Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусбанк «раскашэліўся» на жыльлёвыя крэдыты пад 1% гадавых. Навошта гэта робіцца і якімі будуць наступствы

Будаўніцтва жыльлёвага комплексу ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Будаўніцтва жыльлёвага комплексу ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Беларусбанк з 10 жніўня анансаваў новую праграму «іпатэка з намі», людзям прапануюць браць крэдыт на новае жыльлё пад 1% гадавых у першыя два гады. Да праграмы далучыліся тры дзясяткі забудоўнікаў. Разьбіраемся, якія наступствы для эканомікі гэта нясе.

У Беларусі з 10 жніўня стала дасяжнай іпатэка ад Беларусбанку на набыцьцё новага жыльля. Крэдыт на першыя 2 гады мае ўсяго 1% гадавых. Раней падобных праграм у Беларусі не было. Астатні пэрыяд стаўка будзе складаць 15,4%. Па апісаных на сайце банка ўмовах такі крэдыт могуць даць на 20 гадоў, яго можна гасіць датэрмінова, а таксама банк можа пакрыць 100% кошту кватэры, калі сума крэдыту не перавышае 200 тысяч рублёў. Асноўны доўг крэдыта карыстальнікі гэтай праграмы пачынаюць гасіць праз 12 месяцаў.

Жыльлё па такім крэдыце можна набыць толькі ў партнэраў банка. Цяпер у сьпісе 31 забудоўнік, сярод іх «Дана Астра», якая забудоўвае «Мінск-Мір», а таксама A100 — Development — гэта Новая Баравая і Riverside Development Limited — прэстыжны сталічны раён Паўночны бераг. Ёсьць у сьпісе і забудоўнікі з рэгіёнаў — «Бетонны вулей», які забудоўвае Берасьце і Горадню і «Палессежылбуд» — забудоўшчык з Берасьця.

Банк не агучвае максымальную суму крэдыту, яна залежыць ад кошту аб’екта і плацежаздольнасьці заёмшчыка.

Як гэта працуе

На сайце банка дасяжны калькулятар, які дазваляе прыкладна разьлічыць графік плацяжоў і максымальную суму крэдыту. Напрыклад, пры штомесячным даходзе ў 4000 рублёў можна ўзяць крэдыт на 191 389 рублёў. Першыя 12 месяцаў чалавек будзе плаціць 159 рублёў 49 капеек, наступныя 12 месцаў — 925 рублёў 74 капейкі, бо пачынаецца пагашэньне асноўнага доўгу. А праз два гады штомесячны плацёж будзе складаць 2498 рублі 71 капейку.

Свабода пагаварыла з беларускімі рыэлтарамі на ўмове ананімнасьці. Паводле спэцыялістаў, гэтыя крэдыты найбольш будуць падыходзіць людзям, у якіх ці то вялікія даходы, ці то ёсьць ашчаджаныя грошы. У такім выпадку яны змогуць максымальна пагасіць крэдыт у першыя 2 гады, калі стаўка складае 1%.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адзін са спэцыялістаў адзначыў, што такім шляхам улады разьлічваюць займець больш зьдзелак на рынку новай нерухомасьці, бо дзяржаве не вельмі падабаецца вялікая колькасьць зьдзелак на рынку другаснай. А забудоўнікі імкнуцца любым спосабам захаваць узровень продажаў.

«Такія прапановы ў прынцыпе паказваюць, у якім стане эканоміка. Людзі закрэдытаваныя, людзі бяднеюць, нягледзячы на ўсе паказчыкі рэальнага росту заробкаў. Ну, а забудоўнікі круцяцца, каб падтрымаць узровень продажаў. Людзі ж ужо паўлазілі ў крэдыты, ужо ўсе набылі хто хацеў, няма магчымасьці больш набываць. Каб завабіць новых людзей, вынаходзяць такія фінансавыя інструмэнты, але ня думаю, што гэта глябальна павялічыць продажы», — мяркуе спэцыяліст.

Якія наступствы для эканомікі

Беларускія банкі ўжо некалькі гадоў масава выдаюць крэдыты. Яшчэ ўлетку 2024 году тагачасны першы намесьнік кіраўніка праўленьня Нацбанку Сяргей Калечыц папярэджваў пра шкоднасьць крэдытных «лішніх» грошай у эканоміцы.

«У будучыні яны могуць праявіцца праз узмацненьне націску на валютны рынак і курс беларускага рубля, павышаны попыт на спажывецкім рынку, раскручваньне інфляцыйна-дэвальвацыйнай сьпіралі, пагаршэньне паказчыкаў устойлівасьці банкаўскага сэктару», — адзначаў тады Калечыц.

Пасьля сыходу з Нацбанку Паўла Калаўра і прызначэньня туды Рамана Галоўчанкі Сяргей Калечыц пакінуў гэтую пасаду.

Андрэй Махоўскі
Андрэй Махоўскі

Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі кажа, што беларускія ўлады працягваюць палітыку стымуляваньня попыту таннымі грашыма. Гэта тычыцца і крэдытаў прадпрыемствам, і спажывецкіх крэдытаў на аўто, на іншыя тавары.

«Гэта частка агульнай дзяржаўнай палітыкі па стымуляваньні эканомікі, бо ёсьць плян, каб эканоміка вырасла на 2,8%, а ў першым квартале яна наадварот зьнізілася на 1,5%, а недзе з траўня яна пачала расьці хутка, гэта якраз вынік такога стымуляваньня», — гаворыць суразмоўца.

Сам па сабе крэдыт пад 1% істотна не паўплывае на эканоміку, але паўплывае агульная палітыка «танных» крэдытаў, зважае Махоўскі.

«Мы бачылі наступствы такой палітыкі ў 2008-м годзе, у 2011-м годзе, у 2014–2015 гадах. Гэта інвэстыцыі без прыбыткаў, грошы проста выліваюцца ў пясок. Надзімаецца інвэстыцыйны пухір, гэта асабліва небясьпечна, калі ў галоўнага гандлёвага партнэра — Расеі, насьпявае банкаўскі крызіс. Калі такая агульная практыка будзе працягвацца, то гэта ўплывае на курс рубля, на цэны, то бок на інфляцыю», — зважае суразмоўца.

Што да ўплыву на рынку нерухомасьці, то «танныя» крэдыты могуць паўплываць на далейшы рост цэнаў на гэтым рынку. У чэрвені на рынку другаснай нерухомасьці ў Менску заключылі 1300 зьдзелак, гэта на 10% менш, чым у чэрвені мінулага году. Пры гэтым, цана квадратнага мэтру вырасла да 2214 даляраў, паводле аналітыкі ад Realt.by.

Агулам жа попыт на жыльлё спаў на 20-25%, ацэньваюць рыэлтары. Цяпер беларусы вінныя банкам па крэдытах 31,1 мільярда рублёў, з пачатку году гэтая сума вырасла на 1,3 мільярда. У 2026 годзе банкі заключылі 750 тысяч крэдытных дамоваў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG