДБ Беларусі актыўна вэрбуе людзей і цісьне на сваякоў беларусаў, вымушаных эміграваць.

Як напісала праваабарончая ініцыятыва DissidentBY, «у прыватнасьці, за мінулыя тыдні нам стала вядома пра шэраг выпадкаў, калі да бацькоў беларусаў замежжа прыходзяць з пагрозамі і патрабуюць кантакты дзяцей, спасылаючыся на тое, што дзеці зьвязаныя з Цэнтрам новых ідэяў (аналітычна-асьветніцкі цэнтар, прызнаны „экстрэмісцкім фармаваньнем“ у 2025 годзе)».

Вядома, што пасьля атрыманьня кантакту прадстаўнік КДБ выходзіць на сувязь з чалавекам, які яго цікавіць, і праз пагрозы, ціск ці «добразычлівыя прапановы» спрабуе ўцягнуць у доўгатэрміновую камунікацыю.

«Галоўная мэта такіх кантактаў — схіліць чалавека да доўгатэрміновай супрацы, атрымаць як мага больш інфармацыі і стварыць сытуацыю, у якой адмовіцца ад кантакту будзе ўжо амаль немагчыма», — папярэджваюць праваабаронцы.

Ператрусы ў сваякоў актывістаў за мяжой і студэнтаў ЭГУ сталі масавымі

Праваабаронцам «Вясны» раней стала вядома, што ў канцы траўня супрацоўнікі КДБ прыйшлі зь ператрусам у лідзкую кватэру актывіста Івана Касьпяровіча, які з 2021 году жыве ў вымушанай эміграцыі. Сілавікі апісалі ягоную маёмасьць.

На пачатак чэрвеня праваабаронцам было вядома пра больш чым 30 ператрусаў у сваякоў актывістаў у замежжы. Прынамсі частка зь іх зьвязаная з удзелам у сьвяткаваньнях Дня Волі ў Варшаве, Вільні, Беластоку і ў ЗША, піша «Вясна».

Праваабаронцам таксама вядома, што ў справе ЭГУ прайшло ўжо больш за 60 ператрусаў па ўсёй Беларусі.

Падставай стала прызнаньне разьмешчанага ў Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту «экстрэмісцкай» арганізацыяй і завядзеньне ўладамі крымінальнай справы за «сайдзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «фінансаваньне» яе.

Бацькоў вымушаюць зьвязвацца зь дзецьмі, якія вучацца ў ЭГУ і жывуць у Літве, каб тыя падалі заяву на адлічэньне і вярнуліся ў Беларусь. Сілавікі наўпрост кажуць — калі дзеці не пакінуць ЭГУ, то бацькоў затрымаюць. Некаторых сваякоў студэнтаў ужо затрымалі, сьцьвярджаюць праваабаронцы. КДБ прыходзіць і да выпускнікоў унівэрсытэту. У іх патрабуюць дыплёмы аб заканчэньні ЭГУ.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG