Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад званка да званка. Расказваем пра тых палітвязняў, хто ўжо цалкам адбыў вялікі тэрмін і вызваліўся без памілаваньня

Папраўчая калёнія №15 у Магілёве. Ілюстрацыйнае фота
Папраўчая калёнія №15 у Магілёве. Ілюстрацыйнае фота

Усё больш асуджаных паводле «пратэставых» артыкулаў на 5-6 гадоў пазбаўленьня волі беларусаў выходзяць на свабоду. Не па памілаваньні, не па «ўмоўна-датэрміновым вызваленьні», а цалкам адбыўшы тэрмін. Расказваем, што зь імі адбываецца далей.

Пасьля пратэстаў 2020 году і хвалі рэпрэсій асноўная частка асуджаных па «палітычных» артыкулах Крымінальнага кодэксу атрымала абвінавачваньні па так званым «народным» 342 артыкуле — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Па гэтым артыкуле людзям прызначалі пакараньне пераважна ў выглядзе некалькіх гадоў пазбаўленьня волі (часьцей за ўсё да 3 гадоў), альбо абмежаваньне волі. Аднак у некаторых выпадках удзельнікаў пратэстаў судзілі па больш «важкіх» артыкулах.

Да іх можна аднесьці 293 КК — «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, альбо непасрэдны ўдзел у іх», 361-1 КК — «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім, а таксама ўдзел у ім» і іншых. Пакараньне па такіх абвінавачваньнях было значна больш жорсткім — 5-6 гадоў пазбаўленьня волі.

Беларускія праваабаронцы не валодаюць статыстыкай, колькі прысудаў было вынесена па больш значных палітызаваных абвінавачваньнях. Вясной і летам 2026 году на свабоду пачалі выходзіць першыя з асуджаных па гэтых арыткулах КК палітвязьняў, якія цалкам адбылі свае тэрміны. З публічных асобаў былі вызваленыя адвакат Аляксандар Данілевіч, бубнач Аляксей Санчук, Леанід Кавалёў, які адбываў пакараньне па вядомай справе «кактэйляў Молатава».

Вызваліліся таксама асуджаны на 6 гадоў муж каардынатаркі «Краіны для жыцьця» Антаніны Канавалавай Сяргей Ярашэвіч і вядомы сківічны хірург Андрэй Любецкі, які адбыў 5 гадоў асноўнага тэрміну і яшчэ 1 год па 411-м артыкуле Крымінальнага кодэксу (непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі).

Як стала вядома Свабодзе, на волі былыя палітзьняволеныя зь доўгімі тэрмінамі адразу сутыкнуліся зь пільным наглядам і вялікай колькасьцю праблем і абмежаваньняў. Ад праблемаў з працаўладкаваньнем, адкрыцьцём банкаўскага рахунку, заменай дакумэнтаў, да немагчымасьці набыць сім-карту. Усе яны застаюцца ў статусе «экстрэмістаў» і знаходзяцца пад прэвэнтыўным наглядам.

«Давядзецца ўладкоўвацца ў ЖЭС дворнікам»

Мікалай (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі — РС) вызваліўся некалькі месяцаў таму, цалкам адседзеўшы 5-гадовы тэрмін. Яго судзілі з групай іншых асобаў па трох крымінальных артыкулах. У размове са Свабодай Мікалай расказвае, што калі ён знаходзіўся ў СІЗА ў 2021-м, да яго даходзілі зьвесткі пра іншыя прысуды па 2-3 гады. Мікалай спадзяваўся, што і яму дадуць прыкладна столькі ж альбо нават «хімію».

«Прысуд агаломшыў: 5 гадоў! — прызнаецца суразмоўца. — Аднак і адвакат, і маці з жонкай літаральна на другі дзень на першым спатканьні пасьля прысуду суцяшалі і запэўнівалі, што столькі сядзець ня буду. Падаў апэляцыю, але прысуд пакінулі ў сіле».

Мікалай расказвае, што ў калёніі на яго павесілі жоўтую бірку і прысвоілі так званы «10-ы прафулік» (неафіцыйная назва спэцыяльнай катэгорыі вязьняў, «схільных да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» — РС). Напачатку адседкі Мікалай некалькі разоў трапляў на 10 сутак у штрафны ізалятар.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Але паступова зразумеў, што калёнія — ня тое месца, дзе можна „качаць правы“, прыняў яе правілы, — кажа суразмоўца. — Прыяжджалі прадстаўнікі пракуратуры, агітавалі напісаць „памілоўку“. Спачатку адмаўляўся, на трэцім годзе зьняволеньня напісаў. Ведаў пра хвалі памілаваньня, таксама спадзяваўся».

Міклай вярнуўся дадому толькі цалкам адбыўшы тэрмін. Статус экстрэміста захаваўся, прызначылі прэвэнтыўны нагляд.

«На ранейшую працу мяне не ўзялі, хоць на маршы мы выходзілі амаль ўсім аддзелам. Начальнік хаваў вочы і казаў, што ня ён цяпер прымае рашэньні. Пару чалавек з былых калег мне дапамаглі матэрыяльна, вельмі ім удзячны. Так што з працай праблемы, не выключаю, што давядзецца ўладкоўвацца ў ЖЭС дворнікам. На ўлік у міліцыю ўстаў. Ужо зразумеў, што жыць спакойна мне не дадуць.

І яшчэ вельмі зьдзівіўся, як зьмяніліся людзі і атмасфэра ў горадзе. Сусед, зь якім мы былі ў прыяцельскіх адносінах, літаральна зьбег, убачыўшы мяне, пару сяброў таксама адвярнуліся. Хлопец, зь якім быў у адным атрадзе і якога памілавалі і выкінулі за мяжу, раіць зьяжджаць. Але для мяне гэта пакуль не варыянт. Бацькі пажылыя, з жонкай адносіны няпростыя», — суразмоўца Свабоды адмовіўся далей распавядаць пра асабістыя праблемы.

Ён кажа, што нават не ўяўляў, колькі пытаньняў і амаль невырашальных задач зваліцца на ягоную галаву на волі.

Ізалятар часовага ўтрыманьня Менскага раёну. Менск, вуліца Францішка Скарыны, 20. Ілюстрацыйнае фота
Ізалятар часовага ўтрыманьня Менскага раёну. Менск, вуліца Францішка Скарыны, 20. Ілюстрацыйнае фота

Другі былы палітвязень Аляксей Санчук, які адседзеў 6 гадоў, у Беларусі на волі пратрымаўся літаральна 3 дні. 6 ліпеня вызваліўся са Шклоўскай калёніі, а 9 ліпеня з жонкай і дачкой пакінуў краіну. Ён расказвае, што па-першае, яго напалохаў прэвэнтыўны нагляд. Па-другое, на думку Аляксея, у Беларусі вельмі зьмяніліся людзі.

«Гэта вельмі жорсткі рэжым, — гаворыць суразмоўца. — Прэвэнтыўны нагляд — гэта з 22-й да 6-й раніцы неабходна знаходзіцца дома, 4 разы на месяц прыходзіць адзначацца ў пастарунак, забаронена наведваць грамадзкія месцы, рэстарацыі, кавярні, нават крамы з алькаголем. Я ведаю, што немагчыма набыць sim-карту, адкрыць банкаўскі рахунак, таму гэтага я нават не спрабаваў. Трэба было яшчэ ўладкавацца (на працу — РС) на працу цягам двух тыдняў. За гэтыя тры дні назіраньняў мне падалося, што людзі ў Беларусі вельмі моцна памяняліся ў параўнаньні з 2020 годам: гэта ўжо не маё грамадзтва. Карацей, я ўзважыў усе акалічнасьці і вырашыў, што не змагу жыць у такіх умовах. І мы зь сям’ёй зьехалі з краіны»», — тлумачыць Аляксей Санчук.

«Ёсьць вялікая ступень стыгматызацыі»

Праваабаронца «Вясны» Ўладзь Лабковіч запэўніў, што «Вясна» вядзе ўлік былых палітвязьняў, якія вызваліліся па памілаваньні альбо выходзяць на волю пасьля адбыцьця тэрміну. Але, паколькі ўлады максымальна засакрэцілі такія зьвесткі (не разгалошваюцца нават сьпісы памілаваных без удзелу замежных перамоўнікаў — РС) і агулам усю сытуацыю вакол палітвязьняў — інфармацыю зьбіраць надзвычай цяжка, падкрэсьлівае ён.

«Аднак мы яе зьбіраем і імкнемся, каб ніхто не застаўся без увагі праваабаронцаў, каб грамадзтва пра іх ведала. Мы спрабуем аказваць любую дапамогу, нягледзячы на тое, што зьявілася падставай для іх выхаду з турмы. Бо вельмі важна дапамагчы чалавеку адаптавацца на волі, знайсьці сябе.

Але нам асабліва складана дапамагаць тым людзям, якія застаюцца ў Беларусі, бо мы зьяўляемся экстрэмісцкім фармаваньнем, і гэта кладзе на нас адказнасьць за людзей, каб ні ў якім разе ім не нашкодзіць, не ствараць нагоды, перадумовы, каб яны зноў не былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці», — запэўнівае праваабаронца.

Уладзь Лабковіч
Уладзь Лабковіч

Як і чым канкрэтна можна дапамагчы былым палітзьняволеным, якія знаходзяцца ў Беларусі? Гэта вельмі цяжкае пытаньне, прызнаецца Лабковіч.

«Тэма вельмі далікатная і нават табуяваная. Бо, з аднаго боку, гэта пагроза стасункаў з экстрэмісцкім фармаваньнем. З другога боку, ёсьць вялікая ступень стыгматызацыі, што да стаўленьня да палітвязьняў у грамадзтве. Збольшага беларускае грамадзтва даволі пазытыўна і станоўча адносіцца да іх. Аднак нават у спачуваючых і эмпатыўных людзей ёсьць вялікі страх, каб самім не патрапіць пад радар рэпрэсій і ня быць прыцягнутым да адказнасьці па любых надуманых прыкметах.

Таму пытаньне цяжкае і для саміх праваабаронцаў, гэта вялікі выклік, складанасьць — шукаць мэханізмы, інструмэнты, чым і як дапамагаць людзям унутры Беларусі. Няма супэрінструмэнту, бо гэта надзвычай небясьпечна. Спэцслужбы робяць усё, каб гэтыя каналы і камунікацыі зьнішчаць, а людзей за такія камунікацыі караць», — кажа Ўладзімер Лабковіч.

Па стане на 14 жніўня праваабарончы цэнтар «Вясна» налічвае ў Беларусі 878 палітычных зьняволеных. Іх сьпісы пастаянна абнаўляюцца. Агулам, паводле зьвестак праваабаронцаў, пасьля выбараў 2020 году статус палітычнага зьняволенага ў Беларусі атрымалі 4754 чалавекі. Гэтая лічба няпоўная. Колькасьць тых беларусаў, якія ў рознай ступені сутыкнуліся з палітычным перасьледам на радзіме, можа дасягаць дзесяткаў тысяч чалавек.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG