Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BelPol: З 2020 года ў Беларусі рэпрэсавалі паўмільёна чалавек, улады ўжываюць незаконныя мэтады

Сілавікі ў Менску, архіўнае фота
Сілавікі ў Менску, архіўнае фота

Агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае 500 тысяч. Такія ацэнкі агучыла ініцыятыва BelPol.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Аб рэальным маштабе палітычных рэпрэсій у Беларусі», прадстаўленым арганізацыяй BelPol на III Кангрэсе па палітвязьнях у Беларусі 22 траўня ў Вільні, піша Позірк.

Са спасылкай на праваабарончую ініцыятыву Dissidentby адзначаецца, што ў 2020 годзе было зафіксавана 190 новых выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага перасьледу грамадзян (вызваленьняў не было), у 2021-м — 1.595 (75), 2022-м — 2.363 (258), 2023-м — 1.582 (618), 2024-м — 1.761 (813), 2025-м — 1.346 (606), у першым квартале 2026-га — 314 (309).

У дакладзе адзначаецца, што ў 2024 годзе ўлады «пачалі хаваць зьвесткі аб судовых пасяджэньнях і прысудах, што абцяжарыла доступ праваабаронцаў да інфармацыі», таму прыведзеная статыстыка за апошнія гады няпоўная.

«Інфармацыя з колькаснымі паказчыкамі таксама пацьвярджае, што ні пра якое „паслабленьне“ рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму і пра яго „гуманізацыю“ гаворка не ідзе. Колькасьць новых выпадкаў палітычна матываванага крымінальнага перасьледу перавышае колькасьць вызваленых і асоб, якія адбылі пакараньне», — падкрэсьліваюць аўтары.

Як змяняліся рэпрэсіі з прававога пункту гледжаньня

BelPol адзначае, што само заканадаўства з 2020 года зьмянілася «не так істотна», але яго трактоўка ўладнымі структурамі «істотна памянялася». У прыватнасьці, «дзеяньні, якія раней лічыліся цалкам бяскрыўднымі альбо дробным правапарушэньнем, раптам ператварыліся ў злачынствы, у тым ліку цяжкія».

«Паняцьці „тэрарызму“ і „экстрэмізму“ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году сталі істотна адрозьнівацца ад агульнасусьветнай практыкі. У афіцыйны пералік фізычных асоб і арганізацый, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці (сьпісы „тэрарыстаў“) КДБ Беларусі ўключае з розных падставаў, у тым ліку пры асуджэньні па 28 артыкулах Крымінальнага кодэксу».

«Важная акалічнасьць: падчас палітычных рэпрэсій менскім рэжымам нярэдка ўжываецца „зваротная сіла закону“. Гэта значыць грамадзяне караюцца за „правапарушэньні“ і „злачынствы“, якія такімі не зьяўляліся згодна з нормамі заканадаўства, якія дзейнічалі на момант зьдзяйсьнення інкрымінаваных ім дзеяньняў (напрыклад, за падпіскі на інтэрнэт-СМІ альбо данаты арганізацыям, якія на той момант не былі прызнаныя „экстрэмісцкімі“)», — гаворыцца ў дакладзе.

Сёньня, як адзначае BelPol, фактычна пад вызначэньне «экстрэмізм» стала падпадаць «любая апазыцыйная дзейнасьць і „іншадумства“, а за любую сувязь з „экстрэмізмам“ ідзе крымінальнае пакараньне».

Яшчэ адным відам рэпрэсій у дакладзе называецца «выправаджэньне грамадзян Беларусі за межы краіны», паколькі такая працэдура «не прадугледжаная ніякімі нацыянальнымі прававымі нормамі і супярэчыць палажэньням Канстытуцыі». Прававы статус «памілаваных» палітвязьняў незразумелы — афіцыйных актаў памілаваньня няма.

Уціск былых палітвязьняў

Акрамя таго, аўтары зьвяртаюць увагу на праблемы, з якімі сутыкнуліся былыя палітвязьні. Да гэтай катэгорыі асоб у Беларусі часьцяком ужываюцца меры па «прэвэнтыўным наглядзе» альбо «прафіляктычным назіраньні», у сувязі з чым многія з іх істотна абмежаваныя ў правах.

Многія былыя палітвязьні «знаходзяцца пад пагрозай зноў апынуцца ў месцах пазбаўленьня волі». Акрамя таго, «да іх ужываюцца і меры ціску, не прадугледжаныя заканадаўствам». Напрыклад, выклік у міліцыю на «прафіляктычныя гутаркі», накіраваньне на прымусовыя работы, якія зьневажаюць чалавечую годнасьць — уборку вуліц, збор камянёў на сельскагаспадарчых палях.

На думку BelPol, рэжым «сьвядома стварае» былым палітвязьням «невыносныя ўмовы на тэрыторыі Беларусі»:

«Гэта значыць вызваленьне з месцаў пазбаўленьня волі для былых палітзьняволеных на самай справе ніякай „свабоды“ не прыносіць. Нярэдка рэжым пазбаўленьня волі для іх фактычна проста зьмяняецца на пакараньне ў выглядзе „абмежаваньня волі“. У выніку ні пра якое „нармальнае“ жыцьцё, нават у пэрспэктыве, для іх казаць не даводзіцца, многія былыя палітвязьні вымушаныя зьяжджаць зь Беларусі».

Звальненьні няўгодных

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года сотні тысяч грамадзян падпісваліся за ўсіх кандыдатаў адначасова, але былі і тыя, хто падпісаўся толькі за аднаго або двух апазыцыйных. Таму, гаворыцца ў дакладзе, «калі лічыць па подпісах, здадзеных у ЦВК, рэжым атрымаў зьвесткі прыкладна 400 тысяч апазыцыйна настроеных да дыктатара асоб».

«Гэтая катэгорыя грамадзян таксама зазнала рэпрэсіі. Усе „падпісанты“ за апазыцыйных кандыдатаў былі звольненыя з дзяржаўнай і вайсковай службы, а таксама з праваахоўных і сілавых структур. Многія з іх былі звольненыя з дзяржпрадпрыемстваў і арганізацый, альбо ім не падоўжаныя чарговыя працоўныя кантракты. Тыя, хто не быў звольнены (бо ўсіх і адразу замяніць аказалася немагчыма), знаходзяцца пад пастаянным кантролем і маральным прэсінгам з боку кіраўніцтва, іх кар’ерны рост пад забаронай», — падкрэсьліваюць аўтары.

Ёсьць і іншыя, менш шматлікія катэгорыі грамадзян. Напрыклад, як адзначаецца, людзі, якія «не былі затрыманыя, але фізычна і псыхічна пацярпелі падчас разгону мірных пратэстаў сілавікамі, а таксама праз затрыманьне сяброў, сваякоў».

Названая лічба ў 500 тысяч рэпрэсаваных «можа вырасьці ў разы», калі да іх дадаць блізкіх сваякоў, на якіх таксама «распаўсюдзіліся нэгатыўныя наступствы», адзначае BelPol.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG