Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16-гадовага Мікіту Залатарова пакаралі 5 гадамі калёніі за «масавыя беспарадкі»


Суд Чыгуначнага раёну Гомля разглядае крымінальную справу пра «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненьні міліцыі». Абвінавачаныя – трое жыхароў Гомля, Гомельскага раёну і Добрушу (Мікіта Залатароў, Леанід Кавалёў і Дзьмітры Карнееў)

22 лютага судзьдзя Дзьмітры Дэбой вынес прысуд у крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі». 16-гадовы Мікіта Залатароў пакараны 5 гадамі выхаваўчай калёніі.

25-гадовы Дзьмітры Карнееў пазбаўлены волі на 8 гадоў. 28-гадовы Леанід Кавалёў пакараны 6 гадамі калёніі.

Іх усіх апраўдалі паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт над міліцыяй).

Пасля прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася гістэрыка. Ён кідаўся на краты і крычаў: «Выпусьціце мяне адсюль!»

Дзьмітры Карнееў (зьлева) і Мікіта Залатароў, лава падсудных, суд, Гомель.
Дзьмітры Карнееў (зьлева) і Мікіта Залатароў, лава падсудных, суд, Гомель.

Справу разглядаў суд Чыгуначнага раёну. Пракурор Яўген Фартушняк прасіў для абвінавачаных: Залатарову — 6 гадоў, Кавалёву — 7 гадоў, Карнееву — 8 гадоў калёніі.

Жыхароў Гомля, раёну і Добрушу вінавацілі ў масавых беспарадках, гвалце над міліцыяй, незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»), а Леаніда Кавалёва — яшчэ і ва «ўцягваньні непаўналетняга ў супрацьпраўныя паводзіны».

Перад агучваньнем выраку.
Перад агучваньнем выраку.

Усе трое, па словах пракурора, адрэагавалі на заклікі з Telegram-каналаў і таму ўзялі ўдзел у «масавых беспарадках», якія суправаджаліся «пагромамі, падпаламі, збройным супрацівам прадстаўнікам улады».

Дзяржаўны абвінаваўца зазначаў, што Кавалёў спрабаваў «наўмысна правесьці відэазапіс», каб потым разьмясьціць яго ў інтэрнэце з «мэтай прапаганды злачыннай дзейнасьці». Абвінавачаныя «дзейнічалі сумесна і ўзгоднена, і зрабілі пагрозу гвалту над супрацоўнікамі міліцыі праз помсту за выкананьне службовай дзейнасьці».

16-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію. Ягоны бацька расказваў журналістам, што Мікіту білі ў міліцыі і СІЗА. На гэта адвакат падаваў скаргу, але органы не знайшлі складу злачынства. Мікіта заявіў на судзе, што яго білі ня толькі ў жніўні, але і 29 сьнежня ў гомельскім СІЗА. Таксама падлетак заявіў на судзе, што яму ў СІЗА не даюць таблетак. «Канваір сказаў: „Ты палітычны, здохнеш“», — сказаў непаўналетні.

Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што ў дзеяньнях іх падабаронных няма складу злачынства паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу, дзе масавыя беспарадкі зьвязаныя з «пагромамі, падпаламі, наўмысным зьнішчэньнем маёмасьці, узброеным супрацівам».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG