Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яшчэ адзін праблемны актыў». Навошта ўлады нацыяналізуюць «Амкадор»

Тэхніка «Амкадор». Архіўнае фота
Тэхніка «Амкадор». Архіўнае фота

Урад Беларусі пастанавіў бязвыплатна перадаць дзяржаве яшчэ 683 акцыі ААТ «Амкадор», якія належалі бізнэсоўцу Аляксандру Шакуціну, ягоным кампаніям і партнэрам.

Перадача павінна адбыцца да 1 лістапада. Адпаведную пастанову падпісаў 27 ліпеня прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь Аляксандр Турчын. Урад Беларусі даручыў Міністэрству прамысловасьці, Міністэрству фінансаў і Дзяржаўнаму камітэту маёмасьці прыняць захады для рэалізацыі пастановы №376.

«Амкадор», які раней кантраляваў набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандар Шакуцін, фактычна перайшоў пад дзяржаўнае кіраваньне ў 2025 годзе. Паводле афіцыйных заяваў, гэта адбылося праз вялікія даўгі і няздольнасьць абслугоўваць крэдыты.

Наколькі мэтазгоднае рашэньне ўраду аб перадачы дзяржаве яшчэ аднаго пакету акцый ААТ «Амкадор», які па-ранейшаму знаходзіцца ў праблемным стане?

Эканамічная экспэртка, галоўная рэдактарка выданьня «План Б» Вольга Лойка ў камэнтары Свабодзе ставіць прыбытковасьць гэтага рашэньня беларускага ўраду пад сумнеў.

«Дзяржава працягвае павялічваць сваю долю ў статутным капітале „Амкадора“, забіраючы акцыі ў ранейшых уладальнікаў. Але гэта ня спроба адабраць ва ўласьніка бізнэс, які добра працуе. Гэта, скажам так, спроба разьвесьці рукамі і сказаць, што не атрымалася ва ўласьніка, а абавязаньні кампаніі занадта вялікія і таму дзяржава нацыяналізуе гэтыя страты на сябе. Сказаць, што гэта эфэктыўная практыка, якая нешта можа палепшыць, наўрад ці можна», — мяркуе Вольга Лойка.

Экспэртка назвала гісторыю з акцыямі «Амкадору» прыкладам «нацыяналізацыі страт» і згадала, што такая практыка ўжо бывала ў найноўшай гісторыі Беларусі некалькі разоў.

Самы вядомы выпадак, паводле Вольгі Лойкі, фактычная нацыяналізацыя Беларускай нацыянальнай біятэхналягічнай карпарацыі.

Пры гэтым Вольга Лойка адзначае вялікую адказнасьць самой дзяржавы за тое, што «Амкадор» даводзіцца ратаваць ад даўгоў праз фактычную нацыяналізацыю.

«Але сказаць, што гэта правал ранейшых уласьнікаў таксама нельга, таму што дзяржава паводзіла сябе ў гэтых кампаніях як квазіўласьнік, фактычна дыктуючы, што імпартазамяшчаць, што выпускаць, як прадаваць, а потым спрабуючы павесіць гэтыя праблемы, гэтыя страты на ўласьніка. Уласьнік не пацягнуў, праблема відавочна занадта вялікая, і дзяржава фактычна нацыяналізуе гэтыя страты. Таму атрымальнікам выгады ў гэтым выпадку дзяржаву складана назваць. Яна атрымлівае яшчэ адзін пэўна праблемны актыў», — мяркуе Вольга Лойка.

Каму раней належалі акцыі «Амкадору»

Усяго ААТ «Амкадор» выпусьціла 1 048 489 простых (звычайных) акцыяў. Акцыі належалі бізнэсоўцу Аляксандру Шакуціну, яго кампаніям і партнэрам, а таксама дзяржаве і афіліяваным структурам. Урад сваёй пастановай ад 4 кастрычніка 2022 году атрымаў 18 такіх акцыяў.

Шакуцін кантраляваў прыблізна 76% акцыяў як асабіста, так і празь іншыя свае кампаніі («Спамаш» і «Наванэп»). Яго замежным партнэрам — кампаніі «Сінтэз-Інвест Груп», зьвязанай з сям’ёй нэпальскага бізнэсоўца Шрэстха — належала 11% акцыяў і яшчэ прыблізна 7% акцыяў было ва ўласнасьці дзяржавы.

У 2025 годзе, маючы фінансавыя праблемы, холдынг фактычна перайшоў пад дзяржаўнае кіраваньне празь вялікія запазычанасьці і нявыплаты крэдытаў. Пра гэта ў жніўні 2025 году заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«Паколькі ранейшыя ўласьнікі холдынгу шчыра прызналі, што больш ня могуць забясьпечваць вяртаньне запазычаных сродкаў (то бок прызналі, што пазыкі ўзялі, вярнуць ня могуць), мы былі вымушаныя прыняць кіроўную кампанію ва ўласнасьць дзяржавы. Мы ж ня можам калектыў кінуць, гэта тысячы людзей. Галоўнае, што гэтая прадукцыя нам патрэбная», — заявіў тады Лукашэнка.

Паводле яго, фінансавыя праблемы прадпрыемства сталі вынікам вялікага абнаўленьня «лінейкі прадукцыі».

У 2020 годзе Аляксандр Шакуцін трапіў пад санкцыі ЭЗ як «гаманец» Лукашэнкі.



Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG